Па новых экспанатах музея можна прасачыць гісторыю ансамбля «Песняры» і нашага балета

Спадчына ад сучаснікаў

Такога ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры даўно не памятаюць. З розніцай у два-тры тыдні тут з’явілася адразу некалькі каштоўных калекцый. Дачка актрысы Зінаіды Тычыны, якая ў 40-х гадах працавала ў Белдзяржфілармоніі, падарыла ўстанове арыгінальныя дакументы тых часоў. Неўзабаве ў музей трапілі рэчы «Песняроў» і Валянціна Елізар’ева — пра іх асобная размова.

Шлях «Песняроў»
Фота Артура ПРУПАСА

Яшчэ ў пачатку года ў Нацыянальным гістарычным музеі паказвалі выстаўку «Уладзімір Мулявін. Спадчына вялікага маэстра». Тады спонсару НГМ удалося набыць 17 эскізаў, зробленых да рок-оперы «Песня пра долю». Сорак гадоў таму касцюмы прыдумалі і вырабілі Валянціна Бартлава і Галіна Крываблоцкая. Доўгі час гэтыя каштоўныя паперы, на кожнай з якіх стаіць аўтограф самога Мулявіна, яны захоўвалі ў сябе. Зімой жа яны сталі ўласнасцю музея.

Але гэтыя эскізы — сведчанне толькі маленькай часткі гардэробу «Песняроў». За доўгія гады былі сшыты сотні касцюмаў для ўдзельнікаў ансамбля. Над імі працавалі розныя мастакі і дызайнеры. Таму кіраўніцтва Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, даведаўшыся пра існаванне малюнкаў Юрыя Піскуна і іншых спецыялістаў, загарэлася ідэяй набыць і іх. І сёння галоўная захавальніца музея Таццяна Бушава з гонарам паказвае яшчэ 90 эскізаў касцюмаў «Песняроў»:

— Камусьці можа падацца, што з гэтых паперак? На самай справе гэта сапраўдны скарб, па якому можна вывучаць гісторыю ансамбля. Касцюмаў «Песні пра долю» ўжо даўно няма, але дзякуючы эскізам мастакоў мы можам уявіць сабе, якімі яны былі. Цікава, што сярод рарытэтных папер ёсць і эскізы ўбораў, у якіх яшчэ сёння маладыя нашчадкі Мулявіна выходзяць на сцэну. Ніхто не ведае, дзе касцюмы апынуцца праз некалькі гадоў, а ў нас будзе дакументальнае пацвержанне іх існавання.

Але галоўнай каштоўнасцю калекцыі ўсё ж трэба лічыць менавіта ўборы ўдзельнікаў ансамбля. На днях разам з эскізамі туды паступіла адразу дзевяць адзінак. Рубахі, вышываныя паясы — выдатны дадатак да тых экспанатаў «Песняроў», што раней трапілі ў музей. Не выключана, што з часам ім будзе аддадзены асобны пакой.

Афішы з гісторыяй

Дырэктар Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар не сумняваецца, што мемарыяльны пакой заслугоўвае і народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў. Днямі ў будынку на Музычным завулку з нагоды 70-годдзя вядомага харэографа адкрылася выстаўка, экспанаты якой назаўсёды застануцца ў гэтых сценах:

— Гэта знакавая падзея. Такія бясцэнныя падарункі мы атрымліваем не кожны дзень. Справа ў тым, што, калі мы гаворым «беларускі балет», то маем на ўвазе прозвішча Елізар’ева. І наадварот. Словам, праз тыя экспанаты, што падарыў Валянцін Мікалаевіч, мы можам гаварыць не толькі пра спектаклі, якія ён ставіў у Мінску і за мяжой, але і пра гісторыю нашага балета. Больш за тое, менавіта гэты чалавек паказаў, што спектаклі ў пастаноўцы беларускага харэографа вартыя ўвагі і заслугоўваюць высокай адзнакі. Ён — наш гонар.

Валянцін Мікалаевіч падарыў Нацыянальнаму гістарычнаму музею, а дакладней яго філіялу, шмат сваіх фотаздымкаў і каля трыццаці афіш:

— Гэтыя экспанаты мне вельмі дарагія, у кожнай з афіш частка маёй душы. І кожная з іх — гэта адлюстраванне маёй працы на працягу сарака гадоў.

Харэограф добра памятае даты сваіх пастановак і гастроляў нашага Вялікага тэатра. Вось «Эсмеральда» ў Кітаі, вось прэм’ера «Страсцей», канцэрты ў Аўстрыі, Вялікабрытаніі і гэтак далей.

Уласных рэчаў Елізар’ева ў новай калекцыі няма. Пакуль. Валянцін Мікалаевіч запэўнівае, што гэта толькі першыя яго падарункі, неўзабаве будуць і іншыя. Годных экспанатаў у яго шмат. Зінаіда Кучар паклала вока на яго калекцыю сцэнаграфій балетаў, эскізы касцюмаў і дэкарацый. Харэограф пагадзіўся, што лепшае месца ім у музеі.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter