Сонейка, прыйдзі!

НАРОДНЫ сямейны гульнёва-абрадавы гурт «Радзіна» на чале са сваім мастацкім кіраўніком (і, дарэчы, дырэктарам Новінскага СДК) Нінай КЛІМОВІЧ, а таксама дзіцячы фальклорны гурт «Валошкі» разам з вяскоўцамі і гасцямі свята гукалі Вясну.

У той час, як у многіх мясцінах у сувязі з непагаддзю адменены гулянні, у вёсцы Новіны на Бярэзіншчыне Масленіца ўсё ж такі адбылася

НАРОДНЫ сямейны гульнёва-абрадавы гурт «Радзіна» на чале са сваім мастацкім кіраўніком (і, дарэчы, дырэктарам Новінскага СДК) Нінай КЛІМОВІЧ, а таксама дзіцячы фальклорны гурт «Валошкі» разам з вяскоўцамі і гасцямі свята гукалі Вясну.

І радаваліся сонейку, якое ў гэты дзень на дзіва шчодра адорвала ўсіх сваім цяплом. Гурбы снегу не азмрочвалі святочнага настрою: дарогі былі расчышчаны, таму ўпрыгожанае чучала Масленкі з ветрыкам пракацілі па вясковых вулачках на кані.

Ды якая Масленіца без бліноў, без песень ды карагодаў?! Прапанаваны асартымент і цэны таксама прыйшліся даспадобы: блін з тварагом каштаваў 1 тысячу рублёў, з грыбамі — 2 тысячы, з варанай каўбаскай ды сырам — таксама дзве, а блін з каўбаскай сялянскай можна было купіць за 4 тысячы рублёў. З патэльнямі і цестам рупліва спраўляліся дбайныя гаспадынькі Аксана Богач і Галіна Кіклевіч. Жадаючых пачаставацца блінамі было нямала, і карчма «Блінная» працавала без прастояў.

А непадалёк шчыравалі атракцыёны. Не толькі дзетак, але і дарослых прыцягвалі арэлі «Гушкалка», бяспройгрышная латарэя «Вось дык вязуха», атракцыён «Трапны стралок» і іншыя.

Свае песні з гэтай нагоды прывезлі і самадзейныя артысты з суседняй вёскі Міхалёва. Калі чучала Масленіцы ахапіла вогнішчам, загучала песня «Масленіца згарэла, усяму свету надаела». І ўсе, дружна ўзяўшыся за рукі, закружыліся ў карагодзе.

Алена ГРОМАВА

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter