Вялікдзень, Вялічка, Паска… Як яшчэ нашы продкі называлі самае галоўнае веснавое свята?

Сорак урачыстых дзён

Галоўнае свята царкоўнага календара — Светлае Хрыстова Уваскрэсенне, або Вялікдзень, Пасха, Паска. Сёлета католікі святкавалі Вялікдзень тыдзень таму, а праваслаўныя вернікі рыхтуюцца адзначыць яго 24 красавіка.

Фото  БЕЛТА

Вялікдзень, або Вялічка, — першы дзень свята. Аднак Пасха ў праваслаўнай традыцыі доўжыцца значна даўжэй — сорак дзён, аж да Ушэсця. Увесь гэты час прынята вітаць адзін аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос!», а ў адказ казаць: «Сапраўды ўваскрос!»

У старадаўнім календары беларусаў Вялікдзень праводзіў мяжу паміж старым і новым годам. Нашы продкі ў ноч Вялікай суботы не тушылі ў хатах агонь, не замыкалі адрыны. З вечара ішлі ў царкву на ўсяночную святочную службу. У некаторых рэгіёнах Беларусі распальвалі вогнішчы. У іх людзі спальвалі старыя лапці, кажухі, шапкі. На Брэстчыне была традыцыя сямейных міні-вогнішчаў. Для гэтага вяскоўцы загадзя нарыхтоўвалі галлё дзікай грушы. Выбар дрэва тлумачыцца так: калючкі на галінах успрымаліся як аналогія з цярновым вянком Хрыста.

З усяночнай службы ў храме спяшаліся дадому. Лічылася, хто першым вернецца, той будзе першым і ў час працы ў полі. Першаму, хто вярнуўся з храма, раілі падысці да яблыні, абхапіць яе рукамі і сказаць: «Хрыстос уваскрос!» Гэта па павер’ях магло паспрыяць будучаму ўраджаю садавіны.

Вярнуўшыся дадому, у кожнай сям’і пачыналі разгаўляцца. Гаспадыня наразала на некалькі кавалачкаў свянцонае яйка і падавала кожнаму з прысутных. Толькі пасля гэтага пачыналі есці мясныя стравы. Цэнтральнае месца на святочным стале было адведзена фарбаваным (звычайна ў чырвоны колер) яйкам, што сімвалізавалі адраджэнне і аднаўленне жыцця, пладавітасць і жыццёвую сілу.

У кожнай вёсцы ладзіліся гульні. Днём моладзь гушкалася на арэлях, якія былі амаль у кожным двары. Лічылася, чым вышэй уздымуцца арэлі, тым даўжэйшым вырасце лён. А перш чым біцца яйкамі, іх выпрабоўвалі на моц пастукваннем аб зубы. Выйграваў той, у каго яйка было мацнейшае. Нашы продкі лічылі, што катанне яек па зямлі хутчэй абудзіць яе ад зімовага сну. Пры катанні прыгаворвалі: «Каціся яечка на цёплую вясну, на чырвона лецейка! Каціся яечка з цёплага ўзгорачка, холад прагані, зямліцу абудзі!»

На Вялікдзень дзеці ішлі да сваіх хросных бацькоў, частавалі іх рознымі прысмакамі, адорвалі падарункамі і фарбаванымі яйкамі.

Меў месца і рытуал валачобніцтва (дарэчы, гэта фальклорная адметнасць уласціва толькі беларусам). Праводзілі яго так: вяскоўцы, звычайна мужчыны, сабраўшыся гуртам па 10—20 чалавек, абыходзілі ўсе двары з віншавальнымі песнямі і музыкай. Лічылася, што гэта прынясе здароўе гаспадарам, пладаві­тасць жывёле, ураджайнасць на палях. Валачобнікаў частавалі булкамі, яйкамі, каўбасамі.

НАРОДНАЯ ПРЫКАЗКА

Свята Вялічка — з чырвоным яечкам.

АД ПРАДЗЕДАЎ

♦ На Вялікдзень на досвітку абавязкова хадзілі глядзець, як «грае сонца».

♦ У Вялічку мыліся вадой, у якую клалі чырвонае яйка, срэбныя і залатыя рэчы, каб быць прыгожымі ўвесь год.

♦ Стол засцілалі бялюткім абрусам, упрыгожвалі зелянінай. На стол ставілі свянцоныя яйкі, соль, пірагі, вяндліну.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter