Сотні мільёнаў для маленькіх суайчыннікаў

Прывітаць вучняў установы прыедзе намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Міхась Ціцянкоў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь ў Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын. Аб гэтым карэспандэнту “БН” паведаміла трэці сакратар дыпламатычнага прадстаўніцтва Ганна ВЯРЫНСКАЯ.

Сёння семнаццаць першакласнікаў беларускай школы Літвы імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе атрымаюць падарункі ад Прэзідэнта Беларусі.

Прывітаць вучняў установы прыедзе намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Міхась Ціцянкоў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь ў Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын. Аб гэтым карэспандэнту “БН” паведаміла трэці сакратар дыпламатычнага прадстаўніцтва Ганна ВЯРЫНСКАЯ.

— Урачыстая лінейка распачне новы, шаснаццаты па ліку, навучальны год у абноўленым будынку школы, — гаворыць Ганна Вярынская. — І Беларусь мае непасрэднае дачыненне да гэтага. Летась у навучальнай установе працавалі 25 рабочых-будаўнікоў ад Беларусі. Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама выдаткаваў каля сотні мільёнаў беларускіх рублёў на рамонт вучэбных кабінетаў, фае, замену сантэхнікі, абсталяванне аўдыторый новай мэбляй беларускіх вытворцаў.

Як паведаміла сакратар пасольства, Беларуская школа імя Францыска Скарыны — адзіная ў Вільнюсе і ўсёй Літве навучальная ўстанова такога кірунку. У пачатковай школе ўсе прадметы — толькі на беларускай мове. Дарэчы, акрамя беларускай, дзеці вывучаюць рускую, літоўскую, англійскую і французскую альбо нямецкую (на выбар) мовы.

Навучальная ўстанова марыць атрымаць статус гімназіі. Для гэтага трэба павысіць сярэдні адукацыйны ўзровень і палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу. Гэтым школа і займаецца. Дапамагае беларускі бок. Некалькі гадоў таму Мінгарвыканкам перадаў установе аўтобус, які сёння падвозіць дзяцей (а гэта 170 вучняў) на заняткі. Праект на будучыню — будаўніцтва спартыўнай залы.

— Прашу заўважыць, што большасць вучняў установы — этнічныя беларусы, — падкрэслівае Ганна Вярынская. — Таму падтрымка з гістарычнай радзімы вельмі чаканая і заўважаная. Думаю, асабліва запомніцца першакласнікам гэтага года 1 верасня: ім сёння ўручаць падарункі ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Гэта партфелі з падручнікамі і поўным наборам канцылярскіх прыналежнасцей. Будзе там і кніга “Беларусь — наша Радзіма”.

Таццяна УСКОВА, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter