Смелым лёс дапамагае

За дзевяноста гадоў сваёй гісторыі ААТ «Гастэлаўскае» шмат разоў прызнавалася пераможцам у рэспубліканскіх, абласных і раённых спаборніцтвах і стала візітнай карткай Міншчыны. Па ўраджайнасці збожжавага гектара гастэлаўскім хлебаробам і сёлета няма роўных у сталічнай вобласці. 

Кожны з тысячы гектараў хлебнай нівы даў амаль па 100 цэнтнераў зерня. У засекі засыпана 10 543 тоны збажыны, што амаль на паўтары тысячы тон больш леташняга. Паспяхова выкананы дзяржзаказ па продажы пшаніцы і ячменю. Рэнтабельнасць вытворчасці збожжа і зернебабовых перавысіла 50 працэнтаў. Па выніках абласнога спаборніцтва ў намінацыі «Галоўныя аграномы сельскагаспадарчых арганізацый» другое месца прысуджана кіраўніку агранамічнай службы «Гастэлаўскага» Баляславу Галасю.

Ганаровай граматай Савета Міністраў адзначаны дырэктар Станіслаў Сакалоўскі. Адзінаццаты год ён узначальвае калектыў. У Станіслава Часлававіча дакладная пазіцыя: толькі калі працуеш сумленна сам, з поўным правам можаш патрабаваць вынік ад іншых. 

Дырэктар Станіслаў САКАЛОЎСКІ.

Паспяхова развіваецца ў «Гастэлаўскім» і жывёлагадоўля. Сярэднегадавы надой ад кожнай з 1735 дойных кароў падступае да 10 000 кілаграмаў. Штодзённа з гастэлаўскіх ферм сталічным спажыўцам адпраўляецца амаль 50 тон малака. 

У аснову эканомікі, а значыць, і дабрабыту калектыву пакладзены дыктатура тэхналогій і высокая працоўная дысцыпліна. Для механізатараў нормай стала працаваць па картаграмах палёў. Кожныя пяць гадоў спецыялісты рэспубліканскага інстытута «Аграхімпраект» даследуюць састаў глебы і даюць парады па дазіраванні арганічных і мінеральных угнаенняў. Агранамічнай службай дакладна вытрымліваюцца навукова абгрунтаваныя тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур. Каардынуе працу на полі галоўны аграном Баляслаў Галась. 

Пасля заканчэння аграфака Ленінградскага сельгасінстытута ён вярнуўся на родную Гродзен­шчыну. Працаваў аграномам, а потым галоўным спецыялістам у сельгас­прадпрыемствах воб­ласці.

Галоўны аграном Баляслаў ГАЛАСЬ.

— Дзевяць гадоў таму прапа­навалі ўзначаліць агранамічную службу ў «Гастэлаўскім». Гаспадарка славілася вытворчымі поспехамі. 

— Хваляваўся не толькі наконт таго, ці змагу ўтрымаць высокія пазіцыі перадавога калектыву, але і таго, як крочыць далей, — узгадвае Баляслаў Францавіч. — Тым больш сельгаспрадпрыемства па збожжавых насенняводчае. Каб мець поспех, патрэбны сувязь з навукай і пастаянны пошук новага. Сустрэўся з механізатарамі, агледзеў палі, азнаёміўся з севазваротам. Хлебная ніва займае звыш тысячы гектараў. Асноўная культура — азімая пшаніца. Раяніраванае насенне беларускай селекцыі закупляем у гадавальніках і вырашчаны ўраджай пастаўляем для сяўбы гаспадаркам Міншчыны. Насенныя ўчасткі (120 гектараў) убіралі вопытныя камбайнеры Алег Царэнка і Валерый Лапцэвіч. Кожны камбайн працаваў на асобным полі. Для рэалізацыі падрыхтавалі звыш 500 тон элітнага насення. 25 тон азімай пшаніцы беларускай селекцыі прадалі ў Расію.

— Баляслаў Францавіч, як вам удаецца вытрымліваць тэхналогію вырошчвання сельгаскультур: давяраеце механізатарам ці кантралюеце догляд пасеваў на палях?

— Пасля ранішніх планёрак кожнаму механізатару тлумачу, што і на якім полі трэба зрабіць. На працягу дня кантралюю іх работу. Механізатары Расціслаў Міхальчык, Расціслаў Сачыловіч, Сяргей Мышкавец маюць вышэйшую тэхнічную адукацыю. Завочна заканчвае сталічны агратэхнічны ўніверсітэт малады трактарыст Раман Дука. Вопытны Алег Царэнка два дзесяцігоддзі таму пачынаў слесарам. Ён можа кіраваць любой сельгасмашынай. Зараз на трактары адвозіць клубні ад бульбаўборачнага камбайна ў сховішча. З гектара атрымліваецца па 500 цэнтнераў бульбы. 

Ураджайнасць сартоў азімай пшаніцы «маркіза», «амелія», «болітус», «кубус» дасягнула амаль 100 цэнтнераў з гектара. 

Такі ўраджай — вынік старання людзей і абавязковага выканання тэхналогіі. Перад сяўбою палеткі абавязкова запраўляем арганікай і мінеральнымі ўгнаеннямі. Вясною, як толькі стала магчымым выехаць у поле, Алег Царэнка на агрэгаце РАСА апырскаў рунь вадкім азотам. А як збажына пайшла ў рост, яшчэ раз падкарміў яе. Двойчы ўносіліся гранулы. Колас выдаўся налітым і моцным. 

Камбайнер Алег ЦАРЭНКА.

Перад жнівом машынна-трактарны парк «Гастэлаўскага» папоўніўся збожжаўборачным камбайнам «Джон Дзір». Даверылі яго Алегу Царэнку. Намалаціў ён амаль 3 000 тон збожжа. Другое месца сярод камбайнераў гаспадаркі заняў Андрэй Таляронак. У ліку лідараў і механізатар Андрэй Леў. 

Механізатар Андрэй ТАЛЯРОНАК.

Новы збожжаўборачны камбайн КЗС-1624-1 «Палессе GS16» вывеў на хлебную ніву малады Дзмітрый Жодзік. Да завяршэння жніва ён паспеў намалаціць звыш 700 тон збажыны. Убіралі яе сем экіпажаў. Дырэктар Станіслаў Сакалоўскі задаволены, што фінансавыя сродкі дазваляюць папоўніць камбайнавы парк яшчэ адным агрэгатам. 

На перавозцы збожжа з поля лідзіраваў вадзіцель МАЗа Іван Шпак. У яго заліку звыш 3000 тон перавезенага ўраджаю. Лепшымі таксама прызнаны вадзіцелі Аляксей Дука і Аляксандр Матус.

Трактарыст Андрэй ЛЕЎ і вадзіцель Іван ШПАК. 

Пасля завяршэння жніва на палеткі выйшлі глебаапрацоўчыя агрэгаты. На 230 гектарах пасеялі азімы рапс. 800 гектараў адведзена пад азімыя пшаніцу і трыцікале. Пасля вераснёўскіх дажджоў роўнымі радкамі зазелянелі ўсходы. На дванаццацігектарным участку эксперыментальна пасеяны азімы ячмень. 

Механізатары нарыхтоўваюць кармы. Ім трэба скасіць кукурузу на зялёную масу на 700 гектарах. На цэнтральнай сядзібе, у Сеніцы, сцяг працоўнай славы ўзняты ў гонар Андрэя Таляронка. На кормаўборачным камбайне ён штодзённа накошвае звыш 200 тон сіласнай масы. З поля фураж адвозяць Іван Шпак і Андрэй Леў. Запаўняюць сіласныя траншэі на малочна-таварным комплексе «Канюцічы». Там звыш 2000 галоў буйной рагатай жывёлы, палова — дойныя каровы.

Нашы сельгасугоддзі прымыкаюць да сталіцы, — адзначае дырэктар Станіслаў Сакалоўскі. — Пашырыць іх нерэальна. Наадварот, горад паступова забірае нашы землі. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы на фермах павялічваецца, і прадукцыйнасць кароў расце. Вясною з-за недахопу сіласу давялося закупляць фураж. Але, як кажуць, смелым лёс дапамагае. Сёлета выкраілі дадаткова паўсотні гектараў для пашырэння кукурузнай плантацыі. З гектара атрымліваем звыш 500 центнераў зялёнай масы. На кожную галаву буйной рагатай жывёлы назапасілі ўжо больш як 20 цэнтнераў кармавых адзінак. Плануем закласці 25 тысяч тон сіласу. Фуражны запас папоўніць і зерне кукурузы. З 150 гектараў спадзяёмся намалаціць яго паўтары тысячы тон. 

Правільная арганізацыя працы дазваляе дабівацца поспеху. Высокія вытворчыя паказчыкі павышаюць фінансавую стабільнасць. За старанне і самаадданасць нашы хлебаробы маюць годныя заробкі. За жніво кожны механізатар атрымаў больш як па 3000 рублёў. А гэта лепшая матывацыя працы на зямлі.

УНП600041944
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter