Сола для аркестра з…

Фестывальны  Нясвiж  сабраў  на  свята  мастацтваў муз  тэатра,  гiсторыi,  жывапiсу  i  музыкi

Фестывальны  Нясвiж  сабраў  на  свята  мастацтваў муз  тэатра,  гiсторыi,  жывапiсу  i  музыкi 

Сёння цяжка сказаць, колькi часу мiнула, як перастала гучаць у гарадской ратушы Нясвiжа жывая музыка. Пасля доўгага заняпаду два гады таму гэты помнiк архiтэктуры атрымаў другое жыццё. Цяпер жа ёсць дакладная дата вяртання яго да жыцця культурнага – у сценах ратушы адноўлена радзiвiлаўская традыцыя камерных музычных вечароў. Адбылося гэта падчас сёлетняга фестывалю “Музы Нясвiжа”. А дэбютам стала прэм’ерная канцэртная праграма “Музычны гадзiннiк Нясвiжскай ратушы: 18—19-е стагоддзi”, спецыяльна падрыхтаваная камернымi  калектывамi Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi. 

Адкрыццё 11-га па лiку Беларускага фестывалю камернай музыкi “Музы Нясвiжа” па традыцыi прайшло ў зале гарадскога Цэнтра культуры i адпачынку. Разам з маэстра Мiхаiлам Фiнбергам, пачынальнiкам i нязменным мастацкiм кiраўнiком свята, яго гасцей i ўдзельнiкаў вiталi мiнiстр культуры Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр Мацвяйчук, першы намеснiк старшынi Мiнскага аблвыканкама Леанiд Крупец, старшыня Нясвiжскага райвыканкама Фёдар Прывалаў. Апладысментамi сустрэлi нясвiжцы вiншаваннi фестывалю, дасланыя яшчэ адным яго “хросным бацькам” — Уладзiмiрам Дражыным, сённяшнiм паслом Рэспублiкi Беларусь у Лiтоўскай Рэспублiцы. 

Адкрыла фестываль таксама прэм’ерная канцэртная праграма, прысвечаная 260-годдзю Яна Голанда – кампазiтара, чыя творчасць была цесна звязана з Нясвiжам. Ураджэнец Германii, сябар славутага Баха, у Нясвiжы ён працаваў больш за 20 гадоў, быў прыдворным кампазiтарам Радзiвiлаў, ствараў выдатную музыку для iх тэатра. Асаблiвую вядомасць набыла яго “аперэтка” “Агатка, або Прыезд пана”, напiсаная на лiбрэта Мацея Радзiвiла, якая ўвасобiла рэалii мясцовага нясвiжскага жыцця i ўпершыню вывела на сусветную оперную сцэну вобраз прыгоннай сялянкi.  

Мiж тым нi аднаго твора Яна Голанда не засталося нi ў Нясвiжы, нi ў Беларусi.  Яны захоўваюцца ў музычных архiвах Расii, Польшчы, Лiтвы, Германii. Пераважная большасць музыкi, што гучала на гэтым канцэрце i наогул падчас фестывалю, – адноўленая, упершыню выкананая. Менавiта ў Нясвiжы 11 гадоў таму з’явiлася i акрэслiлася гэтая асаблiвасць – адраджэнне старадаўняй  беларускай камернай музыкi, iмёнаў яе аўтараў, нашых славутых i часта незаслужана забытых землякоў. Сёння яна стала адметнай рысай усiх фестываляў у малых гарадах – Заслаўi, Мiры, Мсцiславе, Навагрудку, Тураве, якiя ладзiць Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi. 

Дарэчы, яшчэ адна традыцыя, народжаная Нясвiжскiм фестывалем. З першых сваiх крокаў ён паяднаў муз тэатра, жывапiсу, гiсторыi i музыкi. Не стала выключэннем i свята сёлетняе. У рамках фестывалю разам з канцэр-тамi адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Нясвiж: вытокi беларускай духоўнасцi”, падрыхтаваная Iнстытутам гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук. У Цэнтры культуры i адпачынку прайшоў спектакль “Парфён i Аляксандра” Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы, адкрылася выстаўка “Нясвiж: майстры i вучнi”, падрыхтаваная мясцовымi мастакамi i выхаванцамi дзiцячай студыi з Мазыра. Дарэчы, юныя землякi маэстра Фiнберга ўжо сем гадоў нязменныя ўдзельнiкi Нясвiжскага фестывалю. 

Не абышлося i без прыемных сюрпрызаў. За вялiкiя заслугi ў развiццi культуры Нясвiжа, адраджэнне яго музычнай спадчыны званне ганаровага грама-дзянiна горада рашэннем мясцовага выканкама прысвоена народнаму артысту Беларусi, мастацкаму кiраўнiку Нацыянальнага аркестра сiмфанiчнай i эстраднай музыкi прафесару Мiхаiлу Фiнбергу. А старажытны Нясвiж атрымаў падарунак ад Нацыянальнай акадэмii навук. У мясцовы музей перададзены гляк для вiна 17-га стагоддзя, знойдзены археолагамi падчас раскопак каля Нясвiжскай ратушы. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter