Фотоэлектрические панели, тепловой насос и солнечный коллектор: в Ошмянах начался капитальный ремонт детского сада с внедрением энергоэффективных технологий

Сонца ў дапамогу

Яшчэ ў 2012 годзе Ашмяны далучыліся да міжнароднага руху «Пагадненне мэраў па энергіі і клімаце». Па гэтай ініцыятыве Еўрасаюза мясцовыя органы ўлады ўзялі на сябе добраахвотныя абавязацельствы па зніжэнні аб’ёму выкідаў парніковых газаў і павелічэнні на тэрыторыі свайго рэгіёну вытворчасці энергіі з узнаў­ляльных крыніц не менш чым на 30 працэнтаў да 2030 года. Так, ужо тры гады ў райцэнтры дзейнічае дзіцячы сад, заснаваны на прынцыпах энергаэфектыўнасці. Сёння ў горадзе пачынаецца рэканструкцыя яшчэ аднаго садка таксама з мэтай зэканоміць як мага больш электрычнай і цеплавой энергіі. 


На даху дзіцячага сада вылучаюцца ярка-сінія сонечныя батарэі — адзін з асноўных паказчыкаў энергаэфектыўнай устаноўкі.

Жывая канкурэнцыя

У 2017 годзе ЕС абвясціў конкурс грантаў для падпісантаў «Пагаднення мэраў па энергіі і клімаце» сярод краін — удзельніц «Усходняга партнёрства». Ад Беларусі пераможцамі гэтага конкурсу сталі Ашмяны і Бяроза, якія атрымалі фінансавую дапамогу на ўкараненне энергаэфектыўных мера­прыемстваў і тэхналогій. 

У Ашмянскім раёне каля дзясятка дзіцячых садкоў. Аднак будынак ясляў-сада № 3 адзін з найбольш старых. Ён 1970 года пабудовы, даўно ўжо мае патрэбу ў рамонце. 

— Будынак сада праек­таваўся яшчэ па старых нормах. Каб яго прагрэць, патрэбна даволі шмат рэсурсаў,
— уводзіць у курс справы кіраўнік праекта «Укараненне мерапрыемстваў па энергаэфектыўнасці для ўстойлівага энергетычнага развіцця Ашмянскага раёна» Сяргей Нікіцін. — Між іншым, асаблівасць гэтага праекта ў тым, што ўцяпленне сцен будзе праводзіцца з выкарыстаннем еўрапейскай нормы каэфіцыента тэрмічнага супраціўлення сцен. Хоць у краінах Еўрасаюза кліматычныя ўмовы крыху лепшыя, чым у нас, там дзейнічаюць больш жорсткія нарматывы. 

Што прадугледжана па праграме энергаэфектыўнасці і як будзе выглядаць перебудаваны дзіцячы сад? Па-першае, прадугледжана ўцяпленне сцен і даху, замена вокнаў на энергаэфектыўныя, выкарыстанне энергаэфектыўнага асвятлення. Па-другое, у дзіцячым садку будзе ўсталяваны сонечны калектар для падагрэву вады, запрацуюць цеплавыя помпы, якія будуць даваць цеплавую энергію, і фотаэлектрычныя панэлі для выпрацоўкі электраэнергіі. Таксама ў харчаблоку і групавых памяшканнях з’явiцца сістэма вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла, а значыць, часткова энергія будзе вяртацца для паўторнага скарыстання. 

Аднак праектам прадугле­джана не толькі фінансаванне энергаэфектыўных мерапрыем­стваў. Шмат увагі надаецца таксама і інфармацыйнай рабоце з дзецьмі, бацькамі, педагогамі і насельніцтвам Ашмянскага раёна. Напрыклад, быў праведезены конкурс сярод дзіцячых садкоў на лепшыя метадычныя распрацоўкі, стварэнне і распаўсюджванне інавацыйных формаў і тэхналогій працы з выха­ванцамі дзіцячых садкоў, іх бацькамі і насельніцтвам у цэлым у вырашэнні задач рэсурсазберажэння і аховы навакольнага асяроддзя, распаўсюджвання энергаэфектыўнага спосабу жыцця. 

У эканомным садку 

Тры гады назад у Ашмянах ужо быў перабудаваны адзін дзіцячы сад па прынцыпах энергаэфектыўнасці. Мы вырашылі паглядзець, што з гэтага атрымалася. Аказалася, Ашмянскія яслі-сад № 6 сталі адной з чатырох пілотных устаноў адукацыі, што паўдзельнічалі ў 2015—2016 гадах у праекце Еўрасаюза «Энергаэфектыўнасць у школах». У межах праекта таксама правялі рэканструкцыю ў дзіцячым садзе ў Гродне, у сярэдняй школе ў Дзяржынску і прафесійна-тэхнічным каледжы ў Віцебску. На пілотных аб’ектах уцяплілі сцены і дах, замянілі вокны, усталявалі энергаэфектыўнае асвятленне, сонечны калектар і новую сістэму вентыляцыі. 

Выхаванцы шостага дзіцячага сада апынуліся ў найлепшых умовах: новыя вокны, уцепленыя сцены, цёплая вада круглы год.

— Вось наша ўстанова да рэкан­струкцыі, а гэта пасля, — паказвае на стэнд намеснік загадчыка па гаспадарчай дзейнасці ДУА «Яслі-сад № 6 г. Ашмяны» Валянціна Паплаўская. Яна працуе ва ўстанове трыццаць гадоў, з моманту яе адкрыцця — з 1989 года. — Нават знешне ўсё змянілася: і сцены, і вокны. Раней гарачая вада ў нас была толькі ў халодны перыяд года, таму мы не мелі магчымасці выкарыстоўваць басейн. Зараз жа цёплая вада ідзе круглы год, а заняткі праходзяць у тым ліку і ў басейне. Раней падлога была драўляная, цяпер выслана плітачным пакрыццём. У харчаблоку з’явілася новае абсталяванне, у тым ліку індукцыйная пліта.

На даху будынка красуюцца сонечныя батарэі — унікальныя для маленькага гарадка. А ў падвале натыкаемся на сучасны цеплавузел і бакі-акумулятары сонечнага калектара. Пытаюся ў намесніка загадчыка, хто сочыць за ўсім гэтым спецыялізаваным абсталяваннем: 

— За гэтым сачу я. Кожную раніцу абыходжу свае ўладанні, калі што — адразу тэлефаную эксперту па энергаэфектыўнасці праекта, кансультуюся. Па энер­газберажэнні хочацца дамагчыся эканоміі, аднак пакуль мы не выйшлі на запланаваныя паказчыкі эканоміі энергарэсурсаў, бо яшчэ працягваецца настройка энергаэфектыўнага абсталявання, каб яно працавала ў найбольш аптымальных рэжымах. А на гэта патрэбна гады 2—3.

Шукаем спецыялістаў

Вядома, у ідэале хацелася б, каб усе дзіцячыя садкі ў нас былі такія ж прыгожыя і ўтульныя, як энергаэфектыўныя дашкольныя ўстановы ў Ашмянах. Аднак гэта, па сутнасці, немагчыма пры цяперашніх тарыфах на цеплавую і электрычную энергію і кошт на высакаякаснае спецыялізаванае абсталяванне. Рэканструкцыя шостага садка абышлася прыблізна ў 840 тысяч беларускіх рублёў, гэтую суму напалам падзялілі паміж сабой Еўрасаюз і райвыканкам. Выдаткі на трэці садок мяркуюцца на суму каля 1,6 мільёна беларускіх рублёў, 80 працэнтаў з якіх складзе еўрапейскі грант. 

На першым паверсе райвыканкама прадстаўлена выстава лепшых метадычных распрацовак сярод дзіцячых садкоў па энергазахаванні.

— За кошт укаранення энерга­эфектыўных тэхналогій у дзіцячым садку № 3 плануецца скараціць спажыванне энергарэсурсаў не менш чым на 50 працэнтаў, — дзеліцца планамі Сяргей Нікіцін. — Аднак для лепшых паказчыкаў і абслугоўвання складанай сістэмы ўвесь час патрэбна прафесійная наладка абсталявання і больш аператыўнае рэагаванне на змену ўмоў надвор’я.

Пажадана, каб у кожным райцэнтры, дзе гэта неабходна, меўся менеджар па энергаэфектыўнасці. Такую вакансію можна было б увесці ў складзе жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На дадзены момант у Ашмянах няма спецыялістаў, якія маюць вопыт у эксплуатацыі такога абсталявання. Абучаны гэтаму тэхнічны персанал устаноў адукацыі не заўсёды можа самастойна правесці правільную наладку. А профільным спецыялістам з Гродна цяжка аператыўна рэагаваць на запатрабаванні — ад абласнога цэнтра да Ашмян ехаць больш за 200 кіламетраў. Сёння галоўнай праблемай энергаэфектыўнага праекта з’яўляецца пошук і захаванне на месцы адпаведных спецыялістаў. Будзем спадзявацца, што неўзабаве гэтае пытанне атрымаецца вырашыць.

КАМПЕТЭНТНА

Галіна ЛЮТКОЎСКАЯ, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама па пытаннях эканомікі, прамысловасці, гандлю і сферы паслуг:

— Наш рэгіён заняў першае месца сярод раёнаў Гро­дзенскай вобласці па развіцці гандлю і сферы паслуг за мінулы год. У рэгіёне працуюць чатыры гандлёвыя сеткі, таксама ў нас дынамічна развіваецца дробны і сярэдні бізнес. Гэта дае магчымасць выканаць заданне па забеспячэнні працоўнымі месцамі. Калі за мінулы год мы стварылі 122 працоўныя месцы пры 96 неабходных, то сёлета даведзеных нам 90 вакансій плануем абавязкова закрыць за дзевяць месяцаў. 

З сакавіка ў раёне на мяжы з Літвой запрацаваў транспартна-лагістычны цэнтр. Сёння там працягваецца работа, склады запоўнены на 50 працэнтаў. Хутка плануем правесці тут савет па развіцці прадпрымальніцтва, каб прадстаўнікі бізнесу азнаёміліся з усімі магчымасцямі. Падчас другога этапа будаўніцтва ў цэнтры з’явяцца самыя розныя сервісныя паслугі, каб людзі пры неабходнасці маглі паесці, прыняць душ, памыць рэчы і нават пераначаваць.

veronulas@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter