Ученые сделали копии наших исторических памятников в 3D

Спадчына, перакладзеная ў лiчбу

Вучоныя Акадэміі навук стварылі трохмерныя мадэлі нашых гістарычных славутасцей. Над дакладнай візуалізацыяй гістарычных аб’ектаў у фармаце 3D працавала сур’ёзная каманда. Праект унікальны: у ім задзейнічаны вэб-графікі, фатографы, краязнаўцы, гісторыкі, супрацоўнікі архіваў і многія іншыя спецыялісты. Аб паспяховых выніках, планах на бліжэйшую і далёкую будучыню «Р» расказалі ў Нацыянальнай акадэміі навук.

3D-мадэлі можна ўбачыць на сайтах помнікаў архітэктуры, а таксама на афіцыйных інтэрнэт-старонках мясцовых выканкамаў.
Фота прадастаўлена НАН

3D-рэканструкцыі значных архітэктурных аб’ектаў распрацавалі супрацоўнікі Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН. Каб даведацца, як увасаблялася ідэя ў жыццё, іду ў аддзел сумесных праграм касмічных і інфармацыйных тэхналогій. Сяргей Караняка, загадчык аддзела, праводзіць невялікі экскурс у віртуальны свет:

— Мы алічбавалі ўжо 12 гістарычных аб’ектаў. Гэта палац Пуслоўскіх, сядзібна-паркавы ансамбль Нямцэвічаў, Ружанскі палац, стварылі 3D-мадэлі знакамітых замкаў — Лідскага, Мірскага, Крэўскага, Гальшанскага і іншых. Праца ідзе і зараз.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць мне, знаходзячыся ў Мінску, апынуцца ля брамы такіх велічных гістарычных аб’ектаў. Спрабую: некалькі клікаў камп’ютарнай мышкай, і на экране манітора з’яўляюцца маляўнічыя 3D-мадэлі, якія я магу разгледзець з усіх бакоў — нават зазірнуць унутр архітэктурнага ансамбля. Акрамя анлайн-экскурсіі, даступная гістарычная даведка. Інжынер-праграміст аддзела Людміла Зінавенкава для прыкладу загружае Навагрудскі замак. Яго велічныя руіны сёння не толькі асноўная славутасць раённага цэнтра, але адзін з галоўных гістарычных помнікаў краіны. Пра тое, як сапраўды выглядаў замак, да гэтага часу ходзіць шмат спрэчак. Але вучоныя Акадэміі навук уносяць яснасць:

— Сёння ёсць унікальная магчымасць не толькі бачыць, што засталося ад замка. Мы ў 3D аднавілі першапачатковую карцінку разбуранага комплексу. Было няпроста, бо адна з самых важных нашых задач — максімальная дакладнасць трохмернай мадэлі.


Для пошуку тэхнічнай дакументацыі, чарцяжоў, старадаўніх малюнкаў і схем, матэрыялаў археалагічных раскопак і іншай інфармацыі сабралася вялікая каманда. Гэта спецыялісты Міністэрства культуры, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. Удалося знайсці і прыватных асоб, якія валодалі дакументацыяй на тыя ці іншыя аб’екты культуры і былi гатовыя ёй падзяліцца. Інфармацыя аб архітэктурных помніках рэалістычная.

Сяргей Караняка:

— За плячыма ўжо практычны вопыт па стварэнні 3D-мадэляў гістарычных славутасцей, бо пачыналася ўсё яшчэ ў 2011 годзе. Нашы спецыялісты апрацоўваюць вялікія аб’ёмы касмічнай інфармацыі з выкарыстаннем сучасных метадаў і найноўшых камп’ютарных тэхналогій. Мы падумалі: чаму б не ўжыць навукова-тэхнічны зачын у прыкладным кірунку пазнання гістарычнай спадчыны нашай краіны?

Так супрацоўнікі Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН распрацавалі свой першы праект — «Віртуальная экскурсія па замкавым «залатым кольцы» Беларусі». Затым з поспехам прэзентавалі трохмерную мадэль Мемарыяльнага комплексу «Хатынь». 

— У краіне сур’ёзна ўзяліся за рэканструкцыю каштоўных гістарычных помнікаў, але рукі дайшлі не да ўсіх аб’ектаў. Таму важна паказаць не толькі тое, што ёсць, але ўспомніць, як было. Прадэманстраваць людзям аб’екты, якія разбурыліся або малавядомыя.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела Аляксей Бураўкін дадае:

— Камп’ютарная рэканструкцыя помнікаў можа прыняць і іншыя маштабы: напрыклад, можна стварыць віртуальныя экскурсіі па цэлых гарадах і рэгіёнах. Нешта падобнае ўжо мы пачалі — заняліся стварэннем трохмерных мадэляў славутасцей, якія знаходзяцца ў зоне папулярных турыстычных экасцяжын і ахоўных запаведнікаў.

Новы праект «Віртуальны тур па запаведных тэрыторыях Беларусі» рэалізаваны сумесна з НПЦ НАН па біярэсурсах пры фінансавай падтрымцы Акадэміі навук. Заходзім на сайт zapovednytur.by: бачым карту, дзе адлюстраваны межы ўсіх прыродаахоўных зон. Акрамя інфармацыі аб біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці мясцовасці, карыстальнікі сеткі могуць даведацца і пра турысцка-рэкрэацыйную інфраструктуру. Напаўненне сайта навукова абгрунтаванымі звесткамі аб прырода-ахоўных зонах краіны ажыццяўляюць спецыя-лісты НПЦ па біярэсурсах.

Некалькi секунд, і я трапляю ў маёнтак-палац сямейства Агінскіх — помнік архітэктуры эпохі класіцызму ў вёсцы Залессе Смаргонскага раёна.

— Здабыць і скрупулёзна вывучыць архіўную і сучасную інфармацыю аб аб’екце патрабавала немалых намаганняў, таму ад дапамогі не адмаўляемся. Прыемна, калі ў рэгіёнах ідуць насустрач, як, напрыклад, дырэкцыя сядзібы Агінскага, — дзеліцца Аляксей Бураўкін.

Вучоныя акадэміі не выключаюць магчымасці, што трохмерныя мадэлі славутасцей краіны зоймуць сваю нішу і ў іншых сферах. У эпоху лічбавізацыі краіны якраз актуальным будзе выкарыстанне сучасных камп’ютарных тэхналогій у адукацыі. Дакладныя 3D-мадэлі нашых славутасцей могуць патрапіць у патэнцыяльныя электронныя падручнікі школьнікаў і студэнтаў. Цяперашнія тэхналогіі дазваляюць трансліраваць такія анлайн-экскурсіі ў навучальных класах.

ypopko@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter