Сметніца

з натуры

На прыгожай чыстай пляцоўцы каля новенькага шматпавярховага дома стаялі два мужчыны і, смокчучы цыгаркі, ажыўлена размаўлялі. Да іх падышоў трэці, таксама з цыгаркай у руцэ.

— Вось за мяжой культура дык культура! — казаў адзін з мужчын. — Кругом чысціня, парадак, аж ззяе ўсё!..

— Так-так! — падтрымаў яго другі. — У многіх гарадах нават вуліцы шампунем мыюць!..

— А ў нас хіба магчыма такое? — уключыўся ў размову трэці мужчына. — У нашым пад’ездзе, дарэчы, учора прыбіральшчыца толькі памыла падлогу, як нейкія нягоднікі следам наплявалі і акуркаў накідалі.

— Сапраўды, гэта ўжо, відаць, у генах нашых сядзіць — паскудзіць усюды, — зноў абурыўся першы мужчына. — Я ўпэўнены, што і вось гэты дом-прыгажун хутка стане, як ўсе: і сцены запэцкаюць ды размалююць-распішуць, і смецця ды акуркаў будзе па калена!

— І не сумнявайся! — паддакнуў яму другі суразмоўца. — Такі ўжо наш менталітэт — нічога не шкадуем, калі дзяржава грошы выдзяляе і на будаўніцтва, і на рамонт, і на добраўпарадкаванне, і на ўтрыманне гэтых самых прыбіральшчыц ды дворнікаў. А гэта ж, у рэшце рэшт, нашы з вамі грошы! Думаем, што гэта ўсё на халяву дастаецца!

— І дзеці ж вучацца ад дарослых! — заківаў галавой трэці. — Да чаго дойдзем? Няўжо ніколі не возьмемся за розум, не ўцямім, што нам самім выбіраць: жыць у брудзе ці ў чысціні?!

— Хіба нашых людзей перавыхаваеш! — з абурэннем плюнуў першы мужчына і растаптаў акурак.

— Сумняваюся! — са злосцю падтрымаў яго другі, шпурнуўшы пад ногі сваю недакураную цыгарку.

— Што праўда, то праўда! — зморшчыўся трэці, тушачы свой акурак на тратуары.

І ўсе трое, абыходзячы новенькую, прыгожа пафарбаваную металічную сметніцу, разышліся па сваіх справах.

Міхась СЛІВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter