Как жительница Вилейки получила госсубсидию на собственное дело и открыла массажный кабинет

Спакойна, гэта спа

Вольга дэманструе камяні для стоўн-масажу і спецыяльны бамбукавы рэлакс-венік.
Часам жыццё можа рабіць самыя нечаканыя павароты і рэзкія кульбіты. Вось і Вольга Кучарэнка нядаўна «перафармаціравала» сваю кар’еру: змяніла цалкам стабільную працу на Беларускай чыгунцы з поўным сацпакетам на дзелавы праект. У кастрычніку 2017 года яна адкрыла свой спа-кабінет у цэнтры Вілейкі. Карэспандэнт «Р» вырашыла бліжэй пазнаёміцца з яе малым бізнесам.

Спачатку вучылася для сябе

Вольга сустрэла мяне на цэнтральнай плошчы Вілейкі, дзе суседнічаюць велічны касцёл і маляўнічая царква. У спакойнай прыязнай атмасферы аднаго з самых прыгожых райцэнтраў краіны мы размаўляем пра тое, як у яе ідуць справы. Па сонечнай усмешцы суразмоўніцы можна адразу здагадацца, што яна ўсё жыццё працуе з людзьмі. І сапраўды, інтуіцыя не падманула мяне. Вольга апошнія некалькі дзясяткаў гадоў працавала правадніцай на паўднёвых кірунках БЧ. Самым папулярным яе маршрутам быў Мінск—Сочы. 

Яна нарадзілася ў Вілейцы і пастаянна жыве ў прыватным сектары горада, з дзяцінства актыўна займалася спортам, нават стала кандыдатам у майстры па акрабатыцы. А яшчэ далікатная Вольга — шматдзетная маці, яе дзецям 23, 19 і 9 гадоў. Старэйшыя дзяўчынкі ўжо дарослыя: раз’ехаліся па вялікіх гарадах. Цяпер Вольга выхоўвае з мужам сына-школьніка і займаецца любімай справай. Па яе знешнасці не сказала б, што Вольга — жанчына сярэдняга ўзросту. Напрасілася ў мяне нават жыццёвае пытанне: якія фізкультурныя фокусы вытварае бізнесвумэн для падтрымання сябе ў такой форме? Пытаюся і чую ў адказ:

— Проста па жыцці цікавілася здаровым спосабам жыцця, спортам. Фітнес, прабежкі, палегчаны бодзібілдынг пасля кожных родаў — гэта было так натуральна і лёгка. А цяпер вось шукаю веласіпед для сябе. А ўвогуле я люблю размаўляць з людзьмі, вывучаю псіхалогію, цікаўлюся эзатэрыкай. Па-іншаму ў маёй працы ніяк. Спажыўцам паслуг спа падабаецца прыходзіць не толькі за працэдурай падтрымкі здароўя, але і за размовамi пра жыццё.

Аб тым, што Вользе вельмі падабаецца яе новы занятак, сведчаць і станоўчыя водгукі кліентаў у сацсетках. Як яна выйшла на ідэю спа-бізнесу, тлумачыць адразу:

— Была, памятаю, у водпуску, і ў галаве круцілася думка: нешта трэба мяняць, вучыцца, развівацца... Запісалася на курсы масажу, падумала, што гэта будзе патрэбны навык для сябе і блізкіх, а потым мне так гэта спадабалася! Пачала падрабязнасці розных тэхнік вывучаць, захацела не толькі класічныя практыкі асвоіць, але і сучасныя. Справа адразу пайшла добра: праз пару месяцаў пасля пачатку працы выйшла з «мінуса».

Справа патрабуе тактыльнасці

Адразу пасля вучобы Вольга пайшла на практыку: стала працаваць у Вілейцы і ў Мінску ў наймальніка па дагаворы, але гэта аказалася знясільваючай справай. Па-першае, стамлялі пастаянныя пераезды паміж райцэнтрам і сталіцай, а па-другое, партнёру трэба было плаціць пэўную камісію за карыстанне салонам. У выніку — нізкая маржа і пастаянная стомленасць. Суразмоўніца вырашыла цалкам засяродзіцца на ўласнай справе: 

— Кінула сілы на арганізацыю асабістай студыі. Салон масажу ў Вілейцы да гэтага часу адзіны і непаўторны. Ёсць, вядома, тыя, хто працуе дома самастойна, але, шчыра прызнаюся, яны мне не канкурэнты. Думаю, самае галоўнае пацвярджэнне правільнасці майго выбару — удзячныя водгукі наведвальнікаў.

У кабінеце Вольгі шмат усяго цікавага, таму што масаж — гэта вялікі займальны свет. Жанчына атрымала сертыфікаты па розных тэхніках масажу, дэпіляцыі шугарынгам (цукровай пастай), навучылася рабіць араматычныя свечкі. Асартымент паслуг рэлакс-студыі пастаянна пашыраецца: стоўн-рэлакс з бамбукавымі венікамі, японскі масаж твару, шакаладныя абгортванні, антыцэлюлітны масаж і іншае. Масажыстка хацела б яшчэ і тайскі вывучыць, але гэта пакуль у перспектыве. Навучанне тэхнікам ажыццяўляецца за свае сродкі. Вольга працягвае:

— Атрымаўшы новую прафесію, я пайшла ў райвыканкам, дзе мне паведамілі, што трэба стаць на ўлік па беспрацоўі, абараніць свой бізнес-план. Такім чынам, я свядома наблізілася да мары, адмовіўшыся ад «плюшак» працы па найме.

Субсідыя ў памеры 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму пайшла на важныя атрыбуты студыі: кушэтку, абагравальнік-кандыцыянер, мэблю, сценку-шырму, а таксама на касметыку, аднаразовую бялізну, умывальнік. У месяц прадпрымальніца плаціць каля 350 рублёў за арэнду памяшкання, камунальныя паслугі, адзіны падатак і ФСАН, абслугоўванне банка, касавага апарата, а таксама за рэкламную падтрымку.

Здароўе — у трэндзе 

Бізнес Вольгі не лічыцца сезонным. Людзі хочуць добра выглядаць заўсёды. 90 адсоткаў усіх наведвальнікаў рэлакс-зоны — жанчыны. Вольга старанна прадумвае сістэмы прыцягнення кліентаў, павышае сваю кваліфікацыю ў гарадах Расіі і Мінску. Кажа, што ў апошні час вельмі зручная сістэма сертыфікатаў у падарунак: іх можна купіць на 20—30—50 рублёў, а пры выкарыстанні ёсць магчымасць даплаціць сваімі сродкамі і атрымаць паўнавартасны комплекс спа-паслуг. Гаспадыня студыі на сваім прыкладзе паказвае, як трэба падтрымліваць сябе ў выдатнай форме, а напрыканцы адзначае, што прыхільнасць сучасных людзей да ЗСЖ-руху — з’ява абавязковая. Беларускія жанчыны выдатна выглядаюць, але мяжы дасканаласці, як вядома, няма. Таму Вольга раіць:

— Рэкамендую ўсім займацца спортам, любіць сябе і блізкіх. Фізічныя нагрузкі даюць бадзёрасць, падымаюць настрой і, вядома, змяняюць цела. Падчас спа-працэдур мы часцей расслабляемся, а калі рэлаксуем, мы амалоджваемся, таму трэба не забываць пра масажы для прыгажосці і здароўя!

КАМПЕТЭНТНА

Таццяна ЦІТУЛЕНКА, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вілейскага райвыканкама, начальнік аддзела занятасці: 


— За 2018 год 19 беспрацоўным была выдадзена дзяржсубсідыя для адкрыцця ўласнай справы на агульную суму 63 750 рублёў. Чатыры чалавекі сталі рамеснікамі. Беспрацоўныя адкрылі сваю справу ў наступных сферах: гандаль, турыстычныя паслугі, сфера паслуг па рамонце памяшканняў, цырульні і салоны прыгажосці, птушкагадоўля, чыстка аўтамабіляў, будаўнічыя работы.

shimuk@sb.by 

Фота аўтара


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter