Крутабокія ўзвышшы Лагойшчыны, якую называюць «беларускай Швейцарыяй», яшчэ зіхацяць белізной снягоў. Вясна звычайна прыходзіць сюды пазней, чым на раўнінныя прасторы Міншчыны. Сярод непаўторных па прыгажосці пейзажаў, дзе пачынаюцца рэкі Ілія і Гайна, ля невялікай вёскі Міхалкавічы, чатыры гады таму паўстаў дзясятак адмысловых будынкаў авечкагадоўчага прадпрыемства. Пабудавана яно на сродкі іранскіх інвестараў і атрымала статус племяннога. Трэці год кіруе ім Зоя ЛЕСІНА. У Лагойскі раён Зоя Яўгенаўна прыехала амаль сорак гадоў таму пасля заканчэння факультэта аграхіміі Беларускай дзяржсельгасакадэміі. Працавала галоўным спецыялістам райсельгасхіміі, узначальвала ў гаспадарках агранамічную службу, была тэхнолагам свінакомплексу, кіравала саўгасам, а потым і раённым упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання. У 2009 годзе адзначана медалём «За працоўныя дасягненні».
У асабістым жыцці чалавека бываюць моманты, якія ніколі не забываюцца. Мінаюць гады, дзесяцігоддзі, а яны, як жывая памяць, застаюцца нязменнымі і непарушнымі. Зоі Лесінай, з якою я сустрэўся ў яе ўтульным доме ў лагойскім аграгарадку Косіна, запалі ў сэрца будні ў працоўным лагеры, які дзейнічаў у яе роднай Ракавіцкай сярэдняй школе Шчучынскага раёна.
Ганарыцца Зоя Яўгенаўна, што ў той час менавіта ў іх школе, у якой было паўтысячы вучняў, арганізавалі першы на Гродзеншчыне вучэбна-вытворчы камбінат, дзе навучэнцы набывалі прафесіі механізатараў і жывёлаводаў. Кіраваў педкалектывам Георгій Касцевіч. За паспяховую дзейнасць вучэбна-вытворчага камбіната ў 1976 годзе школа ўганаравана прэміяй Ленінскага камсамола. Суразмоўца шчыра прызналася, што гэтая падзея паўплывала на выбар прафесіі многіх выпускнікоў:
– I я павезла ў Горкі дакументы для паступлення на адкрыты ў той год аграхімічны факультэт. Уступныя экзамены па хіміі, фізіцы і матэматыцы здала на выдатна. У маім школьным атэстаце пераважалі выдатныя ацэнкі і сярод іх адна тройка — па роднай мове. Настаўніца паставіла яе толькі з-за таго, што я не так выводзіла прапісныя літары «з» і «ф». На ўступных экзаменах у акадэміі прынцыпова вырашыла сачыненне пісаць на роднай мове. Адзіная на патоку атрымала пяцёрку. Пасля ўступных экзаменаў мяне адразу залічылі ў студэнты. З вялікай радасцю вярталася дамоў.
Восенню пачаліся студэнцкія будні. Кожная лекцыя адкрывала новыя таямніцы навукі. Асабліва любіла практычныя заняткі па глебазнаўстве. Старанна рыхтавалася да іх. На пераддыпломную практыку нас адправілі на Віцебшчыну. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў складалі глебавыя карты. Мясціны там непадобныя на маю родную Гродзеншчыну.
— Атрымалі дыплом агранома-аграхіміка і бывай, акадэмія…
— Імгненна праляцелі пяць студэнцкіх гадоў. Як выдатніца я другой была на размеркаванні. Выбрала Лагойскі раён. Планавала адпрацаваць належны тэрмін і вярнуцца дамоў на Гродзеншчыну. Там мяне чакалі бацькі і брат Славамір. Маці Ніна Іванаўна працавала паляводам у калгасе. Бацька Яўген Іванавіч Масціцкі — токарам на Шчучынскім трактарарамонтным заводзе. Залатыя рукі былі ў яго. За высокі прафесіяналізм меў асабістае кляймо. Зарабляў па 120 рублёў у месяц. У савецкія часы гэта быў адмысловы заробак. Мелі і сваю гаспадарку. Жылі заможна. Трымалі трох кароў, свіней, хатніх птушак. Засявалі агарод і ў полі соткі саджалі. У нашай вёсцы Мордасы на кожным падворку было шмат жыўнасці. Аднавяскоўцы мае ўсе праваслаўныя. А ў наваколлі жывуць католікі. Усе разам працуюць на палях і фермах гаспадаркі.
— Зоя Яўгенаўна, а чаму не вярнуліся ў родныя мясціны?
— Захапіла Лагойшчына. Тут замуж выйшла. Падмывала жаданне пераехаць на Гродзеншчыну. Пасля вяселля закончыўся тэрмін адпрацоўкі. Тады я працавала галоўным аграномам у лагойскім калгасе імя Энгельса. Старшыня Сяргей Лушчынскі ўгаворваў не звальняцца. Прага да родных мясцін перамагла. З мужам Канстанцінам Лесіным паехалі да маіх бацькоў. Але ўладкавацца па агранамічнай спецыяльнасці ў Шчучынскім раёне не атрымалася. Усюды здзіўляліся, як гэта з пасады галоўнага агранома звольнілася. На Гродзеншчыне агранамічных кадраў хапала.
Вярнуліся да бацькоў мужа ў лагойскае мястэчка Плешчаніцы. Узначаліла агранамічную службу аўгустоўскай гаспадаркі. Нарадзіліся сын і дачка. Усё добра складвалася. Чарнобыльская трагедыя закранула нашу сям’ю. Мужа прызвалі на ліквідацыю наступстваў аварыі на атамнай станцыі. Некалькі месяцаў вапнаваў высоказабруджаныя радыяцыяй землі ў Краснапольскім раёне. Бясследна гэта не прайшло. У сорак гадоў аўдавела.
Перад Новым годам завітаў да нас малодшы брат мужа Анатоль, павіншаваў з надыходзячым святам. У яго сямейнае жыццё не склалася: развёўся з жонкаю. Перайшоў жыць да нас. Свякроў Веру Сямёнаўну да сябе забралі. У яе было пяць нявестак. Ніколі ні пра адну дрэннага слова не сказала.
З Анатолем разам дзецям дапамаглі стаць на ногі. Сын Раман — юрыст, дачка Вольга — банкір. Анатоля дзеці і ўнукі прыязджаюць. На дзень нараджэння дзеда дванаццацігадовы ўнучок Мікіта прывёз падарунак — карціну, якую намаляваў сам.
— У народзе кажуць, што варта жыць як набяжыць. Пасля атрымання ў сельгасакадэміі дыплома з адзнакай маглі б заняцца навукай.
— Дэкан аграхімічнага факультэта прапаноўваў паступаць у аспірантуру і рыхтаваць кандыдацкую дысертацыю. Мяне, вясковую дзяўчыну, вабіла праца на зямлі. Была аграномам, а потым галоўным аграномам калгаса «Акцябрскі». Кіравала саўгасам «Косіна». За кароткі тэрмін мы рэзка павысілі прадукцыйнасць дойных кароў. Ад кожнай атрымлівалі за год звыш 6 тысяч кілаграмаў малака. На абласных нарадах нашых жывёлаводаў ставілі ў прыклад іншым.
З рук Прэзідэнта атрымала медаль «За працоўныя поспехі». Сярод шматлікіх грамат і падзяк у сямейным архіве захоўваю і ўзнагароду ад рэдакцыі «Белорусской нивы», якая вярнула былую назву «Сельская газета». Атрымала яе за паспяховую падпісную кампанію 2010 года, калі ўзначальвала ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання.
Працавала і галоўным тэхнолагам свінакомплексу «Беланы» Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў, якім кіраваў Віктар Аскерка. Чалавек грунтоўны, дальнавідны. Пасля таго як пайшла на пенсію, запрасілі ў мэблевы вытворчы кааператыў. Адразу ўзялася за навядзенне парадку, разбіла кветнікі. Але гэты занятак душу не грэў. Мая стыхія — сельская гаспадарка.
— Амаль сорак гадоў аддалі ёй. Цяпер на заслужаным адпачынку. Самы час унукамі цешыцца!
— Пакуль дзеці імі не ашчаслівілі. Сядзець дома без занятку сумна. Узялася кіраваць авечкагадоўчым прадпрыемствам. Авечкі — жывёла далікатная, яны не пераносяць прэміксаў і рэгулятараў росту. Гэта абсалютна чыстае мяса, практычна дыетычнае. Спрадвеку нашы продкі гадавалі гэту жывёлу.
Комплекс дорага абышоўся інвестарам. Належыць ён прыватнай іранскай фірме. Задумана прадпрыемства як племянное для забеспячэння гаспадарак Беларусі і рэалізацыі маладняку ў замежныя краіны.
За сродкі іранскіх інвестараў летам 2016 года закупілі ў французскіх селекцыянераў 525 ярак і з Венгрыі прывезлі 32 племянных барана рэдкай французскай пароды іль-дэ-франс. За кожнага заплацілі па тысячы еўра. Гэта даволі даўняя еўрапейская парода, выведзеная ў XVII стагоддзі. Іх у свеце крыху больш за паўмільёна. Нават у Аўстралію, якая славіцца сваёй авечкагадоўляй, не завезены.
— І як пайшлі справы на прадпрыемстве?
— У першую восень пачаліся масавыя акоты. За паўгода атара вырасла на 500 галоў маладняку беларускага паходжання. На 100 матак атрымалі па 140 ягнят, што больш, чым у сярэднім па рэспубліцы.
Прадпрыемства атрымала статус племяннога. Цяпер утрымліваецца амаль паўтары тысячы галоў. Абслугоўваюць іх пяць чабаноў: сямейная пара Валерый і Марына Зубко, Алена Рудак, Віктар Сівіцкі і Андрэй Вашкевіч. Пачаргова яны начуюць на ферме, сочаць за акотамі.
— А спецыялісты па авечкагадоўлі ёсць?
— Заатэхнічную службу ўзначальвае выпускніца Віцебскай дзяржветакадэміі Ганна Валюн. Яна дапамагае і ветурачу. Пастаянна стажыруемся на іншых фермах. Я двойчы прымала ўдзел у саміце па мясной жывёлагадоўлі, які штогадова праводзіцца ў Францыі. Там пазнаёмілася са старшынёй асацыяцыі авечак пароды іль-дэ-франс Жанам Пьерам Жусленам. Ён прыязджаў да нас. У спецадзенні і гумавых ботах хадзіў па памяшканнях і даваў парады. Раіў, каб кармілі не толькі збожжам, а і камбікормам і ў рацыён уключалі авёс для перыстальтыкі страўніка. Зярняткі аўса даюць паколванне, і гэта спрыяе больш эфектыўнаму пераварванню корму.
— Вы з аграхіміка пераквалі- фікаваліся ў жывёлавода.
— Па крайняй меры дылетантам сябе не адчуваю ў авечкагадоўлі. Паступова прадпрыемства развіваецца. Летась прадалі звыш 900 галоў, з якіх 130 племянных у Казахстан і Расію. Нядаўна два дзясяткі ярак адправілі ў Казахстан. Два бараны і ярачка самалётам паляцелі на Камчатку. Перыядычна прыязджаюць за племянным маладняком фермеры з Ленінградскай вобласці. І ў Беларусі павялічваецца попыт на гэтую жывёлу. Паўсотні ярак і баранчыкаў нядаўна закупіў маларыцкі фермер Мікалай Бурштын. І з іншых рэгіёнаў едуць за французскай пародай. Сабе пакідаем лепшых жывёл. Нестандартных гадуем на мяса. З усіх мясакамбінатаў рэспублікі на Аршанскім і Бярозаўскім наладжаны ўбой авечак. Абсталявалі свой невялікі ўбойны цэх, і мяса рэалізуем на Камароўскім рынку сталіцы.
Воўну пастаўляем на Смілавіцкую валюшную фабрыку для вытворчасці коўдраў, падушак і валёнак. Воўна нашых авечак паўтанкарунная і па якасці лепшая, чым ад авечак іншых парод. Аўчыну прадаём на Віцебскі мехавы камбінат. Але там нізкая закупачная цана. За першы сорт аб’ёмам 80 квадратных дацыметраў выплачваецца 3 рублі 80 капеек. Затраты перавышаюць выручку. Вострая праблема ў нас са спецыялістамі па свежаванні туш.
— Каб аўчынка была вартая вырабу?
— Усё павінна працаваць на прыбытак. Спадзяёмся, што так яно і будзе. Прадпрыемства толькі развіваецца. Мы яшчэ не правялі ніводнай вакцынацыі жывёл. Нованароджаным уводзім толькі селен і вітаміны. Бараніна экалагічна чыстая. Пагалоў’е круглы год утрымліваем у памяшканнях. Значную дапамогу нам аказвае абласное аб’яднанне. Шмат чытаю спецыяльнай літаратуры. Імкнуся спасцігаць сакрэты авечкагадоўлі. Пэўна, гэта вялікае шчасце — быць запатрабаванай.
— Дзякуй вялікі, Зоя Яўгенаўна, за цікавы экскурс у жыццё і прафесію. З надыходзячым вас жаночым святам!
subbat50@mail.ru
Фота аўтара
Лагойскі раён