Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пройдзе ў Мінску з 29 верасня па 23 кастрычніка

Снягурку не выклікалі

Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пройдзе ў Мінску з 29 верасня па 23 кастрычніка. Пяты па ліку фестываль прапануе гледачам 25 пастановак — замежных і ў праграме Belarus Open. 


У нашым тэатральным мастацтве «ТЭАРТ» займае асаблівае месца, ён адкрывае нам тэатр будучыні, збірае ў Мінску лепшае з сучаснага сусветнага тэатральнага мастацтва, робіць акцэнт на эксперымент і мастацкае наватарства. У афішы няма выпадковых назваў: усе запрошаныя пастаноўкі — прызнаныя ўзоры тэатральнага мастацтва, якія адзначаны рознымі ўзнагародамі і ўпрыгожвалі многія прэстыжныя фестывалі.

Па словах Анжалікі Крашэўскай, дырэктара Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», арганізатары форуму хочуць бачыць беларускі тэатр часткай міжнароднага тэатральнага працэсу. Велізарная праца праводзіцца на працягу года па адборы спектакляў па ўсім свеце. Бо прадставіць гледачу сучасны погляд, даць яму магчымасць выбару, паспрабаваць фарміраваць яго густ можна, толькі паказваючы сапраўдны тэатр: розны, прафесійны, цікавы.

«Чэхаў. Камедыя.Чайка», Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр.

Міжнародную праграму сёлета адкрые спектакль «Донка — Пасланне Чэхаву» — апошняя па часе праца аднаго з лідараў сусветнага тэатра швейцарскага рэжысёра Даніэле Фінці Паска, вядомага пастаноўкамі цырымоніі закрыцця Алімпійскіх гульняў у Сочы і ў Турыне, шоу ў Цырку дзю Салей і Цырку Элуаз.

Сярод тытулаваных гасцей форуму нямецкі тэатр Шабюне, яго называюць «вечным падлеткам» за ўзняцце вострых сацыяльных пытанняў у  спектаклях. Пры гэтым тэатр працуе з класікай. У Мінску пакажуць пастаноўку Томаса Астэрмаера «Вораг народа» паводле Генрыка Ібсэна.

«Як вам гэта спадабаецца», Тбіліскі акадэмічны тэатр.

Сваё прачытанне шэкспіраўскай камедыі «Як вам гэта спадабаецца», створанае для знакамітага лонданскага фестывалю Globe to Globe, пакажа рэжысёр Леван Цуладзэ і Тбіліскі акадэмічны тэатр імя Катэ Марджанішвілі. У міжнароднай праграме гледачы таксама ўбачаць работы тэатральных калектываў з Расіі, Украіны, Латвіі, Бельгіі, Венгрыі, Італіі, Японіі. Усяго 12 пастановак.

Насычаная сёлета і праграма Belarus Open — 13 спектакляў, прычым амаль палова з іх ад тэатраў не мінскіх, з Брэста і Магілёва. Упершыню ўдзельнічаюць лялечнікі. Адкрыюць Belarus Open тэатр танца Karakuli з пастаноўкай Vasen-Extasen і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек з прэм’ерай «Інтэрв’ю з ведзьмамі». 

«Тарцюф», Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

Па словах крытыка Людмілы Грамыка, каардынатара гэтай часткі праграмы, для паказу на фестывалі сабралі ўсё самае цікавае з таго, што прадстаўлена зараз у рэпертуарных і ў праектных тэатрах краіны, тое, што сапраўды заслугоўвае ўвагі. Наш тэатр сёння такі, які ёсць, ён не зменіцца раптам у адзін дзень, разважае яна і спадзяецца, што тыя крокі, якія будуць зроблены на сёлетнім фестывалі, дапамогуць пераменам адбыцца хутчэй.

Меркаванне

Адмысловы погляд на класіку, новыя формы, смелыя рашэнні і эксперыменты — навошта нам гэта трэба? І што прыўносіць «ТЭАРТ» у наш тэатральны «ландшафт»? Напярэдадні юбілейнага форуму сваімі думкамі дзеляцца прафесіяналы.

Аляксей Ляляўскі, мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек:

— Неяк мы ў сваім тэатры паспрабавалі мадэрнізаваць дзіцячыя навагоднія спектаклі. Гледачы потым падыходзілі і гаварылі, што ўсё, канечне, выдатна, але дзе ж усімі чаканыя Дзед Мароз і Снягурка? Я да таго, што кожны павінен задаць сабе пытанне: мне патрэбныя менавіта Дзед Мароз і Снягурка ці я хачу прыйсці ў тэатр і ўбачыць нешта іншае? Гэта добра, што «ТЭАРТ» крыху перамяшчае акцэнты з традыцый і робіць разнастайным тэатральнае жыццё.


Таццяна Траяновіч, кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

— Адна з пазітыўных функцый фестывалю ў тым, што ён пазнаёміў нашага гледача з іншым тэатрам, з тым, якога няма на тэрыторыі нашай краіны. Сёння ўжо вялікая колькасць нашых гледачоў ведае, што такі тэатр ёсць, і нашы маладыя рэжысёры спрабуюць яго рабіць. Але гэта не азначае, што павінна памерці ўсё старое. Тэатр павінен быць розным. У гледача мусіць быць выбар. Тэатр жыве, пакуль ён запатрабаваны гледачом. А калі не, той тэатр памрэ. Вось і ўсё.


Таццяна Арлова, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі БДУ:

— Галоўнае — гэты фестываль вельмі прасунуў беларускі тэатр. Менавіта тых людзей і тыя творы, якія афіцыйна ў нас не прызнаныя. У нас існуе вялікі масіў рэпертуарнага дзяржаўнага тэатра, і гэтая практычна закрытая сістэма не пускае ў свае сцены нешта новае, неправеранае. Разам з тым у нас ужо не адзін год існуе і іншы тэатр, які відавочна рухаецца наперад, і мы бачым яго парасткі ў праграме Belarus Open. У нас ёсць людзі, з’явы, спектаклі, якія не сорамна паказваць і прасоўваць: пластычны тэатр «Інжэст», тэатр Аляксандра Марчанкі, рэжысёр Яўген Карняг, але, на жаль, у іх няма выхаду на сцэну да вялікага гледача, няма свайго памяшкання, дзе можна працаваць, збірацца, няма магчымасці праявіцца. Адзіны фестываль, які сёння гэтую мастацкую плынь аб’ядноўвае, — «ТЭАРТ».

Iрына СВIРКО 

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter