"Забранiравана на 100 працэнтаў": у майскія святы Мінск стаў самым папулярным горадам для падарожжаў сярод расiян

Сняданак у нумар

Гэта ўжо стала добрай штогадовай традыцыяй — Мінск зноў на першым радку сярод гарадоў СНД у топе наведванняў расійскімі турыстамі на вясновыя святы. Хостэлы, гатэлі розных цэнасных катэгорый і апартаменты разабралі як гарачыя піражкі яшчэ з 28 красавіка. «А колькасць забраніраваных экскурсій у гэтым годзе ў параўнанні з мінулым павялічылася на 30 працэнтаў», — дадаюць у прыватным навукова-вытворчым прадпрыемстве «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму». Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, чым мы прывабліваем турыстаў з суседняй краіны і колькі сродкаў яны пакідаюць на падарожжа ў нас.

Мiрскi замак — адно з самых папулярных месцаў у турыстаў
фота hotel.by

Паводле інфармацыі расійскага сэрвісу Tvil.ru, часцей за ўсё расіяне браніруюць жыллё для адпачынку з 29 красавіка па 10 мая ў Мінску, Астане, Баку, Ерэване і Брэсце. «На майскія святы ў Мінску турысты браніруюць жыллё ў сярэднім на 3,5 ночы», — піша сайт. Па яго даных, у сярэднім турысты выдаткоўваюць на жыллё ў Мінску за дзень крыху больш за 90 рублёў і каля 65 рублёў у Брэсце. Мы ж патэлефанавалі ў гасцініцы, хостэлы Мінска і зрабілі выснову, што плацяць за жыллё ў Мінску самыя розныя сумы. Напрыклад, у хостэле на вуліцы Жукоўскага, дзе кошт ложка ў агульным нумары вар’іруецца ад 16 да 26 рублёў, месцы распрададзены на сто працэнтаў. Ёсць яны на даты бліжэй да Дня Перамогі, але і іх ужо разбіраюць: «Да нас часцей засяляецца моладзь, якая прыехала паглядзець Мінск». Хостэлы, зразумела, гэта самы танны варыянт. У гасцініцы «Славянская», дзе нумары з відам на «Мінск-Арэну», з 30 красавіка па 2 мая ніводнага свабоднага месца не было. Групы турыстаў забраніравалі месцы ўжо і да свята 9 Мая. У гэтай гасцініцы, дарэчы, стандартны двухмесны нумар каштуе ад 123 рублёў. У гатэлях і гасцініцах тыпу «Мінск», «Беларусь» на пачатак месяца падобная сітуацыя — забраніраваць нумар немагчыма. Зараз таксама шматлікія турысты самі рэзервуюць і апартаменты: зняць кватэру на Booking.com, больш-менш бюджэтны варыянт, які выглядае годна, нялёгка — шмат разабрана. А як жа самыя прывабныя для экскурсій месцы — гарады Мір і Нясвіж? Там таксама месцы ў гасцініцах расхапілі яшчэ з 26 красавіка. Напрыклад, у замкавым комплексе «Мір» нумары з канца красавіка і да 4 мая ўключна на сто працэнтаў былі забраніраваны. 

Хто прыязджае да нас? 60—70 працэнтаў — турысты з Расіі, 20—25 — нашы суседзі з краін СНД, астатнія — з Еўрасаюза
Фота Яўгенія КОЛЧАВА

Але ж засяліцца — гэта адно, а вось гарады паглядзець — іншае. Чым радуем прыезджых? Падзялілася назіраннямі Марына Гнедая, дырэктар ПНВП «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму», якое больш за дзесяць гадоў займаецца ўнутраным і ўязным турызмам:

— Пра нашу краіну больш даведваюцца, да нас паехалі іншаземцы. Прычым не толькі расіяне, але і грамадзяне іншых краін. 

Мы размаўляем у офісе, дзе больш за 40 спецыялістаў не адрываюць вачэй ад манітораў. Ледзь не кожную хвіліну браніруецца чарговая экскурсія.

— Зараз вельмі шмат турыстаў з Расіі, іх становіцца год ад года больш. У майскія святы да нас едуць, напрыклад, каб успомніць самім і расказаць сваім дзецям пра Вялікую Айчынную вайну. Таму і актуальныя экскурсіі ў такія месцы, як Хатынь, Курган Славы, Брэсцкая крэпасць. Яшчэ адна нагода наведаць Беларусь — у краіне разумнае спалучэнне цаны і якасці. Як правіла, да нас прыязджаюць на 4—5 дзён. Выбіраюць экскурсіі, многія з якіх «усё ўключана»: дарога, уваход, абед. Напрыклад, аднадзённая паездка ў Брэст з наведваннем крэпасці, Белавежскай пушчы абыдзецца ў 80 рублёў. А ў Хатынь можна паехаць за 30 рублёў. Аглядная экскурсія па Мінску — 25.

Велізарны попыт, які з гадамі не спадае, — на санаторыі. Чаму? Спецыя-лісты кажуць, што мы захавалі ў іх моцны медыцынскі складнік, які дапоўнілі моднымі сёння спа-паслугамі. 

— Таксама цяпер шмат браніруюць вытворчыя экскурсіі, у прыватнасці на завод БелАЗ, дзе можна пракаціцца на знакамітых машынах, убачыць працэс іх стварэння. Яшчэ любяць наведваць ювелірны завод Zorka, дзе можна набыць вырабы са зніжкай, замовіць нешта пад сябе, — пералічвае апошнія трэнды турызму Марына Гнедая.

Экаэкскурсіі набіраюць абароты. Напрыклад, ёсць двухдзённая экскурсія ў Бярэзінскі біясферны запаведнік, дзе турысты ідуць з арнітолагам па балотах у высокіх ботах, з палкай да месца «засідкі» — там слухаюць цецерукоў. З’яўляюцца заяўкі на наведванне майстар-класаў. З апошніх заказаў — група хацела патрапіць на прыгатаванне фітагарбаты. 

Пагутарым з расійскімі турыстамі, якія вось-вось адправяцца на экскурсію на Курган Славы і ў Хатынь. Вось чакае адпраўлення аўтобуса 25-гадовая Анастасія. Яна і яе мама прыехалі да нас з Сергіева Пасада Маскоўскай вобласці:

— Мы ўпершыню ў вас. Ні сваякоў, ні сяброў у нас тут няма. Прыехалі на тыдзень. Знялі кватэру ў Мінску. Выбралі аглядную экскурсію па Мінску, у замак у Нясвіжы, на Курган Славы і ў Хатынь. Мне больш спадабаўся Мінск, а маме — Нясвіж. За ўвесь гэты час патрацілі разам з дарогай, пражываннем і іншым каля 1290 рублёў.

Андрэй прыехаў да нас са сваёй дачкой з Уладзіміра:

— Першы раз тут быў яшчэ ў дзяцінстве, зараз вырашыў абнавіць успаміны, дачцэ паказаць краіну, — дзеліцца ён. — Мы прыехалі на тыдзень паглядзець Мінск і Брэст. На пражыванне і экскурсіі патрацілі каля 600—800 рублёў. Мяне ўразілі Брэсцкая крэпасць, сам Брэст, цэнтр Мінска, Нясвіж і Мір. А вось дачку — вавёрачкі ў парку Горкага. Дзякуй, усё спадабалася! 

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter