Свята музыкі і лірыкі адбудзецца праз тыдзень у Маладзечне

Смак роднага слова

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” быў арганізаваны ўпершыню ў 1993 годзе. Хто б мог падумаць, што пройдзе чвэрць стагоддзя, а цікавасць да яго не толькі не згасне, але яшчэ больш вырасце. Сёлета фестываль пройдзе 8—9 чэрвеня. Арганізатары абяцаюць выступленні артыстаў, мастацкія выставы, горад майстроў, забаўляльныя пляцоўкі для дзяцей і дарослых.


Па традыцыі цэнтральнай падзеяй свята стане Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. За Гран-пры будуць змагацца 20 артыстаў з усіх абласцей краіны. Канкурсанты павінны выканаць па два творы айчынных аўтараў на нацыянальнай мове. Творчае спаборніцтва адбудзецца на пляцоўцы Палаца культуры горада, а цырымонія ўзнагароджання пераможцаў — на сцэне Амфітэатра падчас урачыстага адкрыцця фестывалю, якое арганізатары абяцаюць зрабіць яркім і эмацыянальным. Салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста прафесара Міхаіла Фінберга прадставяць у гэты вечар прэм’еру канцэрта “Мелодыя лёсу”, прысвечанага 80-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка. Завершыць першы дзень форуму святочны феерверк. А на наступны дзень, 9 чэрвеня, жыхароў і гасцей горада запросяць у музычна-паэтычную гасціную “Малая радзіма — пачатак мой і выток”, на сустрэчу з заслужанай артысткай Тамарай Раеўскай і вялікі канцэрт з удзелам артыстаў беларускай эстрады.

mila@sb.by

Фота БЕЛТА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter