Спадчына душы

Роздум  пра  тое,  як  трэба  берагчы  наша святое  і  адвечнае

Роздум  пра  тое,  як  трэба  берагчы  наша святое  і  адвечнае

Сельскі Дом культуры XXI стагоддзя – якім ён павінен быць, каб пры паўсядзённым хатнім відэа, музычных цэнтрах і Інтэрнэце не састарэў як з’ява, а ў лепшых народных традыцыях па-ранейшаму гуртаваў вакол сябе і старых, і моладзь. Такое пытанне ставяць аўтары кнігі “Найноўшая спадчына новай зямлі”, якую выпусціла ў свет рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Культура і мастацтва”. Выданне прымеркавана да Года роднай зямлі. Расказвае дырэктар згаданай установы Людміла Крушынская:

— На працягу двух з паловай гадоў мы даследавалі ход рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла. Задача была такой: пабываць у кожным раёне рэспублікі, паглядзець, што там ёсць з нашай духоўнай спадчыны, як захоўваецца, развіваецца, якія існуюць праблемы. Ладзілася вельмі сур’ёзнае даследаванне гэтай сферы. Вынік такіх журналісцкіх паездак, а можна сказать і вандровак, — шырокая і жывая панарама культурнага жыцця Беларусі.

Пагартаем старонкі кнігі і пагутарым пра самае адметнае, самабытнае.

Чаму, скажам, людзі з сучаснага горада Белаазёрска ідуць у сціплую вёску Пескі? Дырэктар СДК Святлана Чайчыц лічыць, што прывабіць людзей можна найперш цёплымі чалавечымі стасункамі, бо іх не заменяць ніякія цуды тэхнікі. У Песках — гэта цудоўныя і непаўторныя “Лыжкарыкі” пад кіраўніцтвам Паўла Дземідовіча. 15 дзяцей iграюць на барабанах, бубнах, трашчотках, лыжках і іншых народных шумавых інструментах. Тут стараюцца задаволіць і сучасныя інтарэсы моладзі. А паводле мясцовых звычаяў работнікі СДК склалі сцэнарый “Пескаўскага вяселля”. Віншуюць не  толькі маладых, а і тых, хто адзначае залатое, сярэбранае вяселле. А які абрадавы каравай тут выпякаюць? З двайнятамі і трайнятамі, а зверху яшчэ ўпрыгожваюць хустачкай, прычым даручаюць гэта толькі дзяўчатам.

Беларускае Паазер’е славілася і славіцца багатымі народнымі традыцыямі. Таму заканамерна, што менавіта ў Брэсц-кай вобласці з’явіліся першыя на Беларусі раённыя цэнтры рамёстваў.  Шмат дзе адноўлены старажытныя тэхналогіі абварной, горназадымленай, па-ліванай керамікі, асвоена ткацтва. Прычым, адзначае начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Мікалай Пашынскі, старадаўнім  відам мастацтва вучыцца найперш моладзь. І гэта толькі адзін нюанс абласнога вопыту, назапашанага на падставе раённых ініцыятыў.

Сёння пэўныя зрухі ў культурнай галіне Полаччыны мясцовыя жыхары звязваюць з прыходам у 2003 годзе новага старшыні райвыканкама. Ужо на трэці дзень сваёй работы ён выдзеліў каля 30 мільёнаў рублёў матэрыяльнай падтрымкі галіны. Цяпер выдаткаванне ідзе на многія дзесяткі мільёнаў. Ёсць, на жаль, і праблемы,  якія трэба вырашаць у маштабах рэспублікі. Першая: наяўная заканадаўчая база адстае ад рэальных калізій. Другая: якіх спецыялістаў і для якіх раёнаў рыхтуе Бел-дзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў? Напрыклад, менеджэраў. У раённым ад-дзеле культуры і пасад такіх няма.

Раёны Гомельшчыны, па якіх цяжка прайшлася чарнобыльская бяда, не выжываюць, а жывуць паўнацэнна і цікава.  І “Галасы страчаных вёсак”, хвалюючы праект Веткаўскага музея народнай творчасці, працягваюць гучаць і здзіўляць унікальным этнаграфічным  мастацтвам. Той жа Брагін мае добры рост насельніцтва і маладзее. Музыкант Дзяніс Дашкевіч, лаўрэат міжнародных конкурсаў, прыехаў, па-глядзеў гэты раён і вырашыў тут застацца. У Брагіне штогод ладзіцца адмысловы фестываль “Спеўны радок”, які аб’ядноўвае юных кампазітараў, паэтаў, мастакоў. Французы з грамадскіх арганізацый “Спадчына без межаў” і “Сябры Манмартра” былі сапраўды ўражаны, патрапіўшы на гэтую імпрэзу. 

Калі гаварыць пра культуру Гродзеншчыны, то ёсць некалькі важных момантаў. Тут жывуць прадстаўнікі больш чым 80 нацыянальнасцей і адпаведна можно бачыць сапраўднае суквецце іх талентаў. Яно арганічна ўплятаецца ў беларускае духоўнае багацце, робіць Прынямонне адметным мастацкім краем, дзе реалізуецца любая творчая ініцыятыва.

Смаргоншчына дае прыклад, як ствараецца новая структура жыцця і вытворчасці, заснаваная на прынцыпах творчых стасункаў працаўніка-вяскоўца з векавой культурай роднай зямлі. Той  жа СВК “Жодзішкі”, з рэнтабельнасцю звыш як 20 працэнтаў, на ўласную сацыялку выкарыстоўвае многія дзесяткі мільёнаў рублёў. Ёсць матэрыяльнае – добра і духоўнаму. Аплачванне канцэртаў заезджых зорак у шыкоўнай  зале мясцовага ЦДК, транспартнае забеспячэнне ўсіх гастроляў вясковых самадзейных калектываў.

Вёска Гервяты стала ў Астравецкім раёне першым аграгарадком. Тут цесна перапляліся беларускія і літоўскія лёсы, прозвішчы, таксама як і таленты. Народная ўмеліца Мальвіна Мешкенене ўласнаручна выткала габелен з гімнам Беларусі і падарыла кіраўніку нашай дзяржавы падчас яго візіту ў Гервяты.

Сучаснасць сілкуе мінуўшчына, кажа Анатоль Сінкавец, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама. Як у запаветным куфэрку, Падняпроўе назапашвала стагоддзямі ўсё лепшае, чаго дамагаліся яго жыхары ў стваральнай і творчай працы. Летась тут уведзены ў эксплуатацыю галіновы абласны інтэграваны банк даных. Ён забяспечвае збор і аналіз звестак аб развіцці культуры Магілёўшчыны, выпускаюцца мультымедыйныя і інфармацыйныя выданні. Шматвяковая спадчына набыла сучаснае аблічча.

Славяцца багатымі самабытнымі набыткамі, у якіх талент і душа селяніна, шматлікія вёскі Міншчыны. У Семежаве Капыльскага раёна – адмысловыя льняныя сурвэткі. У Крупіцах Мінскага – знакамітыя музыкі, якія далёка разнеслі славу беларускай народнай песні. На Стаўбцоўшчыне – традыцыйная акцыя “Парад лідэраў культуры года”, калі вызначэнне адбываецца больш як у 30 намінацыях. У Алесіне Смалявіцкага – цікавейшы музей “Спадчына”, спалучаны з тэатрам.

Вось якi на дзіва багаты, шматкаляровы россып культурнай спадчыны і сённяшніх набыткаў Беларусі. Я назваў толькі маленькую частку. Скажам шчырае дзякуй аўтарам цікавага выдання за тое, што яны сабралі іх пад адзін “кніжны дах”. І таму можна смела гаварыць, што гэтая кніга – таксама скарб.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter