Сольны выхад

Ад Беларусі на «Славянскiм базары» спяе Аляксандр Салаўёў

Пуцёўку на песенны конкурс «Славянскi базар у Віцебску» атрымаў Аляксандр Салаўёў

Артыст Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Аляксандр Салаўёў (на здымку) прадставіць Беларусь на Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні, які пройдзе ў час ХХII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Такое рашэнне прыняло журы пад старшынствам першага намесніка міністра культуры Уладзіміра Карачэўскага, у склад экспертаў уваходзілі таксама мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля «Сябры» народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі, мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, кампазітар Алег Елісеенкаў, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева.

Нагадаем, з тыдзень таму, у час другога этапу рэспубліканскага адборачнага тура на віцебскі конкурс выканаўцаў эстраднай песні журы не змагло адразу прыняць канчатковае рашэнне. З дзесяці ўдзельнікаў былі вызначаны двое салістаў-прэтэндэнтаў — вышэйзгаданы Аляксандр Салаўёў і Аляксандр Кавалёў, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па класе вакалу, якія былі запрошаны на дадатковае праслухоўванне ў Маладзёжны тэатр эстрады. У гэтым свайго роду музычным паядынку перамог Аляксандр Салаўёў.

Артысту 26 гадоў, ён родам з Маладзечна. У родным горадзе займаўся ва ўзорнай студыі песні «Спяваем разам» пад кіраўніцтвам вядомага беларускага кампазітара і педагога Алены Атрашкевіч, скончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча па класе акадэмічнага вакалу. На X фестывалі беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2009» стаў уладальнікам Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў і прыза глядацкіх сімпатый. Зараз Аляксандр — саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і студэнт пятага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па класе эстраднага вакалу.

XXII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» плануецца правесці з 11-га па 17 ліпеня.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter