Cтаць прадаўжальніцай славутай дынастыі Валянціне Гарцуевай было наканавана лёсам

Спадчынніца па прамой

Тое, што ў Валянціны Гарцуевай моцны акцёрскі ген, сумненняў не выклікае. Мяркуйце самі: яе прадзед і дзед — народны артыст СССР Глеб Глебаў і народны артыст Беларусі Валянцін Белахвосцік — былі знакамітымі акцёрамі-купалаўцамі. Маці — сённяшняя прыма гэтага ж тэатра Зоя Белахвосцік. Бацька — вядомы акцёр і рэжысёр Аляксандр Гарцуеў. Словам, стаць  прадаўжальніцай славутай дынастыі ёй было наканавана лёсам. І вось ужо восьмы год Валянціна Гарцуева служыць у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы.



— Валянціна, дзяцінства, праведзенае за кулісамі, — гэта відавочна пра вас?

— Безумоўна. Для мяне было абсалютна натуральнай, звычайнай будзённай справай правесці ў тэатры раніцу ці прасядзець вечар, пакуль бацькі на рэпетыцыі або іграюць спектакль. Выдатны быў час. Усе гэтыя гульні ў рэквізітарскім цэху, сяброўства з акцёрамі, якія цябе няньчылі. 

Нас, дзяцей акцёраў, у тэатры была цэлая каманда. І час дарэмна мы там не трацілі: забаўляліся, сваволілі, бывала, што і на сцэну маглі знянацку выскачыць. Праўда, у некаторых пастаноўках выходзілі на законных правах. Памятаю, у спектаклі «Страсці па Аў-дзею» Валерыя Раеўскага, дзе ёсць сцэны з дзяцьмі, нас задзейнічалі ўсіх. У кожнага быў свой эпізод. Мы вельмі старанна ігралі.

— Зараз адчуванні ад выхаду на сцэну, дзе ў свой час ігралі і мелі поспех прадзед і дзед, асаблівыя?

— Так, гэта асаблівая адказнасць. Як толькі прыйшла ў тэатр, вельмі  моцна яе адчувала. Калі шчыра, мне было нават страшна: ці змагу знайсці ў сабе штосьці, каб быць цікавай сама па сабе. Каб не было сорамна перад тымі, хто за мной. Зараз такога страху ўжо няма, але адказнасць з цягам часу не становіцца меншай, і кожным выхадам на сцэну даводзіцца даказваць сабе і іншым, што табе ёсць што сказаць самой. Гэта даволі складана, бо сабой я заўсёды незадаволена.


«Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулi Радзiвiл».


— Тым не менш што ні спектакль у бягучым рэпертуары — у вас галоўныя ролі. Барбара ў «Чорнай панне Нясвіжа», Франка ў «Хаме», Ганна ў «Людзях на балоце», Паліна ў пастаноўцы «Не мой», Ніна Зарэчная ў «Чайцы»… Злыя языкі, відаць, шыпяць за кулісамі наконт маладой спадчынніцы дынастыі? 

— Не ведаю. Мне злыя языкі нічога не гавораць. Мне здаецца, у нас такая добрая трупа, такія харошыя людзі. Напачатку я пабойвалася: як з імі размаўляць, як усталяваць кантакт, хвалявалася, што яны, можа, нешта думаюць пра мяне. Але і тады, і цяпер яны заўсёды гатовыя шчыра дапамагчы, падтрымаць, даць параду. І гэта датычыць не толькі мяне. Праўда. Я не бачыла, каб з прыходам у тэатр у каго з маладых акцёраў пасля акадэміі былі нейкія складаныя адносіны з трупай. Магчыма, прыглядваюцца да моладзі нейкі час, назіраюць, але без прадузятас-ці, добразычліва. Так было і са мной. У нас насамрэч вельмі добрая трупа.

— У прэм’ернай «Чайцы» вы на сцэне разам з маці — Зарэчная і Аркадзіна. Гэта ўскладняе ці аблягчае задачу актрысы? 

— Мы шмат дзе сустракаемся ў спектаклях з мамай, і мне заўсёды гэта вельмі прыемна. Наогул, пачуцці нейкія дзіўныя. У той жа «Чайцы»: для сябе я вырашыла, што Ніна Зарэчная падобная на Ірыну Аркадзіну, яна ж ідзе да таго, каб быць на яе падобнай. І вось стаіш на сцэне, глядзіш на Аркадзіну — а тут  нават знешняе падабенства заўважна. Увогуле, мы ўсе хваляваліся ў час падрыхтоўкі гэтага спектакля, рэпетыцыі былі напружаныя. І тыя моманты, калі на сцэне я і мама, мне вельмі дапамагалі сабрацца.

— Дома ў вас свой сямейны тэатр? 

— З нядаўняга часу я жыву ад бацькоў асобна. Але калі збіраемся разам, то сапраўды можна назваць гэта тэатрам, размовы пра прафесію працэнтаў на 80. Не ведаю, правільна гэта ці не, але так адбываецца і так атрымлі-ваецца заўсёды, тэатр займае шмат месца ў нашым жыцці і думках.


«Людзi на балоце».

— Да парад бацькоў прыслухоўваецеся?

— Канешне. Заўсёды цікаўлюся іх меркаваннямі наконт сваіх работ.  Мне вельмі важны іх пункт гледжання. Яны ж, па сутнасці, мае першыя настаўнікі. Вельмі многа тата са мной працаваў. Многа сурьёзных рэчаў пра тэатр, прафесію я ўпершыню пачула ад яго. Вельмі ганаруся сваімі бацькамі, даражу іх увагай і спадзяюся, што ім за мяне не сорамна. Хачу, каб яны былі шчаслівымі і каб тое, што я раблю, іх радавала.

— У вашай фільмаграфіі каля двух дзясяткаў карцін. Адносіны з кінематографам складваюцца няблага?

— Яны ўсё лепшыя i лепшыя. І мне гэта ўсё больш падабаецца. Я пачынаю разумець свет кіно і перастала ставіцца да яго як да сродку зарабіць грошы, так было напачатку. Можа, я не ўсё яшчэ ўмею, але мне цікавае гэта мастацтва, падабаюцца прапанаваныя ролі. Дарэчы, у адрозненне ад тэатра, дзе я іграю ў асноўным станоўчых гераінь, мае экранныя персанажы, як правіла, адмоўныя, неадна-значныя. І гэта таксама прываблівае — пошук нейкіх новых фарбаў, нот. Ад кіно я зараз проста ў захапленні.

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter