«Спачатку грэбля, а дзяўчаты – потым»

ПРАЗ жыццё 17-гадовага Аляксея МАХНІСТА нібыта спецыяльна праходзіць лічба «7». Мяркуйце самі: столькі разоў ён выйграваў рэспубліканскія спаборніцтвы па грэблі на байдарках і каноэ на розных дыстанцыях у сваёй узроставай групе. У школе сярэдні бал — «сем». А яшчэ на сем секунд Лёша апярэдзіў бліжэйшага саперніка, калі выйграў сваё першае «золата»...

Юны мядзелец Аляксей МАХНІСТ — аб магіі лічбаў і алімпійскіх марах.

ПРАЗ жыццё 17-гадовага Аляксея МАХНІСТА нібыта спецыяльна праходзіць лічба «7». Мяркуйце самі: столькі разоў ён выйграваў рэспубліканскія спаборніцтвы па грэблі на байдарках і каноэ на розных дыстанцыях у сваёй узроставай групе. У школе сярэдні бал — «сем». А яшчэ на сем секунд Лёша апярэдзіў бліжэйшага саперніка, калі выйграў сваё першае «золата»...

Па гэтай логіцы атрымліваецца, што праз сем ці крыху больш гадоў мядзелец можа здзейсніць тое, дзеля чаго ён стаў спартсменам, — выйграць Алімпійскія гульні!

А чаму б і не? Усе падставы верыць у гэта ёсць: Лёша трэніруецца па 12 разоў (!) штотыдзень (раніцай і вечарам. — Аўт.). Працягласць трэніроўкі — паўтары гадзіны. Акрамя таго, наведвае басейн. Нават на дыскатэку ходзіць не проста патанцаваць, а каб яшчэ і форму падтрымліваць. Ну... і з дзяўчатамі пазнаёміцца. Дарэчы, той, якую б на руках насіў, хлопец пакуль не сустрэў. Ён хоча дабіцца высокіх спартыўных вынікаў, а ўжо потым абзавесціся сям’ёй. А яшчэ юны спартсмен хоча шмат дзяцей. А іх, як вядома, трэба карміць і апранаць. Таму і плануе малады чалавек адразу стаць на ногі — кажа, што дапаможа яму ў гэтым яго захапленне.

Аляксей стаў спортам займацца ў дзевяць гадоў. А як прыйшоў? Так, зазірнуў на трэніроўку з сябрамі за кампанію. Адразу хадзіў па інерцыі. А калі выйграў першыя спаборніцтвы — узяў азарт. Ён і сёння не адпускае.

— Дый брат старэйшы, Андрэй, на трэніроўкі браў, — расказвае спартсмен. — Ён таксама займаўся грэбляй і нядрэнна выступаў на абласных спаборніцтвах. Але з часам пераключыўся на вучобу і зараз займаецца ў будаўнічым каледжы, плануе паступаць ва ўніверсітэт.

Абітурыенцкая справа — толькі летам, а пакуль ён у складзе рэзерву нацыянальнай зборнай па грэблі на байдарках і каноэ юнакоў 1993 года нараджэння рыхтуецца да адбору на чэмпіянат Еўропы, які пройдзе таксама летам...

Сваім найбольшым дасягненнем мядзелец лічыць выступленні на Алімпійскіх днях моладзі, якія нядаўна праходзілі ў Мінску. Чаму менавіта гэтыя старты? Там Аляксей на каноэ-«адзіночцы» заваяваў «срэбра» на дыстанцыі 500 метраў, «бронзу» на «двойцы» (200 метраў) з Аляксандрам Белікавым, «золата» на «чацвёрцы» (1000 метраў). Але не гэтыя трыумфы лічыць самымі запамінальнымі ў сваёй яшчэ маладой кар’еры.

Два гады таму, на спаборніцтвах у Мастах Гродзенскай вобласці, Аляксей першы раз трапіў на «рэспубліку». Страшна, сэрца трапяталася, ногі падкошваліся... Вопытны Лёшаў трэнер — Аляксандр Карпей — не прыкмеціць гэтага не мог. І знайшоў тыя самыя словы, якія дадалі юнаку ўпэўненасці, дапамаглі сканцэнтравацца і... выйграць! Свайго бліжэйшага канкурэнта — сярэбранага прызёра — ён «зрабіў» на дваццаць метраў. Для грэблі адлегласць больш чым прыстойная...

— А як жа, ёсць у мяне пастаянны канкурэнт! — усміхаецца хлопец. — Руслан Сазонаў з Бабруйска. На зямлі мы з ім сябры, а вось на вадзе... Колькі часу таму ён абагнаў мяне на доўгай дыстанцыі — два кіламетры. А я Руслана — на карацейшых абганяю. Не лічу сябе асаблівым спартсменам — да звання «вялікі» яшчэ як да Масквы пехатою, але добра, што ёсць канкурэнцыя — не расслабішся. А для спартсмена гэта важна. Бо калі хочаш нечага дабіцца, трэба пастаянна працаваць над сабой. Хто для мяне ідэал у грэблі? Канешне, Дзяніс Гаража з Мазыра. Ён — чэмпіён свету і Еўропы. Што б спытаў, калі з’явілася б такая магчымасць? Папрасіў бы падзяліцца сакрэтам поспеху...

Хутка ў Аляксея зборы. Аднакласнікі зайздросцяць, бо той мае законнае права не хадзіць у школу. Лёша тлумачыць, што зборы — гэта не санаторый, там «лафы» не бывае. Ніхто, канешне, не верыць. Бо бачаць, якім ён вяртаецца ў Мядзель: радасны, вочы гараць, настрой цудоўны. І мала хто ведае: Аляксей радуецца таму, калі на гэтых цяжкіх трэніроўках удаецца палепшыць хаця б усяго на адну секунду свой вынік. А гэта значыць, што ён крышачку стаў бліжэй да сваёй галоўнай мэты...

Давай, Лёша! У цябе ўсё атрымаецца! Абавязкова...

Аляксандр СЯНЮЦЬ

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter