Спачатку Крыж, потым Уваскрэсенне

Мы набліжаемся да галоўнага хрысціянскага свята — Вялікадня. Многія збянтэжаны тым, як яго святкаваць у няпростыя часы трывогі з-за эпідэміі каронавіруса. У такім складаным становішчы можна паразважаць, як спалучыць пасхальную радасць з тым, што ў свеце працягваюцца пакуты.


Нядаўна ў інтэрв'ю мясцоваму тэлеканалу італьянскі юнак прызнаўся, што з-за каранціну ён не можа выйсці з дому, праведаць сваіх знаёмых, пайсці на дыскатэку і заняцца спортам на вуліцы. Затым ён задаўся пытаннем: «Дык для чаго мне ўвогуле жыць?..»

Для параўнання, пра святую Маці Тэрэзу з Калькуты казалі: «Яна ведала, чаго хоча, і без адхіленняў і ваганняў ішла да выканання задачы». Кожная надзвычайная сітуацыя, напрыклад вайна ці эпідэмія, абясцэньвае тое, што для нас раней лічылася важным. Асабліва так здараецца тады, калі мы не знайшлі для сябе адказу, для чаго мы жывём. Маці Тэрэза жыла, каб несці дабро іншым, аблягчаць цярпенні хворых, нават тады, калі нясенне дабра было звязана з вялікімі складанасцямі. Яна з упэўненасцю глядзела ў будучыню, перакананая, што ўсе выпрабаванні скончацца, бо за Богам апошняе слова.

Аднойчы зло пасялілася ў гэтым свеце. Адно ўчыненае зло запускае механізм кепскіх наступстваў, з-за якіх церпяць іншыя. Часта мы абураемся, што Бог імгненна не спыняе гэты механізм, але адначасова мы самі дазваляем сабе ўдзельнічаць у гэтым механізме. Добрай ілюстрацыяй гэтаму з'яўляецца Вербная нядзеля, якая папярэднічае святкаванню Пасхі. Літургія Вербнай нядзелі добра паказвае драматычнасць адносін чалавека і Бога — людзі, якія віталі Хрыста як магутнага Караля, праз некалькі дзён самі прасілі Пілата ўкрыжаваць Месію.

Бог — гэта Айцец, Сын і Дух Святы. Калі б Бог быў абыякавы да таго, што цярпенне ў розных відах ёсць на гэтым свеце, то Сын Божы не цярпеў бы на крыжы і не паміраў бы на ім, распачаўшы такім чынам выбаўленне свету ад зла. Спачатку быў Хрыстовы Крыж, а толькі потым было Хрыстовае Уваскрэсенне. Для хрысціяніна парадак такі самы. Для таго, каб уваскрэснуць з Хрыстом у канцы часоў, гэта значыць вечна прабываць у стане нябеснай гармоніі, неабходна спачатку пранесці крыж жыццёвых выпрабаванняў.

Для чаго нам увогуле жыць? Для таго, каб рабіць дабро, з годнасцю пераносіць складанасці і радавацца, што прыйдзе час, калі Бог пераможа зло. Разам з Богам перамагаць зло — гэта і ёсць мая Пасха. Кожнае святкаванне Вялікадня — успамін Хрыстовай ахвяры. Якую ахвяру гатовы прынесці мы?

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter