Рэспублiканскi тэатр беларускай драматургii ў пошуках цiкавых камедый

Смяяцца не грэх

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі разам з Цэнтрам беларускай драматургіі абвясцілі конкурс па стварэнні п'ес для драматычнага тэатра Comedy.by. Год таму вопытныя і пачынаючыя драматургі ўжо спаборнічалі ў падобным мерапрыемстве, толькі тады шукалі прыдатныя творы на тэму 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, зараз жа наспела неабходнасць у годнай камедыі.

Пераможца конкурсу атрымае восем тысяч рублёў
Фота Сяргея ЛАЗЮКА

Што з гэтага атрымаецца, хутка пабачым. Скарынаўская тэма аказалася вельмі папулярнай. Лісты з п’есамі ішлі дзясяткамі, Беларусбанк — надзейны спонсар тэатра ў такіх справах — нават выдаў зборнік лепшых. Мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў, ён жа старшыня журы, марыць, што гэтак будзе і цяпер. У палажэнні аб конкурсе не запісана, але, зноў жа, рэжысёр спадзяецца, што работы пераможцаў будуць увасоблены на сцэне. Нагадаем, што ў мінулы раз Гарцуеву спадабалася п’еса, якая заняла другое месца, і па ёй ён паставіў «Кар’еру доктара Рауса» ў РТБД. Некалькі твораў забралі сабе іншыя тэатры.

Ёсць спадзяванне, што цяперашні конкурс таксама адкрые новыя імёны і падорыць неблагія п’есы. Але ёсць досыць жорсткія патрабаванні. Прымаюцца толькі арыгінальныя п'есы камедыйнага жанру для драматычнага тэатра, напісаныя на беларускай і рускай мовах у 2016—2018 гадах. Забарона на творы, ужо пастаўленыя ў прафесійных тэатрах і антрэпрызах, а таксама на апублікаваныя ў друку і на электронных носьбітах; калі яны ўжо прымалі ўдзел у публічных сцэнічных чытках, іншых конкурсах. Табу і на п’есы па матывах любых літаратурных твораў (выключэнне складаюць п'есы, створаныя аўтарамі па матывах уласных твораў) і напісаныя па сюжэтах народнага фальклору, антычных міфаў і г. д. 

Работы на конкурс прымаюцца да 1 верасня 2018 года. Пасля журы сфарміруе і зацвердзіць шорт-ліст. Потым некалькі ўрыўкаў з кожнай п'есы-фіналіста будзе паказана журы конкурсу і тэатральнай грамадскасці ў форме пастановачных чытак, якія праводзіць Цэнтр беларускай драматургіі. Заключны тур у лістападзе. Агульны прэміяльны фонд конкурсу — дваццаць тысяч рублёў. Мяркуецца ўручыць Гран-пры (восем тысяч рублёў) і яшчэ тры прэміі. Але журы мае права змяншаць або павялічваць памеры і колькасць прэмій.

Наталля ІВАНОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter