120 рублёў з чалавека: мы падлічылі, што ўваходзіць у тыпавы навагодні набор сярэдняга мінскага рэстарана

Сом у зiмнюю ноч

Самае папулярнае пытанне снежня: «Што будзеш рабіць на Новы год?». Многія ўжо фактычна гатовы да бою курантаў: выбралі убор, купілі падарункі, запрасілі гасцей. Пакуль адны скрупулёзна складаюць спіс прадуктаў для святочнага стала, другія ледзь не б’юцца ў істэрыцы: яшчэ не вырашылі, дзе будуць адзначаць ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Часу на роздум ужо мала — кафэ і рэстараны на Новы год забраніраваны амаль на 70%. «Р» паспрабавала скокнуць у апошні вагон і за разумную суму замовіць столік у мінскіх пунктах грамадскага харчавання.

Плануецца, што пункты грамадскага харчавання ў навагоднюю ноч будуць заняты на ўсе 100%

Верка Сярдзючка і Майкл Джэксан

Мяркуючы па досведзе мінулых гадоў, кафэ і рэстараны ў навагоднюю ноч будуць заняты на ўсе 100%. Варта паспяшацца: месцы сталі рэзерваваць яшчэ ў кастрычніку — лістападзе, а некаторыя папулярныя пункты грамадскага харчавання прымалі заяўкі і ўвогуле з ліпеня.

— Ёсць яшчэ столікі? — тэлефаную адміністратару кафэ, што знаходзіцца ў самым пачатку Партызанскага праспекта. Цэннік досыць нізкі — 50 рублёў за ноч — з аліўе і шампанскім. Праўда, за культурную праграму просяць даплаціць  яшчэ 20 рублёў. За гэтыя грошы арганізуюць шоу, жывую музыку, віншаванне ад Дзеда Мароза. І дыскатэку да 8 гадзiн раніцы.

Нядрэнна, але рухаемся далей. У два разы больш — ад 100 рублёў — просяць за магчымасць святкаваць у кафэ ля метро «Акадэмія навук». Анансуюць бліскучае шоу: з вясёлым вядучым, караоке, кавер-бэндам. Трохi даражэй, але з больш займальнай шоу-праграмай абыдзецца застолле ў трэцяй установе. Уся справа ў зорках: у Новы год для гледачоў будуць скакаць Верка Сярдзючка і Майкл Джэксан. Дакладней, іх двайнікі.

Сумныя пацехi для страўнiка

Наўздагад выбіраю іншае кафэ: месца яшчэ ёсць, але цэннік зашкальвае. Кошт банкету на аднаго чалавека — 240 рублёў. У меню — беларуская кухня, у праграме — стандартнае шоу з казачнымі персанажамі. Спрабую ўдачу ў рэстаране, дзе свята абыдзецца яшчэ даражэй — у 300 рублёў за аднаго госця. На здзіўленне, мне адмовілі: месцы ўжо забраніраваны.

Ёсць пункты грамадскага харчавання, якія могуць арганізаваць застолле і культурную праграму за вялікую суму — 300, 400 і 500 рублёў на адну персону. Як правіла, у такіх установах дзейнічае прынцып «усё ўключана» — еж і пі, колькі душа пажадае. Праўда, за тую ж суму ў начным клубе на шырокую нагу адпачыць не атрымаецца: часцей за ўсё вы плаціце за праграму, а страўнік пацешаць толькі на ўваходзе — пачастуюць куфлем пеністага напою і порцыяй закускі. Астатнія стравы для фуршэту прыйдзецца дакупляць дадаткова. 

У сярэднім 120 рублёў на чалавека

Дарэчы, спецыялісты прааналізавалі цэннікі кафэ і рэстаранаў на галоўнае зімовае свята. Намеснік начальніка аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання ГУСР Мінгарвыканкама Аляксандр Фралоў агучыў: 

— Дыяпазон цэн вельмі шырокі. Навагодняя ноч у кафэ і рэстаранах Мінска каштуе ў сярэднім 120 рублёў на чалавека, мінімальная цана — ад 50 рублёў за аднаго госця. 

З браніраваннем варта паспяшацца: у мінулым годзе, па даных на 28 снежня, было забраніравана 95% месцаў. Дарэчы, грамадскае харчаванне з сярэдзіны снежня працуе без выхадных і да 6 гадзін раніцы, акрамя аб’ектаў, якія размешчаны ў жылых будынках.

Адзначаць Новы год па-за домам зручна: раніцу не трэба будзе прысвячаць бруднаму посуду, праз сілу даядаць рэшткі гастранамiчнай раскошы — леташнія стравы са святочнага стала. Затое такое застолле — выгадная эканомія. Самыя гультаяватыя дамаседы могуць купіць паўфабрыкаты, гатовыя кулінарныя і кандытарскія вырабы — будзе ў разы танней, чым у кафэ. Прадукты можна купіць як у банкетным, так і ў звычайным выкананні, з дастаўкай дадому.

Танна і добра

Самыя эканомныя людзі адправяцца ў краму, каб дома на кухні самім прыгатаваць стравы. Прадукты можна купіць па акцыі, якіх у перадсвяточныя дні мора. У сярэднім на тры чалавекі гаспадыня выдаткуе ўсяго 50 рублёў. Пры гэтым на стале будзе багацце страў: аліўе і селядзец пад шубай, бутэрброды з ікрой, мяса, мандарыны — поўны навагодні набор. І, вядома, сімвал свята — шампанскае. Яго хопіць усім: толькі мінскія магазіны разлічваюць, што прададуць больш за 2,6 млн бутэлек. Асартымент шырокі: больш за 30 найменняў рознай ёмістасці на любы густ і кашалёк — ад 4 да 12 рублёў. 

«У кафэ добра, а дома лепш», — думаю і вырашаю правесці свята ў чатырох любімых сценах. А хто хоча бурных уражанняў, спяшайцеся — працэнт забраніраваных кафэ расце з кожным перадсвяточным днём.

У ТЭМУ

У мінскіх магазінах 25, 31 снежня і 7 студзеня будзе дзейнічаць графік працоўнага дня. У першы дзень 2018 года для прадуктовых магазінаў прапанаваны рэжым працы з 10.00 да 18.00, большасць непрадуктовых магазінаў не будуць працаваць.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter