Каб бліжэй пазнаёміцца са Спірыдонам Собалем, спяшайцеся ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Собаль: асветнік і друкар

Толькі прайшоў юбілей беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, як зноў свята — 400-годдзе «Буквара». З гэтай нагоды па ўсёй краіне праходзяць розныя мерапрыемствы, адкрываюцца выстаўкі. Адна з самых змястоўных разгарнулася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, яе галоўны герой — друкар Спірыдон Собаль. Пад адным дахам сабраны каштоўныя экзэмпляры з Музея гісторыі Магілёва, Нацыянальнай бібліятэкі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН і Нацыянальнага мастацкага музея.

Каштоўныя экземпляры старадрукаў паступова вяртаюцца ў краіну.
nlb.by

Хто ж такі Спірыдон Собаль? Хутчэй за ўсё, многія гэтае імя чулі, але сказать што-небудзь больш-менш дакладна наўрад ці змогуць. Хаця гэтую асобу па ўкладзе ў друкарскую справу можна паставіць адразу за Францыскам Скарынам. На жаль, вывучаюць і даследуюць Собаля значна менш, чым першадрукара. Але ёсць надзея, што вось такія юбілеі, а таксама вяртанне яго спадчыны ў Беларусь прымусяць часцей звяртаць на яго ўвагу. Як-ніяк гэта наш зямляк. Заснаваная ім у 1630 годзе пад Оршай Куцеінская друкарня стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. Паліграфічны і мастацкі ўзровень яго выданняў быў дастаткова высокім, а некаторыя яго рашэнні выглядалі наватарскімі. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша сцвярджае, што магілёўскае кнігадрукаванне Собаля аказала ўплыў на развіццё кніжных традыцый на ўкраінскіх і расійскіх землях. Чым не падстава для гонару?

Аляксей Бацюкоў, дырэктар Музея гісторыі Магілёва, наогул дзейнасць Собаля ў пачатку XVII стагоддзя параўноўвае са справамі Біла Гейтса і Сціва Джобса: кожны ў свой час зрабіў сапраўдную рэвалюцыю ў асвеце і тэхналогіях. У Магілёве свайго земляка памятаюць і ўшаноўваюць. Адной з галоўных спраў музея ў апошняе дзесяцігоддзе было набыццё кнігі, да якой дакраналася рука Собаля. Сапраўды дзіўна, што ў горадзе, дзе некалі размяшчалася яго друкарня, не было ніводнага яе арыгінальнага экзэмпляра:

— Мы пачыналі працаваць над тым, каб вярнуць хоць які экзэмпляр кнігі Собаля, даўно. Часам падыходзілі да яго кніг вельмі блізка: была магчымасць набыць «Апостала», але цана была недасягальная для нас — 10 тысяч долараў. Працягвалі шукаць іншыя варыянты. Калекцыянеры не заўсёды хочуць расставацца з Собалем. У 2016-м набылі кнігу «Новы Запавет з Псалтыром Куцеінскай друкарні 1652 года». Але гэта было не зусім тое, што мы хацелі. Собаль заснаваў гэтую друкарню, але сам да гэтай кнігі не меў ніякіх адносін, бо на той час ужо памёр. Шукалі — і знайшлі. Гэта быў таксама замежны калекцыянер, але за «Апостала» ён прасіў удвая менш, таму мы проста не маглі не скарыстацца гэтым шансам.

Алесь Суша пацвярджае: таленавіты асветнік і кнігадрукар пакінуў нам багатую спадчыну — свае выданні, якія яшчэ пры жыцці выдаўца разышліся па ўсёй Усходняй Еўропе і сёння захоўваюцца ў бібліятэках многіх краін. Нацыянальная бібліятэка разам з Магілёўскім аблвыканкамам зрабілі добрую працу — выдалі кнігу «Спірыдон Собаль: вытокі магілёўскага кнігадруку». Па сутнасці, упершыню паспрабавалі зрабіць пералік усіх магілёўскіх выданняў Собаля ва ўсім свеце. З трох яго беларускіх друкарань (Куцейна, Буйнічы і Магілёў) знайшлі 13 пазіцый. Усе яны захоўваюцца ў розных месцах. Напрыклад, «Буквар» ёсць толькі ў Нацыянальным музеі Львова. «Малітвы штодзённыя» — у трох маскоўскіх зборах. Штосьці знаходзіцца ў Літве, Украіне. Што ёсць у нас? «Ліманар» і «Апостал». Іх і спяшайцеся бачыць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, што на вуліцы Багдановіча. У часовай экспазіцыі не толькі каштоўныя выданні, але і іншыя цікавыя дакументы, якія дазваляюць прасачыць шлях друкара і яго радавод.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter