Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У расійскім горадзе Кургане адкрыўся магазін “Белорусские продукты”

Смакі з Бацькаўшчыны

Новы магазін, па вуліцы Гогаля, 53, курганцы пазнаюць і па адпаведнай шыльдзе, і па беларускім арнаменце, які ўпрыгожвае ўваход і дапаўняе інтэр’ер гандлёвай залы. Месца зручнае: на цэнтральнай плошчы абласнога цэнтра, непадалёк ад кінатэатра “Россия”. Індывідуальны прадпрымальнік Пётр Шмараў, які наладзіў гандаль, прызнаўся, што там свядома створаны “савецкі” знешні выгляд з даданнем нацыянальнага беларускага каларыту. Мяркуе, для людзей старэйшага пакалення такі антураж нагадае пра мінулае, а моладзь тут зможа даведаецца, якога смаку й якасці былі раней прадукты харчавання.

У новым магазіне
Фота: Таццяна Макавеева

На прылаўках — розныя каўбасныя вырабы, соўсы, прыправы, у тым ліку хрэн, ёсць саланіна, сыры, малочныя прадукты: малако, кефір, смятана, ёгурты. Усё — вышэйшай якасці, без ГМА і дадаткаў. Ёсць цукеркі, шакалад, вафлі. Асаблівы гонар Пятра Шмарава — сапраўдны беларускі хлеб: аржаны і белы.

Як жа з’явілася ідэя такой крамы? Сям’я Пятра Уладзіміравіча прадае касметыку, і для папаўнення асартыменту яго жонка заключыла прамы кантракт з вытворцамі з Беларусі — кампаніяй “Iris Cosmetic”. Па прадукцыю яна спачатку паехала сама, прывезла з Беларусі гасцінцы — некаторыя прадукты. Муж паспрабаваў, і яму вельмі спадабаліся. З часам у Кургане пачалі з’яўляцца выставы-кірмашы беларускіх прадуктаў, іх зауральцы рассмакавалі. А калі ёсць попыт, то з’явілася й прапанова — пасля таго, як Шмараў пазнаёміўся са старшынёй Нацыянальна-культурнага цэнтра беларусаў Зауралля “Батькавщина” Людмілай Урванцавай. Яна дапамагла “звесці масты” з аддзяленнем Пасольства Беларусі ў Расіі ў Екацярынбурзе, з дзелавымі людзьмі ў рэгіёне, у Цюмені. Год прайшоў ад ідэі да адкрыцця крамы, і вось яна ўжо ёсць. Прычым “Белорусские продукты” — гэта ж і сведчанне ўмацавання дружбы паміж дзяржавамі. А паміж вобласцю і Беларуссю падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве.

Людміла Урванцава для стварэння нацыянальнага каларыту прынесла з “Беларускай хаты”, штаб-кватэры суполкі, ручнік, шторы з беларускім арнаментам, нацыянальныя касцюмы. “Сяброўства ўмацоўваць можна і смачнай ежай, — лічыць яна. — Я вельмі задаволена! У канцы кастрычніка ў Курган прыязджала дэлегацыя з Беларусі, у яе складзе былі кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, міністр ЖКГ, намеснік міністра сельскай гаспадаркі. У нашай “Беларускай хаце” была з імі сустрэча, дзелавая размова. То хай будзе ў яе працяг!”

Адным з першых пакупнікоў магазіна стаў пенсіянер Сяргей Вяроўкін. Кажа: як пачуў пра навіну, то адразу пабег сюды. “Ува мне цячэ беларуская кроў: я ж нарадзіўся пад Бабруйскам! — удакладняе. —Прыйшоў і кажу: дайце мне самага смачнага. Набраў усяго патрохі, нават кефір купіў! Прывяду яшчэ праўнукаў, бо й яны хочуць убачыць краму, пакаштаваць прадукты з прадзядулевай радзімы”.

Пётр Шмараў плануе развіваць справу, пашыраць асартымент. Калі ўсё складзецца, то й павялічваць колькасць магазінаў з беларускім асартыментам па горадзе.

Таццяна Макавеева, г. Курган

Голас Радзімы № 1 (3553), субота, 6 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter