У Гомелі распачаўся міжнародны праект дапамогі анкахворым дзецям

Снегавічкі ад Андрэя

У Гомелі распачаўся міжнародны праект дапамогі анкахворым дзецям


Старт небываламу міжнароднаму праекту дапамогі анкахворым дзецям даў… 4-гадовы Андрэй Семіліт, украінскі хлопчык з горада Чаркасы, які прыехаў у Беларусь з вельмі цяжкім дыягназам “востры лімфабласны лейкоз”. Разам з маці малы пачаў майстраваць снегавічкоў і выстаўляць іх на продаж, каб зарабіць на сваё лячэнне. Шчыры дзіцячы парыў падхапілі дзясяткі краін свету — ад Беларусі да Саудаўскай Аравіі. Сацыяльныя сеткі апанаваў заклік: “Снегавічок патрэбны ўсім!”, узняўшы хвалю дабрыні.



Маці Андрэйкі — 28-гадовая Алёна — чакае мяне ў доўгім светлым калідоры аддзялення дзіцячай гематалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Сустракае спартыўная, падцягнутая маладая жанчына. Стрыжка пад хлопчыка. У ёй адразу чытаецца рашучасць і сіла волі. Ніякіх апушчаных рук і патухлага погляду. Боль — так. Але не адступленне. Яна нібы чуе мае думкі:

— Ведаеце, гэта спачатку, калі Андрэйку толькі паставілі дыягназ, падавалася, што свет рухнуў, усё валілася з рук. Суткамі плакала наўзрыд. А потым страпянулася. Хто будзе ратаваць маё дзіця, калі не я? Так што цяпер ідзе вайна за майго сына. З яе мы павінны выйсці пераможцамі.

Андрэйка спіць пасля хіміятэрапіі. Маленькі стомлены чалавечак. Каб не трывожыць, знаходзім месца ў пакоі для гульняў. Алёне хочацца ўспа­мінаць, што было да гэтага. Сям’я: яна, муж і сын. У яе работа — шакалацье ў адной з буйных кампаній, якая займаецца продажам бельгійскага шакаладу. Андрэй хадзіў у дзіцячы сад, які ён любіў, таму што там шмат сяброў. У выхадныя — з татам у лес і на рыбалку: “У яго нават ёсць свае рыбацкія боцікі і, зразумела, вудачка”, — яе вочы ажываюць, а вусны дрыжаць. Аднак ніякіх слёз.

У Гомель сям’я Семіліт прыехала восенню мінулага года. За пару месяцаў да гэтага ў жыццярадаснага кемлівага Андрэйкі чаркаскія медыкі выявілі рак крыві. Паводле слоў Алёны, першапачатковы курс лячэння не даў выніку. Сітуацыя толькі пагаршалася. Па парадзе спецыялістаў выйшлі на клінікі Германіі. Чаму не адправіліся туды, Алена складае рукі на грудзях:

— Грошы. Вельмі вялікія грошы былі патрэбныя на лячэнне. Для нас гэта было непад’ёмна. Уся сума адразу. Нямецкія дактары нам падказалі, што з нашымі праблемамі можна звярнуцца ў беларускую клініку. Навялі даведкі. У лічаныя дні звязаліся з Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі. Нас пагадзіліся прыняць. Прычым, плаціць можна было паэтапна. На першую частку лячэння сабралі сіламі родных і блізкіх.

Асобная палата. Зразумелы алгарытм дзеянняў. Не трэба кідацца ў пошуках медыцынскіх прэпаратаў. Алёна пералічвае відавочныя плюсы беларускай клінікі. Галоўнае — ёсць перамены ў стане сына. За гэта яна цяпер моліцца штодня і штогадзінна… А ў лістападзе ўжо стаў падыходзіць час аплочваць наступны этап лячэння. У распараджэнні засталося толькі 500 долараў. Неабходна ж было некалькі тысяч. Яна пракручвае гэтыя падзеі ў памяці і сама да канца не верыць у цуд, які здарыўся:

— Мы вырашылі прадаць нашу кватэру ў Чаркасах. На руках ужо быў дагавор, з якім я з дня на дзень павінна была ехаць дадому, каб яго падпісаць. І ў гэты ж час, каб заняць сына, знайшла ў інтэрнэце майстар-клас па вырабе снегавікоў. Андрэю ідэя вельмі спадабалася. Узрадаваўся, пачаў прыспешваць. Я тады купіла рыс “басмаці”, пару шкарпэтак. І мы пачалі работу. Сапраўды, нічога складанага. Крыху цярпення, фантазіі ды творчасці. Атрымаліся вельмі забаўныя істоты. Я сфатаграфавала нашы творы ручнога мастацтва, выставіла на сваёй старонцы ў інтэрнэце, каб парадаваць родных і блізкіх. І тут ад маёй знаёмай прыходзіць паведамленне: “Выдатны снегавік. Такі патрэбны мне. Гатова працу аплаціць”. Калі я наступнай раніцай адкрыла старонку, не магла паверыць сваім вачам. Падобных заказаў ужо было некалькі дзясяткаў. Яшчэ праз пару дзён лік пайшоў на сотні. Зусім староннія людзі жадалі дапамагчы.

Здымкі Андрэйкі, які робіць снегавікоў дзеля ўласнага выратавання, абляцелі дзясяткі інтэрнэт-рэсурсаў, друкаваных выданняў і тэлеканалаў. Хлынулі тысячы заказаў з розных краін свету: Беларусь, Украіна, Расія, Канада, Польшча, Францыя, Германія, Саудаўская Аравія, ЗША, Ізраіль, Італія, Кіпр… Алёна суткамі шыла снегавічкоў. Аднак неўзабаве зразумела:

— Нам гэта было ўжо не пад сілу. Але людзей, якія адгукнуліся ўсім сэрцам, не хацелася падводзіць. Прызнаюся, мы проста не ведалі, што рабіць. І тут — ізноў прыйшла дапамога. Найбліжэйшая да клінікі Гомельская гарадская школа №15 прапанавала адкрыць у сябе майстэрню па вырабе снегавічкоў. Іх ідэя адразу разышлася па гарадах. Майстар-класы пачалі арганізоўваць у Гомелі, Мінску, Чаркасах…Цяпер усё гэта прадаўжаецца. Таму што мы хочам выканаць усе заказы, якія паступілі.

Алёна мне расказвае пра тыя нечаканыя адкрыцці, якія здарыліся ў яе жыцці. Многія пералічвалі грошы проста так, не патрабуючы нічога ўзамен. Прыходзілі вельмі бадзёрыя пасланні і пасылкі з цацкамі ды кнігамі. Глытаючы слёзы, гаворыць:

— З’явілася адчуванне, быццам увесь свет устаў на абарону Андрэя. А калі столькі людзей хочуць аднаго і таго ж, хіба цуд можа не адбыцца? У лічаныя дні мы сабралі неабходныя 35 тысяч долараў на лячэнне ў клініцы і рэабілітацыю. Грошы, якія паступілі і паступаюць звыш таго, а наша акцыя працягваецца, пералічаны тым украінскім анкахворым дзецям, якім патрэбна платная медыцынская дапамога ў замежных клініках.

Дарэчы, першы адрас такой дапамогі ўжо ёсць — 4-гадовая Таісія Шылава з Данецка. Роўна з такім жа дыягназам, як у Андрэя, дзяўчынка не так даўно прыехала разам з маці на лячэнне ў Гомель. Сабраць патрэбную суму ёй цяпер дапамагае аднагодак Андрэйка Семіліт і ўвесь горад. Дабрачынны марафон, арганізаваны ў падтрымку Таісіі, аб’яднаў простых гамяльчан, прадпрыемствы, арганізацыі, грамадскія аб’яднанні. Няма сумнення, што і тут патрэбная сума будзе сабрана. Таму што снегавічок Андрэя — чараўнік, які абуджае ў людзях лепшае і здольны тварыць самыя звычайныя цуды.

Малы прачнуўся. Крыху капрызнічае. Цягнецца рукой да тумбачкі — на ёй бадзёра сядзіць першы снегавічок. Потым з цікаўнасцю разглядае мяне. Паказвае цацку. Маўляў, знаёмся. Я казычу снегавічку жывоцік-шарык. Андрэйка ўсміхаецца:

— Ён не баіцца козыту! Ён наогул нічога не баіцца!

— Вось гэта герой! Думаю, акурат такі, як ты. Напэўна, вырасце твой снегавік — доктарам стане.

Смешна моршчыць свой вялікі лобік:

— Гэта я збіраюся доктарам стаць. А ён мне будзе дапамагаць.

Віялета Дралюк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter