СОНЦАМ АСВЕЧАНЫ

Калi ўбачыла Iвана Кiрчука ўпершыню, захапiла дух. Здалося, што гэта адзiн з тых магутных асiлкаў, герояў нашых далёкiх продкаў, якiя ўзводзiлi першыя гарады. А калi пазнаёмiлася з творчасцю групы “Троiца”, заснаваў якую Iван Iванавiч яшчэ дзесяць гадоў таму, зразумела, што ён i сапраўды ў нейкiм сэнсе волат. За ўвесь час свайго iснавання этнатрыо “Троiца” лiтаральна здзейснiла рэвалюцыю ў свядомасцi беларускай публiкi, паказаўшы, што народная музыка — гэта культура агульначалавечая, блiзкая, зразумелая i кансерватыўнаму даследчыку-iнтэлiгенту, i “прасунутаму” сучаснаму моднiку, i жыхару беларускай глыбiнкi, адкуль лiдэр “Троiцы” прывёз кiламетры магнiтнай стужкi з галасамi носьбiтаў народых песень, напоўненых сакральным значэннем. А збiраць народныя iнструменты Iван Iванавiч пачаў яшчэ ў дзяцiнстве. Гурт аб’ездзiў з канцэртамi амаль увесь свет. Беларускiх палешукоў бачылi ў Галiвудзе. I цяпер беларускiя песнi ў выкананнi этнатрыо чакаюць, любяць за глыбiню, шчырасць, самабытнасць.

— Iван Iванавiч, вiдэафiльм “Сонцам асвячуся” аўтара i рэжысёра Агенцтва тэлевiзiйных навiн Белтэлерадыёкампанii Сяргея Рыбакова з вамi ў галоўнай ролi прыняў удзел у IV Нью-Йоркскiм мiжнародным незалежным кiнафестывалi. Раскажыце, як узнiкла iдэя зняць такi фiльм i чаму далi менавiта такую назву?
— Задумаў праект Сяргей, а я яму проста дапамог ажыццявiць гэта. Фiльм расказвае аб нашай экспедыцыi ў адзiн з самых аддаленых куткоў беларускага Палесся — вёску Вiдзiбор Столiнскага раёна, знаёмiць з самабытнай культурай i унiкальным песенным мастацтвам, якое захавалася ў беларускай глыбiнцы. Назва нарадзiлася сама сабой, таму што гэта адна са старадаўнiх замоў: “Сонцам асвячуся, зоркамi абсыплюся...”
Наша экспедыцыя, у якой па крупiнках збiралi самабытную песенную спадчыну нашых продкаў, паказвае забытыя абрады, легенды, замовы... Нам удалося запiсаць некалькi песень, “узрост” якiх налiчвае тры-чатыры стагоддзi. Унiкальныя па сваёй мелодыi песнi з фiласофскiмi тэкстамi i старажытнай мудрасцю, што гучаць у фiльме ў выкананнi жахароў вёскi, адкрываюць глыбiнныя пласты беларускай культуры.
— Цi плануюцца здымкi “Сонцам асвячуся-2”?
— Канечне, гэты фiльм складана назваць завершаным. У Беларусi жыве шмат самародкаў, якiя б маглi стаць героямi гэтага праекта. Ды i “Троiца” мае вялiкi архiў, якi б мог паслужыць добрым матэрыялам.
— З якiм настроем вы выступаеце ў сябе на радзiме?
— Наша этнатрыо даволi рэдка выступае ў Беларусi. Таму да канцэртаў тут мы ставiмся вельмi адказна. Калi дзе-небудзь у Галандыi можна штосьцi праспяваць не так i нiхто гэтага не заўважыць, то на беларускай сцэне будзе проста сорамна. Таму нам вельмi хацелася, каб наш канцэрт спадабаўся. Калiсьцi пад нашу песню “Яблынi” гледачы ўставалi. I цяпер мне хацелася, каб у душах людзей, што прыйшлi на наш канцэрт, узняўся гонар за беларускi фальклор, якi дагэтуль жыве.
— Як iдзе праца над новым альбомам? Цi будзе ён канцэптуальным, як папярэднi “Сем”?
— Для альбома падрыхтавана ўжо дзесяць песень. Мы не стаiм на адным месцы. Таму на гэты раз вырашылi пайсцi на эксперымент — выкарысталi шмат электронных гукаў. Мы не ведаем, як да гэтага паставяцца прыхiльнiкi класiчнай “Троiцы”. Вельмi адказна ставiмся да якасцi запiсу. Бывала, што наш гукарэжысёр чатыры гадзiны шукаў патрэбны тэмбр майго голасу. Нейкай асаблiвай канцэпцыi ў новым альбоме не будзе. Назвы да яго пакуль што няма.
— Як вы падбiраеце рэпертуар?
— У мяне ў кабiнеце каля 100 бабiн i 200 касет з запiсамi. Усё гэта задзейнiчана ў працы. У мiнулым годзе ў Польшчы нам падаравалi зборнiкi польска-беларускiх песень. Цiкавыя словы, выдатная музыка. Песню “Ой, кумэ-кумэ” i калядную “Ой, рана-рана куры запелi” з гэтых зборнiкаў мы ўключылi ў рэпертуар. Усё, што ў нас з’яўляецца, праслухваем, адбiраем лепшы матэрыял, робiм новыя аранжыроўкi. I песня пачынае жыць. Бывае, што песня застаецца як бы за кадрам. Таму што, напрыклад, мне яна падабаецца, а Юра-гiтарыст цi Юра-перкусiянiст не задаволены гучаннем.
— Цi адчуваецца рознiца памiж беларускiм слухачом i прыхiльнiкамi вашай творчасцi за мяжой?
— Мы пабывалi на 270 фестывалях этнiчнай музыкi — ад Малайзii да Партугалii. Часта нас запрашаюць прадстаўнiкi беларускiх дыяспар. I я нiколi не ставiў перад сабой такой мэты — заўважаць, як мяне ўспрымаюць у Беларусi i iншых краiнах. Бо зразумела адно: ёсць прыгожая музыка, а ёсць нiякая. Проста слухаць трэба сэрцам.
— Чаму ўсё ж такi, на ваш погляд, беларуская этнiчная музыка не настолькi папулярная, як, напрыклад, галандская?
— Нягледзячы на тое, што многiя сёння цiкавяцца беларускiмi песнямi, усё ж творчых калектываў пакуль што недастаткова. Калi на фестываль этнiчнай музыкi ў Будапешце прыходзiць адзiн мiльён заявак на ўдзел з розных краiн свету, то з Беларусi толькi адна — ад групы “Троiца”. Вось калi ў нас будзе дзве тысячы этнагуртоў, тады можна будзе разважаць аб папулярнасцi беларускай этнiчнай музыкi ў свеце.
— Акрамя таго, што вы музыкант, вы яшчэ i выкладаеце на кафедры этнаграфii i фалькларыстыкi ў Беларускiм дзяржаўным педагагiчным унiверсiтэце iмя М.Танка. Цi ёсць сярод вашых студэнтаў тыя, каго б вы з гонарам назвалi сваiмi вучнямi?
— Я ганаруся ўсiмi, хто ходзiць на мае заняткi. Нiколi не адзначаю, калi хто адсутнiчае: даю права iм самiм расстаўляць прыярытэты. Дзiўлюся завочнiкамi i дагэтуль не ведаю, што падштурхнула многiх з iх у 40—50 гадоў, маючы па два дыпломы, iсцi вывучаць фалькларыстыку. Слухаюць старадаўнiя песнi i захапляюцца: “Ой, якiя ў вас песнi прыгожыя!” А я кажу: “Гэта не ў мяне! Яны ж нашы, народныя!”

Слова рэжысёру

— Галоўны герой Iван Кiрчук у фiльме паўстае ў трох iпастасях: гэта чалавек, якi ездзiць па вёсках i збiрае старадаўнiя песнi, мiстычны герой, а пасля музыкант, якi праз сваё светаўспрыманне прапусцiў пачутыя ад бабуль песнi i цяпер даносiць iх людзям, — расказвае Сяргей Рыбакоў. — Увогуле, у нашым фiльме вельмi шмат сiмвалаў. Так, адзiн з самых шчымлiвых — гэта той момант, калi галоўны герой падыходзiць да адной вясковай хаты, а дзверы i вокны яе забiты. Мы старалiся перадаць боль ад усведамлення таго, што пусцее вёска, адыходзяць з жыцця людзi — носьбiты старадаўнiх традыцый.
 Працуючы над фiльмам, я адчуў повязь часоў, той неабсяжны скарб, якi мы, маладое пакаленне, абавязаны шанаваць, каб потым перадаць сваiм нашчадкам.
Калi мяне запрасiлi прыняць удзел у Нью-Йоркскiм незалежным кiнафестывалi, я, шчыра кажучы, не паверыў. А цяпер мне вельмi прыемна ад таго, што беларускiя песнi ў выкананнi палешукоў прагучалi за акiянам. Фiльм выклiкаў вялiкую цiкавасць. Ён быў прадэманстраваны 25 разоў. Былi раскуплены ўсе бiлеты. Пасля фестывалю паступiла прапанова паказаць “Сонцам асвячуся” на амерыканскiх тэлеканалах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter