Сон у Чарапашую ноч

— Да галавы кіруй, да галавы! Ты што ж, не бачыш, дзе перад, дзе зад?! Да галавы!.. Не патрэбны нам усякія-розныя іншыя месцы... Так, добра, цішэй... Усё, глушы матор! Ух, нарэшце прыплылі... Ну “прыйшлі”, “прыйшлі”, а ну вас, “марскіх ваўкоў”, да вашага ж д’ябла... Цяпер слухай, Іванавіч... Пачакай мяне тут. Я хутка, не сумуй. На вось табе пакуль што “Народную газету”, пачытай... На фота?.. Ну я ж і казаў — адметнае месца, відаць, яно самае і ёсць.

Гэта як каму — блукаць па лісцевым лесе напрыканцы восені. На аматара. Асабіста мне не надаюць настрою ні пярэста-брудныя дываны з апалай лістоты, ні шчаціністае вецце хмызнякоў, ні нязграбныя постаці ўшчэнт распранутых напярэдадні лютых маразоў дрэў. Суцяшае адно: лес на гэтым астраўку невялікі, зусім мізэрны.
Ну вось, здаецца, на месцы... Недзе тут ёсць самы цэнтр чарапашай галавы, і як следства — мозгу. Таму нешта звышнатуральнае абавязкова тут павінна прысутнічаць. А дзе ж яшчэ, як не тут?..
Так... Зручна ўладкавацца вось пад той неяк больш гасціннай бярозкай, прытуліцца спінаю да белага ствала, заплюшчыць вочы і... Паспрабаваць пераключыцца на ўзровень падсвядомасці. А як жа тут іначай? Толькі так. Паехалі...

Так і ведала, што дабром гэта не скончыцца. Лятаў тут неяк адзін, усё нешта выглядаў, фатаграфаваў... Мала было мне клопату з вараннём ды маторкамі... Зараз пачнецца: “Чаму тут ляжыш? А чаму не там? Чаго не так ляжыш? А чаму галаву пад панцыр не хаваеш? Адкуль і куды шлях трымаеш? Дзе даведка з санветнагляду?..” Жыцця не дадуць.
Ну хіба што толькі, каб адчапіліся... Слухай. Потым за-пішаш, што ўспомніш.
Што такое ў параўнанні з вечнасцю нейкія там пяцьсот год? Нішто. Імгненне. Так, кароткі бляск падаючай зоркі.
І вось толькі гэта самае імгненне таму назад усё на свеце было па-іншаму. Людзі ведалі, што Зямля плоская і круглая, як талерка, і трымаецца яна на вялізнай чарапасе, праўда, некаторыя, дужа адукаваныя, лічылі — на трох кітах. Тут адразу ж удакладняю — працавалі, трымалі Зямлю мы па чарзе, пазменна, па сто год, бо ўсё ж такі цяжкаватая яна, наша Зямля... Стамляліся. Але гэта не так важна.
Яшчэ ўсе ведалі, што жывуць яны, нармальныя людзі, чалавекі, у самым цэнтры Свету, а па краях яго таксама жывуць людзі, але з сабачымі або конскімі галовамі. І на Месяцы ёсць людзі, але ходзяць яны там уверх нагамі.
Дзень бывае таму, што Бог праязджае па небе на сваёй залатой калясніцы, ноч — таму, што ён накрывае Зямлю вялізным чорным пакрывалам, дождж — таму, што палівае Зямлю з вядра праз дробнае рэшата, гром — таму, што Бог час ад часу злуецца і б’е калатушкай у спецыяльны барабан, а маланка — таму, што кідае ў дрэнных людзей, грэшнікаў, вогненныя стрэлы.
Усё ў свеце было ясна, проста, надзейна і зразумела — на вякі. Шчасліва жылі тады людзі. Баяліся прагнявіць Бога, асабліва ж палохаліся яго барабана з калатушкай і вогненных стрэл... Таму і ніякіх вялікіх войнаў ды злачынстваў, нават брыдкаслоўя на Зямлі не было. Звяроў, птушак, жывёл розных — і тых ніхто без прычыны не крыўдзіў. Бо ведалі: штодня назірае за імі Бог са сваёй залатой калясніцы, усё бачыць, усё пра ўсіх ведае... Добра жылі людзі.
Усё пайшло прахам, увесь гэты вэрхал узняўся тады, калі з аднаго нічым такім не адметнага порта выйшлі ў адкрыты Акіян тры каравэлы. І нават не тады, а калі адзін дужа зоркі матросік загарланіў на ўвесь свет з карабельнай мачты: “Зямля!”
Ад гэтага крыку — у той час была якраз мая чарга трымаць Зямлю — уздрыганулася нават я... Але — праца ёсць праца — штуршка гэтага ніхто тады нават не адчуў. І вось тут і пачалося...
Свет пачаў раптам вельмі хутка мяняцца, а неўзабаве стаў і зусім іншым. Зямля зрабілася круглай, як шар, вакол яе завярцеўся — ды ўсё неяк так, што адным бокам — пустынны і таксама ж шарападобны спадарожнік - Месяц. Потым немаведама як, адкуль і навошта з’явіліся недасяжныя для людзей і непрыдатныя для жыцця Марс, Венера, Уран, потым — вялікае мноства іншых планет, але таксама бязлюдных, халодных і далёкіх.
Ноч і дзень сталі быць таму, што Зямля пачала круціцца вакол Сонца, дождж ператварыўся ў “атмасферныя ападкі”, гром і маланка — у нікому не зразумелы “электрычны разрад”...
Да таго ж “нармальныя людзі” ў цэнтры свету раптам угледзелі, што няма ніякіх людзей з сабачымі ці конскімі галовамі, а ёсць “туземцы” — індзейцы, папуасы ды іншыя, і жывуць яны ні на якім не на краі Зямлі, а ў краінах “трэцяга свету”.
А асноўнае — людзі зразумелі, што Бог штодня не назірае за імі са сваёй залатой калясніцы, і можна рабіць усё, што ўздумаецца... Адсюль і пайшло — і злачынствы, і войны, і “не злоўлены — не злодзей”, і “чалавек — цар прыроды”, і розныя іншыя адхіленні ды ненармальнасці, хваробы-праблемы з галавой.
Чым далей — тым болей: “А ці можна гэта — за 80 дзён вакол свету?”, “А з гарматы на Месяц?”, “А калі ў Месяц ды ўваткнуць сцяг — што атрымаецца?”, “Ці будзе ад яго які цень і як ён будзе там матляцца?”, “Ці ёсць жыццё на Марсе?”, “А на Венеры?”, “Ці адны мы ў Сусвеце?” Ох, давядзе вас гэта ваша цікаўнасць, ох, давядзе...
Хапіла б з вас і гэтай самай Амерыкі. Ды і яна... Патрэбна яна вам была? І чаго не хапала... Ну што, адкрылі Новы Свет — і  лягчэй стала жыць? А?.. Нагаруецеся вы яшчэ з гэтай Амерыкай... Ой нагаруецеся!.. Успомніце, ой і ўспомніце яшчэ не раз нядобрым словам Хрыстафора Калумба.
Ну а я што ж — справы мне больш не было... Кіты па акіянах расплыліся, а я... Папаўзла сабе куды вочы глядзяць.
У многіх мясцінах была, розныя краіны бачыла, але больш за ўсё мне спадабалася тут, у вас. Прыгажосць, цішыня... Асабліва ўвесну ды летам. Зялёныя дрэвы ціхенька перашэптваюцца, птушкі спяваюць, пчолкі гудуць, кветкі ў лугах — аж палымнеюць, матылькі на іх пагойдваюцца... І азёры чыстыя, блакітныя, як майскія нябёсы... Нідзе больш у свеце такога хараства няма. Хто-хто, а я ўжо ведаю... Не зусім яшчэ вас закрануў гэты ўсясветны вэрхал. Самі вы не разумееце, якія вы шчаслівыя. І людзі тут добрыя, гасцінныя... Таму вось і вырашыла застацца. Толькі б маторкі гэтыя пацішэй... І турысты... Дужа я крыку ды гвалту не люблю.
А так што ж... усё добра. Адпачываю. Але ўсякае на Зямлі — ці то плоская яна талерка, ці то круглы шарык — можа здарыцца, можа, калі яшчэ і спатрэблюся. Тады гукніце, калі што... Я тут буду.
А зараз... О, ды ты зусім змёрз. Яшчэ захварэеш, мала мне клопату... Пара табе прачынацца.
Бывай, чалавеча!

Бр-р... Не май месяц. Так... Сон ці ява?.. А хто яго ведае... Нікому пакуль што дакладна невядомы магчымасці гэтай самай падсвядомасці.
А наконт Амерыкі — я і сам даўно... Не ў захапленні. Ці так ужо патрэбна было яе адкрываць? Панесла нялёгкая гэтага Калумба... Адно што — бульба... За гэта, канешне, вялікі дзякуй Новаму Свету ад усёй нашай роднай краіны пад белымі крыламі. Ну і “фабрыка мрояў”... Галівуд. Без яго — як без бульбы. “Хлеба і відовішч!” — тут ужо нічога не папішаш... Без Галівуда — ніяк. Хаця як асабіста па мне — то можна было б і Ратамкай абысціся... Тут — як каму. На аматара.
...Як і блукаць па лісцевым лесе напрыканцы восені...

— Ну і як ты тут, Іванавіч? Не сумуеш? Чытаеш?.. Вось гэта правільна — абавязкова падпішыся. І слухай... Не заводзь матор. На вёслах паплывём... Ды пойдзем, пойдзем, як ты там сабе хочаш. Толькі не будзем парушаць цішыню. Хай тут... адпачнуць.
І сапраўды, хай адпачне бедная чарапашка. Дасталося ёй. Нагаравалася... Ды і колькі там таго адпачынку? Усяго толькі дзве з паловай працоўныя змены... Нейкія пяцьсот год. Так, нішто, імгненне ў параўнанні з Вечнасцю... Кароткі бляск легкадумнай знічкі.
А пакуль...
—  І — ра-а-аз! І — д-ва-а! Успомнім добрыя старыя часы, Іванавіч! І паспяшаемся... Восень... Яшчэ раптам ліне, як з вядра... Праз дробнае рэшата.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter