Сонаграма

Нават самага вытрыманага чалавека якiсь нягоднiк калi-нiкалi ды пацягне за язык.

Гумарэска

Вось і iнжынер Мякiшаў ужо якім лічыўся дыпламатам, нiколi лiшняга слова ад яго не пачуеш, тым больш пра начальніка. Ды на табе — на агульным сходзе неўпрыкмет сарваўся, ляпнуў: «А ў нас усё не як у людзей — то адно, то iншае замiнае».

У кiраўнiка арганiзацыi Кляшнi — асаблiвы нюх на «негатыўныя рэплiкi знiзу», як ён сам iх называў. Падначаленыя неабдумана выказвацца асцерагалiся, бо ведалi гарачую любоў шэфа да камплiментаў i яго непрыманне дробязных заўваг. I вось такое ён чуе ад асцярожнага iнспектара.

Канечне, публiчна Кляшня нiчога асаблiвага цi тым больш пагрозлiвага не сказаў, аднак пачаў планамерна i настойліва прыцiскаць падбухторшчыка: то заданне дасць «сёння на ўчора», альбо адправiць у самую невыгодную камандзiроўку, цi, у рэшце рэшт, прэмiю ўрэжа да мiнiмуму. I дысцыплiнарныя спагнаннi адно за другiм дапякалі нястрыманага работніка. Думаў, прыкiдваў Мякiшаў, з жонкаю раiўся, а выхаду не знаходзiў.

Аднойчы трапіла яму ў рукi газета, у якой замежны вучоны сцвярджаў, што сны хоць i не з’яўляюцца нейкай прыкметнай падзеяй, аднак служаць крынiцай рэальнай i дакладнай iнфармацыi аб чалавеку. Так званыя сонаграмы могуць стаць амаль што даведкай аб яго фiзiчным стане, настроi, адносiнах да iншых. Таму літаральна праз пяць хвілін Мякiшаў разам з жонкаю замест прагляду бразiльскiх серыялаў узнёсла сачыняў першую ў жыццi сонаграму пра тое, якi Кляшня добры i справядлiвы кiраўнiк: вiтае любыя заўвагi i не церпiць лiслiўцаў. I ўсё напiсаў у асобах, жывых фарбах, трапяткiх дыялогах.

Наступнай ранiцай зайшоў да дырэктара з дзелавымi паперамi на подпiс i, калi збіраўся выходзiць, расказаў гаспадару шыкоўнага кабiнета пра свае сны ды падмацаваў аповед надрукаванай сонаграмай. Той уважлiва прачытаў, злёгку насупiў свае рыжыя бровы:

— А цi не сачынiў ты гэта?

— Клянуся,    што    ўсё   чыстая праўда! Нават колер вашага гальштука. Ведаеце, самае цяжкае было пад ранiцу: узнавiць дэталi…

— Ну, хай сабе i так…

Калi праз колькi дзён Мякiшаў прынёс чарговую сонаграму, Кляшня ўзбадзёрыўся. I было чаму радавацца. На гэты раз сны прысвячаліся адметнай спагадлiвасцi i бязмернаму розуму хцівага ягамосця.

— Можа, i на самай справе сны дапамагаюць больш поўна раскрыць чалавека? — прабурчэў Кляшня і запхнуў сачыненне ў скураную папку, а Мякішаву нагадаў:

— Ну, добра. Толькi ў наступны раз дакумент (зрабіў націск у апошнім, галоўным для яго слове) тыражыруй не менш як у трох экзэмплярах, каб і працоўны калектыў з ім азнаёміўся. Гэта будзе залікам твайго выпрабавальнага тэрмiну.

Мякiшаў задумаўся: што, калi фарбаў не хопiць? Зусiм нясмела спытаў:

— А калi сны карацейшымi стануць?

— Нiчога — працягнеш! — Кляшня яшчэ не забыўся пра крамольную рэплiку падначаленага. — Паднапнiся, праявi службовае старанне. Я чакаю рэгулярных допiсаў i без паўтораў, зразумеў? Усё адно заўважу!..

Мякішаў уздыхнуў і выпхнуўся з кабінета: часу на сон станавілася ўсё менш…

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter