Сонца на вясну — валёнкi на печ

Сёлетняя марозная i снежная зiма хутка застанецца толькi ва ўспамiнах. Што i казаць, намарозiла-напалохала яна i гараджан, i вяскоўцаў. У тых адразу вырас попыт на самы хадавы i самы цёплы абутак — звычайныя валёнкi. Цёплыя, трывалыя, зробленыя з воўны хатнiх авечак — iх не выцеснiлi з ужытку нават навамодныя боцiкi i чаравiкi. Менавiта такiя валёнкi робяць з авечай воўны майстрыхi з вёсак Дзягiльскага сельсавета на Мядзельшчыне.
На падворках у вёсках Дзягiльскага сельсавета зiмой налiчвалася каля дзевяноста авечак. Вясной пачынаюцца акоты, i да лета пагалоўе iх традыцыйна павялiчваецца ўдвая, а то i ўтрая. Некаторыя гаспадары па дваццаць жывёлiн на падвор’i трымаюць, бо не забылiся яшчэ на правераную вякамi iсцiну — авечка кругом чалавечка. З яе i цёплыя рукавiцы, i лячэбныя шкарпэткi, i кажухi або больш модныя дублёнкi, i незаменны абутак — валёнкi.
Валёнкi тутэйшых май-стрых — асаблiвыя, жаночыя. Не ў сэнсе фасону, патлумачыла мне Валянцiна Францаўна Гiгола з вёскi Дзягiлi, а ў тым сэнсе, што звалены яны жаночымi рукамi, а таму атрымлiваюцца мяккiмi i лёгкiмi.
— Мяккiя не таму, што спецыяльна такiмi iх робiм, — раскрывае сакрэты майстрыха. — Валiць воўну — справа няхiтрая, але цяжкая, мужчынская. Мужчыны воўну моцна збiваюць, таму i валёнкi больш цяжкiя атрымлiваюцца i больш цвёрдыя, а мы валiм, колькi сiлы хопiць.
Абсталяванне для гэтай работы няхiтрае, патрэбны толькi спецыяльныя капылы — драўляныя формы, з дапамогай якiх расчасаная i зваленая ў тугi войлак воўна набывае форму абутку. Усё астатняе ў кожнай вясковай гаспадынi знойдзецца. Расчасаную i завараную кiпенем воўну спачатку моцна б’юць качалкай, якую раней выкарыстоўвалi для разгладжвання зрэбнай саматканай бялiзны. Потым б’юць атрыманую воўну з усяе моцы — ушчыльняюць. Вось тут самая сiла i патрэбная. Атрыманы матэрыял надзяваюць на капылы — надаюць форму. Памераў у валёнкаў няма, ёсць толькi нумары — ад зусiм маленькiх, дзiцячых, да вялiкiх. Нумар вырабу залежыць ад нумара капылоў.
Валёнкi рабiла яшчэ бабуля Валянцiны Францаўны. На ўсю акругу майстрыха была, шэсць навакольных вёсак абувала. Заказчыкаў у яе заўсёды шмат было. Мама, Ганна Юльянаўна, ад яе навучылася. Родную вёску Рамашкi таксама доўгiя гады цёплым абуткам забяспечвала.
Сама Валянцiна навучылася гэтай сямейнай справе нядаўна, гадоў з пяць таму. Тады ў яе малодшы сынок нарадзiўся, Алежка, i яна, вясковая настаўнiца, была ў водпуску па догляду за дзiцем. А характар у яе такi, што без справы цяжка, асаблiва зiмнiмi вечарамi, калi агарод не рупiць. Тады i паспрабавала валёнкi валiць. Самыя першыя для пляменнiцы сваёй зрабiла — дзiцячыя, лёгенькiя, мяккiя. Дзiцячыя, кажа, хутчэй валiць, а ёй так хацелася плён сваёй працы пабачыць.
Акуратныя атрымалiся, “заказчыцы” спадабалiся. Потым i пад заказ рабiла. Каму да касцёла — таму лёгенькiя, тонкiя. А хто прасiў такiя, каб да хлява схадзiць, то больш тоўстыя, цяжкiя. На такiя больш воўны iдзе. У сярэднiм жа арыфметыка такая: на пару валёнак кiлаграм воўны. Калi нумар большы, то больш воўны трэба, на меншыя — менш.
Сама яна такi самаробны абутак i як хатнi выкарыстоўвае.
— Ранiцай, — кажа, — устаеш з ложка, а печкi ўжо астылi. А тут ногi ў валёнкi засунеш, i цёпла, i прыемна.
Але выраб валёнкаў для настаўнiцы рускай мовы i лiтаратуры Дзягiльскай базавай школы Валянцiны Гiгола — хутчэй хобi, чым спосаб заробку. З наступленнем вясны яна хавае капылы як надалей. Таму што хатняя гаспадарка больш клопату патрабуе — свiннi, куры, iндзюкi, карова прыплод дае, у авечак акоты пачынаюцца. Да ўсiх гэтых клопатаў агарод прыбаўляецца. Не адзiн, а некалькi, бо вясковая настаўнiца мае чатырох падапечных — дапамагае iм у якасцi сацыяльнага работнiка. Зiмой клопатаў менш: прадукты з магазiна прынясе, дарожкi ад снегу расчысцiць, у хаце прыбярэ. А вясна работы дадае. Хоць i састарэлi яе падапечныя, але агароды ля хат запускаць не жадаюць, стараюцца iх засеяць. Усе клопаты на плячах сацыяльнага работнiка — пасадка, палiўка, праполка.
А валёнкi пачакаюць да наступнай зiмы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter