Соль на рану

Войны, канфлікты, тэрарыстычная актыўнасць і эканамічны заняпад у асобных рэгіёнах планеты — натуральны фон для ўзрастання ўнутранай і знешняй міграцыі. Кіраўніцтва Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў падсумоўвае: упершыню колькасць перасяленцаў, якіх вымушаюць да гэтага абставіны, у свеце ўзрасла да 65,6 мільёна чалавек (летась іх было на трыста тысяч больш, чым у 2015-м). Згодна са статыстыкай, найбольшыя паказчыкі міграцыі звязаны з вайной у Сірыі (бежанцамі сталі 12 мільёнаў).

Між іншым многія еўрапейскія краіны, найперш з Вышаградскай групы (Венгрыя, Польшча, Славакія і Чэхія), працягваюць сабатаваць працэс прыёму на сваіх тэрыторыях мігрантаў, якіх па квотах размяркоўвае афіцыйны Брусель. Нягледзячы на магчымыя санкцыі Еўрасаюза. Так, прэм’ер Венгрыі Віктар Орбан на фоне апошніх тэрактаў у Вялікабрытаніі абвінавачвае ўлады ЕС у дапамозе тэрарыстам і рапартуе перад суграмадзянамі пра завяршэнне будаўніцтва “антыміграцыйнай сцяны” на мяжы з Сербіяй (гэта збудаванне даўжынёй 155 км і вышынёй тры метры).

Свой пункт гледжання на “міграцыйнае пытанне” выказвае і Польшча. Кіраўнік МУС Марыуш Блашчак прапаноўвае Еўропе “з-за пагрозы атак тэрарыстаў зачыніць дзверы для мусульманскіх мігрантаў з Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу”.

Нагадаю, кіраўніцтва ЕС прыняло праграму рассялення “гасцей”. Два гады таму толькі Германія прыняла 1,5 мільёна чалавек. Швецыя — 180 тысяч. Прынамсі, еўрачыноўнікі размеркавалі 160 тысяч бежанцаў у асноўным у заходнееўрапейскія краіны. Усходняй Еўропе далі меншасць: Прага павінна была прыняць 2,6 тысячы бежанцаў, а пагадзілася толькі на дванаццаць, у Польшчу накіравалі сем тысяч, у Венгрыю і Славакію — дзве.

Соль на рану “міграцыйнай тэмы” падсыпала прэзідэнт Харватыі Калінда Грабар-Кітаровіч. Яна абапіраецца на звесткі даследаванняў: у бліжэйшыя гады ў Еўропу можа прыбыць да 200 мільёнаў бежанцаў. Менавіта гэта краіна зацікаўлена ў моцным кантролі на паўднёвай мяжы ЕС, паколькі каля 90 працэнтаў уцекачоў прыбывае сюды па міжнародных трасах. Большасць — маладыя людзі без сем’яў ва ўзросце 16—18 гадоў і ў  іх няма права на атрыманне прытулку ў Еўрасаюзе.

Да таго ж хутка значнае чысло парушальнікаў міграцыйнага рэжыму ў Еўрасаюзе могуць скласці ўкраінцы, якім нядаўна дазволілі бязвіз у Шэнгенскую зону. Многія з іх разлічваюць на працаўладкаванне ў Старым Свеце, але гэта забаронена дзеючым пагадненнем. Па справаздачы Еўрастата, летась у ЕС нелегальна знаходзілася 27 тысяч грамадзян Украіны.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter