Как в Минской области идет вакцинация медиков от коронавируса

«Спадарожнік»: палёт рэгiянальны

2485 доз расiйскай вакцыны «Спадарожнiк V» на мiнулым тыднi паступiла ў цэнтральны рэгiён. У сталiцы i Мiнскай вобласцi будуць прышчэплены 4770 медыкаў, а па ўсёй краiне — 20 000 работнiкаў устаноў аховы здароўя, бо менавiта яны штодня кантактуюць з хворымi i знаходзяцца ў зоне рызыкi. Мы прыехалi ў 4-ю палiклiнiку Барысава, каб пагутарыць з добраахвотнiкамi, якiя прыйшлi на першы этап вакцынацыi. Праз тры тыднi iх чакае рэвакцынацыя другiм кампанентам процiковiднага прэпарата.

На вулiцы Гагарына запусцiлi «Спадарожнiк»

Таццяна Сiлаева, намеснiк галоўнага ўрача Барысаўскай ЦРБ, расказала пра асаблiвасцi расiйскай вакцыны:

— Гэта двухкампанентная вектарная вакцына. Першы кампанент уводзяць адразу ў дазiроўцы 0,5 мiлiлiтра, а другi — на 21-ы дзень. Перад выкарыстаннем шматдозавы флакон вакцыны трэба размарозiць i пачакаць паўгадзiны. Пасля адкрыцця ампулу захоўваць можна толькi дзве гадзiны, паўторна замарожваць яе нельга. Падчас чакання нашу групу з пяцi калег будзе аглядаць урач. Толькi пасля ацэнкi стану здароўя можна атрымаць допуск у працэдурны кабiнет. Пасля прышчэпкi на працягу паўгадзiны пацыенты будуць знаходзiцца пад пiльным наглядам спецыялiстаў. Абавязкова медыцынскае назiранне прышчэпленага па месцы жыхарства ў 1—3-i днi i паўторна на 5—6-я суткi пасля вакцынацыi. На працягу трох дзён пасля прышчэпкi рэкамендуецца не мачыць месца iн’екцыi, не наведваць сауну i лазню, не прымаць алкаголь, пазбягаць празмерных фiзiчных нагрузак.

Таццяна Сілаева прадэманстравала асаблівыя ўмовы захоўвання «Спадарожніка V».
 
Па словах Таццяны Сiлаевай, Барысаўскаму раёну выдзелена 500 доз, разлiчаных на 250 чалавек. Вакцына прызначана для людзей ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў трох груп рызыкi. Гэта работнiкi арганiзацый аховы здароўя, адукацыi, устаноў з кругласутачным знаходжаннем грамадзян. Iншыя будуць прышчэплены пазней. Зараз складаюць спiсы ўсiх жадаючых.

Цiкавiмся, цi можна зрабiць прышчэпку тым, хто ўжо перанёс COVID-19. Зiнаiда Лямкiна, загадчыца педыятрычнага аддзялення № 1 УАЗ «Барысаўская ЦРБ», урач-iмунолаг раённага кабiнета па iмунапрафiлактыцы, патлумачыла:

— Прышчапляюцца асобы, якiя раней не хварэлi на вiрусную iнфекцыю, а таксама хто хварэў больш за паўгода таму, гэта значыць, перанесеная iнфекцыя не з’яўляецца супрацьпаказаннем. У iнструкцыi напiсана, што працягласць iмунiтэту пасля вакцынацыi «Спадарожнiкам V» пакуль не вывучана. Штодня можам вакцынаваць групу людзей, па колькасцi кратную пяцi: 5—10—15—20 чалавек i гэтак далей. Строга адсочваецца захаванне халадовага ланцуга. Мы кантралюем двойчы ў суткi тэмпературны рэжым у нашым халадзiльным абсталяваннi. Вакцына захоўваецца пры мiнус 18—20 градусах.

Людміла Чалей, медсястра педыятрычнага аддзялення №1, адна з першых пайшла на вакцынацыю, бо працуе з дзецьмі і бацькамі.
У палiклiнiцы № 4 знаходзiцца раённы склад медпрэпаратаў, якiя патрабуюць нiзкiх тэмператур захоўвання. Разам з Зiнаiдай Iванаўнай пераконваемся, што прыбыўшыя вакцыны знаходзяцца ў адпаведных умовах. А пад працэдурным кабiнетам ужо збiраюцца жадаючыя пазбегнуць каронавiруснай напасцi: работнiкi барысаўскай палiклiнiкi № 4 Сяргей i Марына Санец, Iван Кiждубенка, участковая медсястра Людмiла Чалей i медсястра-масажыст Iрына Асадчая. Пасля агляду доктарам у добраахвотнiкаў яшчэ ёсць некалькi хвiлiн, i мы пытаемся, цi не страшна атрымлiваць адным з першых iн’екцыi новай вакцыны.

— А чаго баяцца? Я хварэла летам i ляжала ў бальнiцы з двухбаковай пнеўманiяй, больш гэтага не хачу, — усмiхаецца медрэгiстратар Марына Санец.

Чакае хутчэйшага размарожвання вакцыны i медсястра Iрына Асадчая:

— Пайду першай прышчапляцца, бо працую з самымi маленькiмi пацыентамi нашай дзiцячай палiклiнiкi. Кантактую i з малымi, i з iх бацькамi, так што выступаю адназначна за вакцынацыю, тым больш што цяпер iдзе другая, больш небяспечная хваля вiруснай пандэмii.

Людмiла Чалей заўсёды прышчаплялася ад грыпу i лёгка пераносiла вакцынацыю, таму спакойна чакае сваёй чаргi да працэдурнай медсястры:

— Думаю, нездарма прышчэпку ад COVID-19 стваралi i даследавалi амаль цэлы год. Калi будзе больш прышчэпленых людзей, i захворванне паменшыцца. У мяне няма прадузятасцi i хваляванняў наконт новай вакцыны.

Самаадчуванне пасля ўколаў ва ўсiх медработнiкаў, якiя сталi на паўтары гадзiны пацыентамi, здавальняючае. Працэдура завершана, людзi разышлiся па сваiх пастах.

Эпiдсiтуацыя стабiлiзуецца

Аляксандр Дрозд, галоўны ўрач ЦРБ Барысава, расказаў пра важнасць вакцынавання супраць каронавiруса:

— Масавая вакцынацыя ў да
дзены момант — найважнейшы складнiк iмунiзацыi насельнiцтва. Праводзiцца першы этап вакцынацыi медработнiкаў нашага раёна, а iх звыш трох тысяч чалавек. Ад стану здароўя спецыялiстаў нашай галiны залежыць функцыянаванне ўсёй сiстэмы аховы здароўя ў цэлым, таму заклiкаю калег сур’ёзна падысцi да гэтага пытання. Усе медыкi, а гэта калектывы цэлых аддзяленняў устаноў, у той цi iншай меры звязаны з каронавiрусам. Не сумняваюся, што вакцына працуе эфектыўна. Больш чым у два разы зменшылася колькасць тых, хто паступае з COVID-19 у нашы ўстановы, адпаведна, i нагрузка на медыкаў крыху знiзiлася. Сiтуацыя ў раёне стабiлiзавалася, захворванне iдзе на спад, у сувязi з чым разглядаем магчымасць скарачэння ложкавага фонду для ковiдных пацыентаў. З часам адпаведныя аддзяленнi будуць працаваць па сваёй звычайнай спецыялiзацыi.

Сёння для пацыентаў з вiруснымi пнеўманiямi даступна больш за 400 ложкаў з 1,5-тысячнага ложкавага фонду ўстаноў аховы здароўя раёна. Барысаўская iнфекцыйная бальнiца аказвае стацыянарную дапамогу хворым. Дарэчы, трэба адзначыць, што гэтая ўстанова з’яўляецца мiжраённым цэнтрам у вобласцi, яна прымала першую хвалю хворых з вясны мiнулага года.

— Цалкам перапрафiляваныя пад iнфекцыйныя для лячэння пацыентаў з вiруснай iнфекцыяй барысаўская бальнiца № 2 i ўралагiчнае аддзяленне Барысаўскай раённай бальнiцы. У канцы мiнулага года таксама перайшло пад iнфекцыйнае атарыналарынгалагiчнае аддзяленне. Ёсць Лошнiцкая ўчастковая бальнiца, куды накiроўваюцца пацыенты з пнеўманiямi, якiя не маюць патрэбы ў рэспiраторнай падтрымцы i па нейкiх прычынах не могуць быць выпiсаны дадому, — растлумачыў Аляксандр Анатольевiч.

Ва ўстановах аховы здароўя раёна вядзецца пастаянная работа па ўдасканаленнi i ўмацаваннi матэрыяльна-тэхнiчнай базы:

— У два разы павялiчылi колькасць кiслародных кропак. Ёсць i часовыя сiстэмы. Ваенны шпiталь, напрыклад, даў у карыстанне дзве кiслародна-iнгаляцыйныя сiстэмы — на 19 кропак кожная, што дазволiла аператыўна i надзейна падаваць кiсларод пацыентам. Акрамя гэтага, ва ўсiх нашых установах больш за 250 кiслародных кропак. Па цэнтралiзаваных пастаўках Мiнiстэрства аховы здароўя атрымалi апараты ШВЛ. Гэтага, як i сродкаў iндывiдуальнай абароны для медперсаналу, цалкам дастаткова для вырашэння пазаштатных сiтуацый.

КАМПЕТЭНТНА

Iрына МIЛАНОВIЧ, намеснiк галоўнага ўрача ДУ «Мiнскi абласны цэнтр гiгiены i эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя»:

— Вакцына супраць каронавiруснай iнфекцыi «Гам-КОВIД-Вак» расiйскай вытворчасцi 18 студзеня транспартам РУП «Мiнская Фармацыя» з захаваннем умоў халадовага ланцуга была дастаўлена ў арганiзацыi аховы здароўя Мiнскай вобласцi. Вакцынацыя медыкаў, сацработнiкаў i педагогаў стартавала.

Колькасць прышчэпак у дзень будзе залежаць ад колькасцi вакцынаваных i графiкаў, зацверджаных у арганiзацыях аховы здароўя. Вакцына «Гам-КОВIД-Вак» павiнна транспартавацца i захоўвацца пры тэмпературы не вышэй за мiнус 18 °С, што забяспечана на ўсiх этапах. Яна складаецца з двух кампанентаў, якiя ўводзяцца ўнутрымышачна з iнтэрвалам у тры тыдня. Па iнструкцыi эфектыўнасць складае, па дадзеных прамежкавага аналiзу, больш за 91 працэнт. Паводле рэкамендацый даследчыкаў з Расiйскай Федэрацыi, прышчапляцца можна не раней чым праз шэсць месяцаў пасля выздараўлення. Перад вакцынацыяй неабходны абавязковае абследаванне медработнiкам з вымярэннем тэмпературы цела, зборам эпiданамнезу, вымярэннем сатурацыi, аглядам зева.

Пасля вакцынацыi пацыент павiнен знаходзiцца пад наглядам медперсаналу на працягу паўгадзiны. Пры ўзнiкненнi якiх-небудзь змяненняў у стане здароўя пасля ўвядзення вакцыны неабходна iнфармаваць участковага ўрача i звярнуцца ў медустанову.

shimuk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter