Сотні пілігрымаў адправіліся да Будслаўскай іконы Божай Маці

Учора пачалося вялікае паломніцтва (пілігрымка) каталікоў Беларусі і іншых краін у гонар Маці Божай Будслаўскай — заступніцы Беларусі. Сотні паломнікаў з Мінска і іншых мясцін нашай краіны, а таксама Літвы, Польшчы, Украіны пачнуць пешы шлях у мястэчка Будслаў Мядзельскага раёна.

Як патлумачыў карэспандэнту БЕЛТА настаяцель (кусташ) Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, у якім знаходзіцца Будслаўская цудатворная ікона, ксёндз Віктар Бурлака, паломніцтва — гэта традыцыйная практыка каталіцызму, у аснове якой ляжыць разуменне неабходнасці працы, ахвяры. Таму пілігрымы, як правіла, праходзяць доўгі шлях пешшу. У час паломніцтва людзі просяць у Бога  аб розным: аб умацаванні ў веры, аб здароў’і, добрай здачы экзаменаў ці шчасці ў сямейным жыцці. “Так ці інакш, мы просім Усявышняга благаславіць нашы добрыя намеры”, — сказаў айцец Віктар.
Асаблівасцю Будслаўскага паломніцтва ў гэтым годзе з’яўляецца міжнародная водная “пілігрымка” з Вільнюса. Гэтае мерапрыемства мае асаблівае гістарычнае значэнне і прымеркавана да 500-годдзя кантактаў Вільна і Будслава. “Справа ў тым, што пяцьсот гадоў таму каталіцкія манахі з Вільна пачалі высякаць лес на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца Будслаў, і сплаўляць яго ўніз  па Віліі, — патлумачыў ксёндз. — У гэтым годзе ў віленскім манастыры знайшлі адно са старажытных бярвёнаў, якія некалі прыплылі ў Вільна. З яго выразалі вялікі крыж і 24 чэрвеня адправілі ў Будслаў з катэрам  паломнікаў з Беларусі, Літвы і іншых краін”.
Будслаўскія ўрачыстасці пачнуцца 1 ліпеня, калі паломнікі павінны прыбыць да санктуарыя. Вечарам будуць адслужаны дзве месы — для пілігрымаў Віцебскай епархіі і Мінска-Магілёўскай архіепархіі. Ноччу адбудзецца ўрачыстая цырымонія са свечкамі, святочная меса, якую ўзначаліць епіскап Уладзіслаў Блін. Затым перад цудатворнай Будслаўскай іконай пройдзе літургія па ўсходнім абрадзе. У той жа час у палатачным лагеры пілігрымаў адбудзецца канцэрт маладзёжнай каталіцкай групы “Milosc”.
Паводле слоў ксяндза Віктара, у мінулым годзе ў Будслаўскіх урачыстасцях прынялі ўдзел да 30 тысяч паломнікаў.
Цудатворная ікона Маці Божай з’явілася ў Будславе ў 1613 годзе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter