Каляды заўсёды суправаджае чароўная інтрыга

Спадчына продкаў

Каляды заўсёды былі чаканымі. Іх нельга зблытаць з іншымі святамі. Усе дзеянні ў асноўным адбываюцца ў цёмны час, што дабаўляе ім таямнічасці і загадкавасці. А якія маскарады заўсёды ладзіліся! Не зніклі былыя традыцыі і сёння, праўда, некаторыя з іх трансфармаваліся, з’явіліся сучасныя персанажы. Прыхільнікаў кананічных абрадаў гэта вельмі непакоіць, але застаецца галоўнае — жывая сутнасць традыцый. Жыццё таксама мяняецца. Не рабіць жа “гербарый” са звычаяў нашых продкаў, дастаючы іх час ад часу з пыльнай шафы ў выглядзе клубных інсцэніровак. Аднак і занадта скажаць нельга. Як кажуць, трэба шукаць залатую сярэдзіну.


Любяць і чакаюць Каляды і зараз. Дзянькі яшчэ занадта кароткія, ноч надыходзіць хутка, а душа прагне радасці і вяселля. Як і калісьці, моладзь збіваецца ў гурты, гадае, ладзіць “звязду”, дамаўляецца з гарманістам, выбірае казу і ідзе калядаваць. Зімовую цішыню абуджаюць шчадрэцкія галасы. Хіба можна пачуць у які іншы час адвечнае:

Го-го-го, каза,
Го-го, шэрая!
Ну-тка, козачка,
Расхадзіся-тка
Па ўсяму двару
Гаспадарскаму...

Ніякія забароны пад выглядам барацьбы з забабонамі, перажыткамі мінуўшчыны і рэлігіяй не спынялі стыхію Каляд, не збяднялі яе магічнасць. Таму што праз гэтае свята яскрава праяўлялася душа народа. Употай ад бацькоў, школьных настаўнікаў і камсамольска-партыйных ячэек калядоўшчыкі — падлеткі, моладзь і дарослыя таксама — захоўвалі і працягвалі традыцыі сваіх вёсак і маленькіх гарадоў. Хаця менавіта гэтак тады ніхто не думаў. Каляды былі своеасаблівым поклічам продкаў, голасам з глыбінь стагоддзяў, які не даваў памерці народнай душы, які абуджае яе і сёння.

Магчыма таму Каляды і цяпер — самы распаўсюджаны на Беларусі і добра захаваны старажытны абрад. Амаль паўсюль ён існуе ў жывой традыцыі, і яго можна разглядаць як сапраўдны помнік этнічнай гісторыі народа, як своеасаблівую спадчыну мінулага. Ужо больш за дзве тысячы гадоў Каляды сімвалізуюць і нараджэнне Сына Божага. Але глыбінныя карані старажытнасці даюць магчымасць успрымаць Каляды значна шырэй, чым дазваляюць гэта рэлігійныя інстытуты. Раней, да хрысціянізацыі, Калядою называлі язычніцкае бажаство, якое сімвалізавала сонца і святло. Дарэчы, слова “Каляда” паходзіць ад лацінскага colende — назвы першага дня кожнага месяца. Усе “календы” некалі абавязкова святкаваліся, але больш урачыста адзначаліся навагоднія. А пазней — толькі пачатак новага года. Гэтыя назвы ў розныя часы і былі засвоены славянамі-язычнікамі.

У Беларусі Калядамі, Калядкамі ці Калядою называюць цалкам усё свята, якое доўжыцца два зімовыя тыдні. Святыя вечары — час хаджэння са “звяздою”, паказвання батлеі, варажбы. Самая вясёлая і прыгожая частка Каляд — Шчадрэц з забавамі, гульбішчамі, шчадраваннем. Гэты своеасаблівы карнавал язычніцкіх сімвалаў наймацней за іншыя бакі свята адбіўся ў нашай памяці. І зусім невыпадкова. Удзельнікамі Шчадраца — калядоўшчыкамі — былі найчасцей дзеці і моладзь, якім самой прыродай наканаваны лёгкае пераўвасабленне, бесклапотная весялосць і бязмежныя фантазіі: пераапранацца ў мядзведзя, каня, жураўля, быць цыганамі, механошамі, дзядамі і бабулькамі, іграць на гармоніках, біць у бубны. А яшчэ вадзіць казу — як сімвал урадлівасці і мудрасці, вітаць гаспадароў. І спяваць:

Пайшла Каляда калядуючы,
А за ёю хлопчыкі, жабруючы,
Пайшла Каляда па ляду.
Рассыпала каляду.
Ой вы, дзевачкі, не гуляйце,
Ды ідзіце каляду пабірайце...

Сустракаць Каляды трэба весела, пажадана ўсёй сям’ёй і багатым сталом, пад абрусам якога — і сена, і грошы. Неабходна ўзяць лыжку куцці — ячнай кашы, паднесці да акна, кажучы: “Мароз, мароз, хадзі да нас куццю есці!”. А потым пачуць пад вакном галасы:

Добры вечар,
Шчодры вечар!
Дазвольце пакалядаваць,
Шчасця-долечкі пажадаць!

Самы нязменны сімвал вясёлых Каляд — няўрымслівая каза. Гэта яна тысячагоддзямі спрыяе дабрабыту і ўраджаю. Нездарма пра яе кажуць-прыгаворваюць:

Дзе каза паходзіць,
Там жыта зародзіць,
А дзе пагайсае,
Там павылягае.
Дзе яна бывае,
Там шчасце вітае...

Наскакаўшыся, набадаўшыся, каза можа ўпасці пасярод хаты і без пачастункаў і задобрывання гаспадарамі не здолее ўстаць. Яна можа дазволіць сабе розныя свавольствы. Дбайнаму гаспадару не будзе лішнім пасябраваць з гэтай чароўнаю жывёлай і шчодра пачаставаць тых, хто водзіць яе ад хаты да хаты, — даць каляды.

Калядоўшчыкі ідуць далей, стукаюць у вокны і дзверы, вітаюць гаспадароў, просяць ім паспяваць. І зноў памірае каза, цыган прадае каня, танчыць вучоны мядзведзь. А вось у вёсцы Рог Салігорскага раёна ролю казы выконвала не дзяўчына і не хлопец, а самаробная лялька-каза. Яе насілі на руках, як і драўляную галаву каня пад дугою. Але самае адметнае ў рогаўскіх шчадроўнікаў — маска дзеда-продка. Цяпер гэты калядны атрыбут узяты пад ахову дзяржавы.

Бадай, у кожным рэгіёне ёсць свае калядныя звычаі. Аб некаторых ведаюць далёка за межамі раёна, вобласці і нават краіны. Сярод такіх — “Конікі” ў Давыд-Гарадку на Століншчыне, “Цары” ў Семежаве на Капыльшчыне, “Шчодрэц” у Пагосце пад Туравам, “Лабэцкая Каляда” ў Лобчы на Лунінеччыне і іншыя. Аб некаторых мы раскажам вам у гэтым выпуску больш падрабязна.

Андрэй КАВАЛЕНКА

Фота Максіма ВЕЧАРА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter