Пастырское послание архиепископа Тадеуша Кондрусевича на Рождество 2018 года

«Спакуса» цi радасць Божага ўцелаўлення

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты i сёстры, людзi добрай волi!

ФОТО CATHOLIC.BY

1. Сардэчна вiтаю вас у радаснае i збаўчае свята Божага Нараджэння, калi мы адзначаем прыйсце Бога ў чалавечым целе ў наш грэшны свет з мэтай яго збавiць. Гэтая падзея, якая мела месца дваццаць стагоддзяў таму, стала паваротным пунктам у гiсторыi чалавецтва. Яна адкрыла яму новы далягляд i дала новую надзею, нават насуперак надзеi (пар. Рым 4, 18).

Евангелле прадстаўляе праўду ўцелаўлення Бога, якая нас зачароўвае. Перад аблiччам Божага Немаўляцi яна нас абяззбройвае i схiляе да разважання над бязмежнасцю Божай любовi да грэшнага чалавека. Бог не пакiнуў чалавека аднаго з яго бядой, але паспяшаўся яму на дапамогу. На гэтую ласку бязмежнай любовi Бога да чалавека мы таксама паклiканы адказаць узаемнай любоўю да Бога.

Змяняюцца часы i звычаi, але праўда Божага Нараджэння застаецца нязменнай. Яна заклiкае нас да таго, каб Бог праз сваю ласку нараджаўся ў нашых сэрцах i праз нас — у свеце, якi ўсё больш адыходзiць ад Бога i мае патрэбу ў новым подыху Духа.

2. Мы ведаем, што iснуюць вялiкiя i нават iстотныя адрозненнi памiж рэлiгiямi i веравызнаннямi, хоць цяпер нярэдка можна пачуць iдэi сiнкрэтызму, якi сцвярджае, што ўсе рэлiгii роўныя. Дастаткова толькi верыць, каб быць збаўленым, i не важна, у якога бога.

Такое меркаванне фальшывае. Калi ўсе рэлiгii вызнаюць веру ў iснаванне Бога, то хрысцiянства адкрывае значна больш: а менавiта, што Бог стаў чалавекам для нашага збаўлення. Таму хрысцiянства — гэта вера не толькi ў Бога, але ў Бога–Чалавека Езуса Хрыста, нашага Збаўцу, Нараджэнне якога мы сёння адзначаем.

Вера ў боскасць i чалавечасць Езуса Хрыста з’яўляецца падмуркам нашага аптымiзму.

Мы верым у Бога i ў той жа час верым, што Сын Божы прыняў чалавечае цела, а гэта азначае, што разам з Iм Божая ласка прыходзiць у наш бачны свет, у нашую працу, у нашае асяроддзе i нашае жыццё. Гэтым самым хрысцiянскае Аб’яўленне «абагаўляе» зямлю.

3. Адзiн чалавек наведаў кляштар i ўбачыў, як манахi з радасцю супольна моляцца i жывуць. Тады ён сказаў: «Якiя яны шчаслiвыя: могуць забыцца пра ўсе зямныя праблемы, — але потым дадаў: — Аднак яны не могуць пагарджаць грэшным светам, бо i ў яго прыходзiць Бог».

Сапраўды, Бог уцелавiўся больш за дзве тысячы гадоў таму i прыйшоў у наш свет. Але Яго ўцелаўленне працягваецца праз дзейнасць Касцёла, праз нас, праз нашую малiтву i працу. Таму Божае Нараджэнне неабходна святкаваць увесь час.

Усё наша жыццё — гэта наш Бэтлеем, у якiм Бог з намi.

Папскi прапаведнiк айцец Раньеро Канталямэса, капуцын, прапануе наступнае тэалагiчнае тлумачэнне таямнiцы ўцелаўлення Бога i збаўлення. Пасля граху Адама чалавек апынуўся ў пастцы злога духа i павiнен быў з iм змагацца, каб вярнуць сабе свабоду, аднак не мог яго перамагчы, бо нельга пазбавiцца ад кагосьцi, будучы ў яго няволi. Бог, якi мог перамагчы злога духа, не меў патрэбы з iм змагацца, таму што не зграшыў. У вынiку ў свеце панаваў грэх, якi вёў чалавецтва да духоўнай катастрофы.

Чалавек павiнен быў змагацца, але не мог перамагчы; Бог мог перамагчы, але Яму гэта не было патрэбна. Такая сiтуацыя нагадвала замкнёнае кола. Толькi Хрыстус як сапраўдны Бог i сапраўдны Чалавек, кiруючыся бязмежнай любоўю Бога да грэшнага чалавека, змог разарваць гэтае кола i вывесцi чалавецтва з тупiка, у якiм яно апынулася. Ён перамог злога духа. Такiм чынам праз Хрыста збаўленне прыйшло ў свет.

4. Бог у чалавечым целе прыйшоў у гэты свет у Бэтлееме. Сёння, пасля дваццацi стагоддзяў, Ён таксама прыходзiць да нас. Да Яго паспяшалiся пастушкi, тры Мудрацы з Усходу, але не пайшлi прывiтаць нi кароль Iрад, нi фарысеi, анi магутныя гэтага свету.

А як жа мы самi? Цi гатовыя мы Яго прыняць?

Мы, людзi XXI стагоддзя, усё больш абмяжоўваючыся сваiмi iнтарэсамi, пошукам прыемнасцей, iмкненнем да ўлады i багацця, давяраючы дасягненням розуму, развiццю навукi i тэхналогii, — цi можам мы з пакораю прыняць праўду ўцелаўлення Бога? Цi можам дапусцiць, што сярод нас з’яўляецца сам Бог? Гэтыя i падобныя пытаннi ўзнiкаюць кожны дзень.

Сучасны свет, а асаблiва Еўропа, усё больш секулярызуецца, адмаўляецца ад Бога i хрысцiянскiх каштоўнасцей. Прымаюцца супярэчныя Божаму Закону i духу Евангелля законы. Не шануецца Богам створаны iнстытут сям’i. Самыя новыя дасягненнi генетыкi выкарыстоўваюцца для манiпуляцыi з найбольш каштоўным Божым дарам, якiм з’яўляецца дар жыцця. Вядзецца прапаганда згубнай гендарнай iдэалогii, якая адкiдае праўду аб тым, што Бог стварыў чалавека як мужчыну i жанчыну (пар. Быц 1, 27), i сцвярджае, што пол чалавека залежыць ад культурных абставiн, у якiх ён жыве, i таму можа змяняцца. Гэтым самым яна пераварочвае Богам створаны парадак дагары нагамi. Парушаюцца прынцыпы сацыяльнай справядлiвасцi. Тэрарызм i гiбрыдныя войны становяцца новай пагрозай. Вялiкай праблемай з’яўляецца мiграцыя. Сучасная культура i СМI замест таго, каб умацоўваць духоўныя каштоўнасцi, iх абвяргаюць.

Свет перажывае нябачаны раней крызiс веры. У iмя свецкасцi завуалявана абмяжоўваецца яе публiчнае праяўленне, i яна ўсё часцей зводзiцца да прыватнай сферы. Каб не абражаць, маўляў, пачуццi прадстаўнiкоў iншых рэлiгiй цi культур, робяцца спробы стварыць унiфiкаваную мадэль жыцця, выкаранiць вядомыя i паважаныя ўсiмi традыцыi, змянiць iх назвы, сiмвалы цi месцы. У вынiку разбураюцца асновы веры з мэтай абмежавання яе ў калектыўнай свядомасцi; усё зводзiцца да неакрэсленых успамiнаў пра традыцыю.

Цi ў такой сiтуацыi мы часам не падобныя да людзей, якiя ў сiнагозе ў Назарэце не хацелi слухаць Езуса? Яны казалi: «Ды хто Ён такi, што нас павучае? Мы ж Яго добра ведаем, Ён сын Марыi i Юзафа (пар. Мк 6, 1–6)». Цi мы не падобныя да слухачоў св. апостала Паўла ў афiнскiм Арэапагу, якiя кпiлi з яго, кажучы: «Паслухаем цябе iншым разам»? (пар. Дз 17, 32).

Крызiс веры вядзе да крызiсу надзеi, якi ўсё часцей адчуваецца ў сучасным свеце. Людзi губляюць надзею i перастаюць верыць у сваё вечнае прызначэнне.

Свет, якi жыве без Бога, не ведае або не хоча ведаць праўды пра тое, што Хрыстус Збаўца даў пачатак новаму стварэнню.

Навiзна Евангелля заключаецца ў тым, што калi чалавеку здаецца, што ён зрабiў усё магчымае i не змог дасягнуць жаданага вынiку, то Бог перамагае, бо для Яго няма рэчаў немагчымых. Неабходна толькi дазволiць Яму дзейнiчаць.

5. Сутнасць праблемы заключаецца ў «спакусе ўцелаўлення»; у шакiруючым факце таго, што Бог аб’яўляецца сярод людзей у чалавечым целе i ў звычайных абставiнах. Уцелаўленне Бога палохае сучасны свет, таму што Бог прыходзiць да кожнага з нас, прыходзiць з чалавечым сэрцам i тварам, каб быць блiзка да нас i нагадаць аб Божай праўдзе.

Сёння, калi Збаўца прыходзiць у наш беларускi Бэтлеем, услухаемся ў галасы анёльскiх хораў, якiя абвяшчаюць хвалу Богу на вышынях i супакой людзям добрай волi. Яны спяваюць i на нашай зямлi.

Паспяшаемся да Яго, як паспяшалiся пастушкi. Станем у цiшынi каля ясляў з Немаўляткам Езусам i ў Iм вачыма душы ўбачым Збаўцу, каб «спакуса ўцелаўлення» стала нашай радасцю i каб радасць гэтая была поўнай (пар. Ян 15, 11).

6. Праўда ўцелаўлення Бога заклiкае да таго, каб мы сваiм хрысцiянскiм жыццём неслi Хрыста ў наш свет, якi мае ў Iм патрэбу. Сапраўднае хрысцiянскае жыццё — гэта той шлях, па якiм чалавек паклiканы iсцi за Богам, а не спадзявацца толькi на дасягненнi навукi i тэхналогii або на гараскопы ў надзеi даведацца пра сваю будучыню. Хрысцiянiн павiнен даверыцца Хрысту, якi нарадзiўся ў Бэтлееме i нараджаецца сёння на нашай зямлi, каб прычынiцца да пабудовы свабоднага i маральнага грамадства.

Фундаментальным пытаннем сучаснасцi з’яўляецца пытанне, цi ў нас дастаткова волi да захавання хрысцiянскай спадчыны?

Цi ў нас ёсць жаданне захаваць нашу хрысцiянскую цывiлiзацыю ад знiшчэння? Цi ў нас ёсць мужнасць баранiць нашу веру?

Можна мець добра развiтую эканомiку, але калi мы не будзем жыць паводле духоўных каштоўнасцей, то станем слабымi i безабароннымi. Каб быць моцнымi, неабходна адрадзiць духоўную сiлу.

Не трэба забывацца пра тое, якi вялiкi i пазiтыўны ўплыў на гiсторыю чалавецтва i яго прагрэс аказала хрысцiянства; як шмат яно ўнесла ў развiццё навукi i культуры, цывiлiзацыi любовi i жыцця, гуманiзму, абароны мiру i сацыяльнай справядлiвасцi i г.д.

Калi мы сустракаемся з новымi выклiкамi, праявамi маральнага рэлятывiзму i змрочных перспектыў на будучыню, то пачынаем адчайвацца перад цяжарам штодзённага жыцця i не ведаем, як стаць дзеючымi асобамi гiсторыi. У той жа час сустрэча з Хрыстом унутрана перамяняе, бо з’яўляецца сапраўднай рэвалюцыяй сэрца, якая здольная павярнуць кола гiсторыi. Абуджанае праўдай Божага ўцелаўлення чалавецтва нараджае новых герояў i дапамагае ацэньваць падзеi свету ў святле Евангелля, адрознiваючы дабро ад зла i часовыя прыемнасцi ад вечнай радасцi.

7. Дарагiя браты i сёстры!

Прыйсце Божага Сына ў асобе чалавека ў наш свет стала пачаткам ажыццяўлення Божага плана збаўлення.

У безабаронным Немаўляцi праявiлася бязмежная Божая любоў, якая не цуралася i па–ранейшаму не цураецца схiлiцца над грэшным чалавекам, каб яго выратаваць ад вечнай смерцi i даць яму новую надзею.

Святкаванне таямнiцы Уцелаўлення Божага Сына дазваляе нам у чарговы раз наблiзiцца да праўды пра Бога, якi хоча быць блiзкiм да кожнага з нас, якi хоча напоўнiць святлом сваёй святой прысутнасцi нашае жыццё i нашыя справы, якiя праз грэх ахiнае цемра духоўнай смерцi.

Вiншую ўсiх вас з Нараджэннем Хрыстовым!

Вiншую католiкаў i тых хрысцiян, якiя сёння адзначаюць гэтае свята!

Вiншую братоў i сясцёр праваслаўных, якiя будуць святкаваць Хрыстова Нараджэнне праз два тыднi!

Вiншую ўсiх людзей добрай волi!

Ад усяго сэрца жадаю ўсiм вам поўнай супакою духоўнай пiлiгрымкi ў бэтлеемскую пячору i сустрэчы з Нованароджаным, якi выклiкае захапленне ад сузiрання Яго святога аблiчча.

Няхай дзякуючы таямнiцы ўцелаўлення Бога наша Айчына стане Бэтлеемам XXI стагоддзя, каб у ёй кожны дзень праз сваю ласку нараджаўся Езус! Няхай Ён адорыць нас сваiм супакоем! Няхай узбагацiць новай надзеяй, якая не толькi ў палiтычнай цi эканамiчнай свабодзе або ў рэформах, але перадусiм у Богу! Няхай благаславiць нас i вядзе шляхам Евангелля ў шчаслiвую будучыню!

Беларусь, не бойся прыняць Езуса, бо ў Iм наша надзея i шчаслiвая будучыня!

Поўных ласкi Пана i Яго супакою святаў Божага Нараджэння i шчаслiвага Новага Года! Усведамленне прысутнасцi Слова, Якое «сталася целам i пасялiлася мiж намi» (пар. Ян 1, 14), няхай суправаджае нас ва ўсiх нашых iнiцыятывах у гэты новы перыяд нашага жыцця!

Раздзяляючы з усiмi вамi радасць прыйсця Сына Божага ў свет, на знак еднасцi дзялюся традыцыйнай аплаткай. Як яна складаецца з многiх зярнятак, таксама i мы будзьма адзiныя ў Езусе Хрысце, каб нашая радасць была поўнай (пар. Ян 15, 11)!

Свае пажаданнi ўмацоўваю благаслаўленнем у iмя Айца, + i Сына, i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ,
Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi.

Мiнск, 2018 г.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter