Смачная каўбаска докшыцкая

Анастасiя Каляга працуе ў райспажыўтаварыстве ўжо 40 гадоў

Аматарам якасных каўбасных вырабаў ужо здаўна прыйшлася па густу прадукцыя мяснога цэха Докшыцкага райспажыўтаварыства

Можна сказаць, што сталi каўбасы ад Анастасii Мiкалаеўны Каляга нават брэндам сiстэмы раённага грамадскага харчавання. Ужо 40 гадоў працуе Анастасiя Мiкалаеўна ў райспажыўтаварыстве, з iх толькi ў мясным цэху – 30.

I увесь гэты час яна, сёння ўжо майстар-повар 6-га разраду, сваiмi рукамi падрыхтоўвае для каўбас фарш непаўторнага смаку. Яе iмя знаёма многiм жыхарам горада. Запрасiць Мiкалаеўну гатаваць на вяселле лiчыцца за гонар. Якiмi незвычайнымi, арыгiнальнымi стравамi здзiўляе яна!

Работнiкi мяснога цэха — iх два чалавекi – выпускаюць у тыдзень адных каўбас з назвай “Сталiчная” па сто кiлаграмаў. Абарот уласнай прадукцыi мяснога цэха складае 37 мiльёнаў у месяц.

Для каўбаснага фаршу выкарыстоўваецца свiнiна – 70 працэнтаў, ялавiчына – 30 працэнтаў, а непаўторны водар дасягаецца з дапамогай арыгiнальнага букета спецый: перцу, часнаку, кмiну, солi — i анiякiх кансервантаў. Пастаўляюцца на рэалiзацыю каўбасныя вырабы ў кулiнарыю, унiверсам “Родны кут”, магазiн у Крулеўшчыне i ў iншыя гандлёвыя кропкi.

Прадукцыя мяснога цэха разыходзiцца на ўра. Па словах Анастасii Мiкалаеўны, сярод найбольш папулярных у насельнiцтва паўфабрыкатаў – мясныя бескасцёвыя выразкi, фаршы, каўбасы сырыя. Пажаданнi пакупнiкоў улiчваюцца пры распрацоўцы новых рэцэптур.

Трэба толькi адзiн раз паспытаць мясныя смачнасцi – каўбасу “Сталiчную”, каб стаць iх пастаянным спажыўцом.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter