Малая родина — чечерская деревня Ботвиново — дает силы председателю президиума НАН Владимиру Гусакову

«Сокі зямлі караням дае вёска»

Сучасную працу на зямлі немагчыма ўявіць без сувязі з навукай. Пачатак гэтаму дало прыняцце амаль стагоддзе таму рашэння Саўнаркама БССР аб утварэнні Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна. На дзейнасць установы ўсклалася вялікая адказнасць. Дзякуючы ўкараненню ў вытворчасць навуковых распрацовак аграрны сектар краіны па многіх пазіцыях выйшаў на сусветны ўзровень. 


Як адзначаў на нядаўнім рэспубліканскім сходзе навуковай грамадскасці старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, дзякуючы комплекснай падтрымцы Прэзідэнта айчынная навука атрымала сваё развіццё. Ва ўсіх галінах прарыўныя навуковыя здабыткі. Плённа супрацоўнічае наша НАН з расійскай. Выканана больш як 60 праграм Саюзнай дзяржавы. У Год міру і стварэння на дзеячаў навукі ўскладаецца вялікая адказнасць — выйсці па многіх накірунках ў сусветныя лідары, адкрываць перспектывы і магчымасці, ствараць даследчыя школы, перадаваць набыты вопыт і веды паслядоўнікам. 

Вучоны Уладзімір Гусакоў вырас у чачэрскай вёсцы Бацвінава (потым стала аграгарадком). Маці Соф'я Гардзееўна была паляводам у калгаснай брыгадзе, бацька Рыгор Якаўлевіч у пасляваенныя гады старшынстваваў, потым загадваў жы­вё­лагадоўчай фермай. Ён нават на заслужаным адпачынку меў занятак — працаваў вагаўшчыком. У сям'і пад­расталі дзеці. Летнім часам гаспадар касіў травы на лузе, прывучаў сыноў да сялянскай справы… 

Праз гады ў сваіх «Маналогах акадэміка» Уладзімір Гусакоў прыгадвае: «Якая ж гэта незабыўная карціна, калі ўсе ад малога да старога заняты адной грандыёзнай справай! І ў кожнага яна свая. Нікога не трэба падганяць. Азарт і радасць працы вітаюць над усімі. А кароткія перапынкі на абед і адпачынак… Калі, расцягнуўшыся на духмяным пакосе, можна развярнуць вузельчык з ежай. Смачней, чым луста хлеба з сальцам і цыбулінай, нічога няма на свеце. І песні, песні…» 

У дакументальным выданні «Гісто­рыя і эканоміка «сялянскага пытання», выдадзеным чвэрць стагоддзя таму, беларускі вучоны грунтуе аналіз гістарычных этапаў развіцця вёскі на цікавых фактах і лічбах, выказвае меркаванні, прагнозы на будучае. Кранае сэрца яго выказванне: «Пад асфальтам карані не жывуць. Сокі зямлі ім дае вёска. Так, вёска — гэта ўсё. Гэта цэлы свет са сваім укладам жыцця, незнішчальнымі правіламі маралі і сумлення, вобразам паводзін людзей і тым асаблівым духам, які, шчыра кажучы, не паддаецца апісанню. Вёска і носьбіт, і захавальнік самай сапраўднай народнай культуры. Менавіта з ёю і звязаны нацыянальны характар». 

Чытаючы гэта, мімаволі адчуваеш непарыўную сувязь сялянскага сына з мясцінамі, дзе ён вырас. 

…На ўскрайку чачэрскага аграгарадка Бацвінава свецяцца агні ў вокнах бацькоўскага дома Уладзіміра Рыгоравіча: не асірацела сядзіба. Жыве цяпер тут сям'я жывёлавода Алены Коршыкавай. Кожную вясну ў садзе зацвітаюць старыя разгалістыя яблыні, грушы, вішні, якія садзіў яшчэ дзядуля Гардзей Скарапанаў. Так-так, з гэтага падворка пачынаўся жыццёвы і творчы шлях вядомага беларускага вучонага-аграрыя Сцяпана Гардзеевіча Скарапанава. Да апошніх дзён жыцця не забываў ён землякоў, часта наведваўся на родную Чачэршчыну. Пры яго дапамозе ў канцы мінулага стагоддзя бацвінаўскія гаспадары атрымалі прыродны газ. Быўшы міністрам сельскай гаспадаркі, вырашаў важныя дзяржаўныя праблемы рэспублікі. Але і вышукваў час, каб патэлефанаваць землякам, пацікавіцца, як у іх справы, заўсёды падтрымліваў. Аддушынай для яго было наведванне сям'і сястры Соф'і Гардзееўны. Радаваўся, калі адзін з яе сыноў, Уладзімір, пайшоў па яго слядах — паступіў вучыцца ў Беларускую сельгасакадэмію. 

— Старэйшае пакаленне добра памятае, колькі добрых спраў зрабіў для гаспадарак раёна акадэмік Сцяпан Скарапанаў, — падкрэслівае першы намеснік старшыні Чачэрскага райвыканкама Віктар Братачкін. — Час быў нялёгкі пасля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі, радыеактыўнае крыло накрыла і нашу мясцовасць. Сцяпан Гардзеевіч цікавіўся жыццём землякоў, вырашаў неадкладныя пытан­ні. Як і акадэмік Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў. З яго дапамогай у аграгарадках раёна ўсталяваны газавыя кацельні, у дамах вяскоўцаў і на жывёлагадоўчых фермах, рамонтных майстэрнях гаспадарак пастаянна ёсць гарачая вада. 

– Наш слынны зямляк не аднойчы прымаў мяне ў сваім сталічным кабінеце ў Нацыянальнай акадэміі навук, — ганарыцца дырэктар ААТ «Бацвінава» Міхаіл Леўкавец. — Уважліва выслухае, удакладніць, што найбольш хвалюе, а калі паабяцае дапамогу, слова стрымае. Штогод абнаўляем насенны фонд збожжавых, набываем пшаніцу, ячмень, авёс класа ЭР-1 і ЭР-2 у смалявіцкім РУП «Шыпяны-АСК», дзякуючы чаму значна павысілася ўраджайнасць на палях. На двух тысячах гектараў вырошчваем азімыя збожжавыя. Вясною — пасеем 1200 гектараў зерневых і 1300 — кукурузы, грамадскі статак забяспечваем уласным фуражом. Збіраемся ехаць за чарговай партыяй насення. Раней гаспадарка спецыялізавалася на вырошчванні гародніны. Уладзімір Рыгоравіч дапамагаў пабудаваць сховішча для агародніны. Пасля далучэння суседняй гаспадаркі плануем пабудаваць малочна-таварны комплекс. Жывёлагадоўчым памяшканням амаль па паўвека, раскіданы яны па некалькіх фермах, трактарам туды не заедзеш. Даглядчыкі раздаюць кармы ўручную. Новы комплекс нам неабходны…

— Кожная сустрэча з нашым выпускніком — вялікае свята для вучняў і настаўнікаў, — распавядае дырэктар Бацвінаўскай базавай школы Надзея Каранеўская. — Слухаць Уладзіміра Рыгоравіча — адно задавальненне: так даступна і цікава расказвае пра свае юнацкія мары, вучобу ў акадэміі, навуковую працу.

— Мая маці загадвала вясковай бібліятэкай, — у размову ўступае былая настаўніца Любоў Філіпенка. — Чытацкі густ Валодзі Гусакова добра ведала. Перачытаў ён усе гістарычныя кнігі, што былі на паліцах. Бацька выкладаў у яго гісторыю і заўжды захапляўся яго грунтоўнымі ведамі па гэтым прадмеце. Усе думалі, што ён стане педагогам, а Уладзіміра Рыгоравіча захапіла аграрная навука. У нашым музеі хлеба, створаным у аграгарадку, спецыяльны стэнд прысвечаны акадэмікам Скарапанаву і Гусакову.

Уладзімір Рыгоравіч на некалькі гадоў старэйшы за мяне, — дапаўняе землякоў бацвінаўскі святар Аляксандр. — У адной школе вучыліся, жылі па суседстве. Нашы бацькі сябравалі. Многія мае равеснікі засталіся працаваць на зямлі, агранамічную адукацыю атрымаў і я. Пасля заканчэння тэхнікума пачынаў аграномам у калгасе. Калі збудавалі царкву, прыняў аблачэнне святара. Кожны год на Радаўніцу ладзім у нашым невялікім Пакроўскім храме малебен, і заўжды ў гэты дзень побач з намі памінае родных акадэмік Уладзімір Гусакоў. 

Вось такая яна, малая радзіма акадэміка Гусакова. Дае сілы ўсім, хто нарадзіўся і вырас тут. Праз мяне землякі даслалі самыя шчырыя пажаданні Уладзіміру Рыгоравічу Гусакову, карані якога ў чачэрскім аграгарадку Бацвінава.

АД «СГ» 

Далучаемся да вінша­ванняў паважанаму Ула­дзі­міру Рыгоравічу Гусакову, свайму коліш­няму аўтару і пастаяннаму чытачу. Натхнення, здароўя, адкрыццяў, новых поспехаў дзеля працвітання роднай Беларусі!

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter