“Залатую пальмавую галіну” ў Канах атрымала шведская сатырычная стужка

Смех скрозь слёзы

Пераможцам самага прэстыжнага кінафестывалю свету стаў фільм “Квадрат” шведскага рэжысёра Рубена Эстлунда, вядомага па стужках “Гітара-мангалоід”, “Добраахвотна-прымусова”, “Гульня” і “Форс-мажор”. Яшчэ напярэдадні фестывалю “Квадрат” Эстлунда ахрысцілі новым “Тоні Эрдманам”, які летась у Канах прадставіла нямецкі рэжысёр Марэн Адэ. І многія асцерагаліся, што фільм не атрымае нічога, як і драма Адэ. Аднак члены журы аддалі шведскай сатыры на сучаснае грамадства галоўную ўзнагароду фестывалю.

квадрат (Копировать).jpg

Герой “Квадрата” — апрануты з іголачкі куратар музея сучаснага мастацтва Крысціян. Ён разведзены, выхоўвае дзвюх дачок і, у прынцыпе, вядзе правільны вобраз жыцця. Аднак гэту гармонію парушае крадзёж мабільніка і кашалька. Крысціян высочвае тэлефон праз дадатак і адпраўляецца ў адзін з бедных раёнаў Стакгольма ў спробе вярнуць сваю ўласнасць, тым самым запускаючы чараду нечаканых падзей. Рэжысёр пастаянна іранізуе над сваімі героямі і не дае гледачу засумаваць, выкідваючы чарговыя сюжэтныя павароты, якія можна расказваць як анекдоты. Таму глядзець “Квадрат” цікава ад пачатку да канца.

Апроч стужкі Эстлунда, на Канскім фестывалі быў названы яшчэ шэраг пераможцаў. Так, Гран-пры фестывалю атрымаў фільм “120 удараў у хвіліну” французскага рэжысёра Рабена Кампіё пра абыякавасць грамадства да хворых СНІДам. Прыз журы дастаўся фільму Андрэя Звягінцава “Нелюбоў”. Найлепшым рэжысёрам прызнана амерыканка Сафія Копала, найлепшымі акцёрамі — немка Дыяна Кругер і амерыканец Хаакін Фенікс.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter