
— Навіна ў спосабе камплектавання дома. Ён будзе для маючых патрэбу, але толькі тых, хто выказаў жаданне. Мы збяром заявы і выберам з іх тых, хто даўжэй чакае свайго часу. Дарэчы, калі будавалі першы дом, працэс зацягнуўся шмат у чым з-за таго, што спярша трэба было напісаць лісты самым першым у спісе, атрымаць ад іх адказ, потым далей па чарзе... Людзі з самага пачатку адмаўляліся: маўляў, я 30 гадоў прастаяў не дзеля Смалявічаў, пачакаю яшчэ. Пакуль падышлі да тых, хто ўсё ж стаў згаджацца, апыталі, напэўна, каля 20 тысяч чалавек у горадзе. Гэта моцна зацягвала працэс будаўніцтва. Хто зараз будзе будаваць, мясцовыя ўлады разбяруцца. Наша задача — арганізаваць і накіраваць людзей. Калі пойдзем па новым шляху, думаю, хутка распаўсюдзім практыку на ўсе гарады-спадарожнікі, не толькі Мінска.

Дарэчы, ёсць яшчэ адна навіна, якая тычыцца Смалявічаў. Па генплане там прадугледжана будаўніцтва прыкладна пароўну шматкватэрнага і індывідуальнага жылля. Калі першы варыянт пакуль буксуе, то другі ідзе нядрэнна. Хоць і без праблем з інжынерна-транспартнай інфраструктурай не абыходзіцца. Таму вырашана яшчэ раз перагледзець генплан горада і аддаць прыярытэт прыватнай забудове. Як варыянт — узводзіць танхаусы. Бо далёка не ўсе хочуць мець участак 10—15 сотак пад бокам. Камусьці дастаткова зоны для барбекю, альтанкі і арэляў за домам.
— Ад буйнога дзяржпрадпрыемства паступіла прапанова паспрабаваць будаваць жыллё па прынцыпе танхаусаў. Мы яе разгледзелі, — увёў у курс справы намеснік старшыні камітэта архітэктуры і будаўніцтва Мінскага аблвыканкама, галоўны архітэктар Мінскай вобласці Вадзім Нікалаенка. — Падабраны ўчастак, цяпер вырашаюцца тэхнічныя пытанні. На выхадзе атрымліваецца вельмі прывабны кошт жылля. Думаю, яно будзе запатрабавана. І мінчанамі ў тым ліку. Магчыма, усё прыйдзе да таго, што генпланы гарадоў-спадарожнікаў будуць перагледжаны.