Як арганізавана гарачае харчаванне камбайнераў падчас уборкі на палях

Сняданак на траве

Тысячы хлебаробаў штодня па 13—14 гадзін пад няшчадным сонцам шчыруюць на палях. Страты калорый і фізічных сіл больш чым значныя, таму клопат пра іх узнаўленне – адна з самых важных задач кіраўнікоў гаспадарак. Абавязкое патрабаванне – двухразовае гарачае харчаванне. За палявы стол з камбайнерамі і вадзіцелямі сельскагаспадарчага прадпрыемства «Фрунзэ-Агра» Рэчыцкага раёна села і карэспандэнт «Р». 


Сталовая ў «Фрунзэ-Агра» ўласная, таму праблем з тым, дзе гатаваць ежу для работнікаў, не ўзнікае. За плітамі дзяўчаты з 8 гадзін раніцы. Спяшаюцца, бо камбайнеры і вадзіцелі на полі ўжо гадзіны дзве, хутка прагаладаюцца, і самы час везці да іх ежу.

— У нас абавязковае двухразовае харчаванне, 66 абедаў і да 50 порцый вячэры, увечар кормім тых, хто на палях і зернетаках. Меню вельмі разнастайнае, — адчыняе духоўку загадчыца сталовай Святлана Склімянок і дэманструе румяныя катлеты. — На першае гатуем боршч, самыя розныя супы. На другое — курыца, рыба, каўбасы, дамашнія купаты, тэфтэлі. Ніколі не паўтараемся! Калі на абед далі макарону, то на вячэру — грэчку. 

А дванаццатай разносчыцы перакладваюць гарачую ежу ў велізарныя тэрмасы. Гаспадарка вялікая, ад аднаго краю да другога — 65 кіламетраў, таму ў розныя бакі накіроўваюцца дзве машыны. У аўтобус спяшаюцца Тамара Альзаноўская і вадзіцель Пётр Мікулінскі. 
— Гэта наш палявы кармілец! — з замілаваннем глядзяць на яго работніцы сталовай. — Аб’едзе ўсе палі, кожнага камбайнера знойдзе. 
На полі з аўтобуса выгружаюць зборную мэблю — крэсел і лавак хапае на ўсіх. Тома падае талеркі з першым.

— О, боршч! — камбайнер Аляксей Кобец бярэ лыжку і хлеб. — Нядрэнна!

Пару дзён таму Аляксей атрымаў новы камбайн — КЗС-1218. Працаваць на ім, па словах камбайнера, адно задавальненне: кіраваць лягчэй, патокі паветра ад кандыцыянера не перашкаджаюць, даўжэйшая жняярка, больш па памеры бункер. Аднак сіл на збор ураджаю ўсё роўна траціцца шмат, на палях камбайнеры з самай раніцы, таму сілкуюцца з велізарным апетытам. 



— Як у мамы, — шэпча хтосьці над талеркай.

— Глядзі, каб жонка не пачула! — заліваюцца побач калегі.

Яшчэ не ўсе забралі першае, а ўжо з’явілася чарга за пюрэ з бульбы і катлетамі з падлівай. Памочнік камбайнера Крысціна Іванчыкава на час уборачнай пра дыеты забывае. Праца цяжкая, калорыі трэба набіраць, а не скідваць. Крысціна тут адзіная дзяўчына, разам з бацькам Валерыем на камбайне працуе чацвёрты год. Па-за ўборачнай яна настаўніца гісторыі ў школе:

— Вучні ведаюць, дзе я летам час праводжу, адны жартуюць, другія ганарацца. Тут мужчыны спачатку таксама пасміхаліся, а потым прывыклі. Ніхто ўжо не звяртае ўвагі, якога я полу, толькі цукеркі раз-пораз прыносяць.

Салодкае даюць і на абед, абавязкова ёсць булачкі, печыва, чай. А з сабою — бутэлька мінеральнай вады. Не проста пітной, у гаспадарцы ведаюць, што мінеральная дапамае назапасіць солі, якія і без таго вымываюцца з арганізма падчас цяжкай працы. 



— Уся ежа падчас уборачнай за кошт гаспадаркі, — кажа дырэктар «Фрунзэ-Агра» Дзмітрый Панчанка. — На працягу года, як прадугледжвае калектыўны дагавор, мы за харчаванне бяром з работнікаў 10%. Аднак, калі можам, кормім усё роўна бясплатна. Кошт аднаго абеда, у залежнасцi ад складальнікаў, 2—3 рублі. 

орцыі вялікія. Грамаў 500 — першае, 300—350 — другое. Каларыйнасць і адпаведнасць іншым нормам перыядычна правярае санстанцыя. 

— Вы б хоць з намі прыселі ды пачаставаліся, на свежым паветры апетыт добры! — пасоўваецца на лаўцы вадзіцель са стажам Уладзімір Кротаў. 

Яго тут паважаюць: неаднаразова ўзнагароджаны сам, ён выхаваў не адно пакаленне працаўнікоў. Не давяраць такому спецыялісту падстаў няма, сядаю побач. Звон лыжак аб талеркі не падманвае — ежа і сапраўды як дамашняя. Толькі на ўсю порцыю мяне не хапае, запісваць у блакнот — гэта вам не зерне здабываць!

Паміж працаўнікамі пачынае бегаць галоўны аграном Аляксандр Судаленка:

— Хлопцы, зерне падсохла пасля дажджу, трэба пачынаць!


— Бітва за ўраджай бітвай, а абед згодна з раскладам! — сыта смяюцца працаўнікі, аднак жаваць пачынаюць хутчэй. Надвор’е сёння нестабільнае, трэба лавіць кожную хвіліну, каб тэрмінова стаць тысячнікам.

20 хвілін абеду — і камбайны выходзяць на рубеж. Сёння пачалі адпрацоўваць апошняе вялікае поле — 160 гектараў. Па прагнозах агранома, да канца асноўнай уборкі — дзень-два, калі надвор’е будзе спрыяць. Агульны намалот перавысіў 10 тысяч тон, амаль дасягнуўшы мінулагодняга паказчыка. І аўтобус з ежай таксама газуе — боршч і катлеты ўжо чакаюць на іншым полі…

ЦИТАТА

Наталья КОЧАНОВА, Глава Администрации Президента:

— У нас урожайный год, хорошее зерно на полях. Надо в кратчайшие сроки убрать выращенное, чтобы обеспечить продовольственную безопасность и иметь запас для поставок на экспорт.

Президентское совещание, несомненно, подстегнуло всех руководителей. Тогда прозвучало, что 30 процентов техники не готово к началу уборочной кампании. Сейчас ситуация совсем иная. Это говорит о том, что руководителям надо более ответственно относиться к поставленным задачам. Правительством было принято решение о том, что в июне вся техника должна быть готова. Нет, мы ждем еще каких-то указаний.

Все, что было сказано Президентом на селекторном совещании, обязательно для исполнения каждым руководителем — руководителем сельхозпредприятия, района, всей вертикалью власти. Выполнить поставленные задачи в кратчайшие сроки — это дело чести.

valchencko@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ГОРЯЧАЯ ТЕМА: