"Сны аб Беларусі"

Так называецца спектакль, прэм'ера якога адбудзецца ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы напрыканцы чэрвеня —напярэдадні юбілею вялікага песняра, імя якога носіць тэатр.

Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр-пастаноўшчык Уладзімір Савіцкі знаёмы гледачу па сваіх работах на сцэне Купалаўскага тэатра: "Вечны Фама" паводле Фёдара Дастаеўскага, "Балада пра каханне" паводле Васіля Быкава, "Беларусь у фантастычных апавяданнях" Яна Баршчэўскага, "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча і іншых.
У інсцэніроўцы "Сны аб Беларусі" выкарыстаны вершы, урыўкі з паэм Янкі Купалы "Яна і Я", "На куццю", "Сон на кургане", "Адвечная песня", "На папасе", драмы "Раскіданае гняздо" і п`есы Уладзіміра Караткевіча "Калыска чатырох чараўніц", расказала "НГ" вядучы рэдактар літаратурна-драматургічнай часткі Лавінія Шарыпкіна. "У аснове сюжэтнай лініі спектакля — прапанова прасачыць працэс творчага станаўлення паэта, нараджэння сапраўднага генія, — гаворыць яна. — Падзеі ў спектаклі разгортваюцца ў адваротным парадку — перад гледачом паўстаюць найбольш значныя падзеі і персанажы жыцця паэта з дзяцінства і да сталасці, якіх ён бачыць у сне ў сваю апошнюю ноч. У форме сноў галоўнага героя падаюцца разважанні аб адносінах творцы да народа, часу, улады".
У спектаклі занята большая частка трупы тэатра імя Янкі Купалы: выдатныя майстры беларускага тэатра Валерый Аўсяннікаў, Генадзь Гарбук, Арнольд Памазан, Зоя Белахвосцік, а таксама творчая моладзь.
У дні юбілею вялікага песняра купалаўцы запрашаюць не толькі на спектаклі па п`есах Янкі Купалы, але і на выставу, на якой будуць размешчаны матэрыялы з архіва тэатра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter