Смачна есці

Супрацоўнікі музеяў Магілёўскай вобласці адраджаюць старадаўнія рэцэпты беларускай кухні
Супрацоўнікі музеяў Магілёўскай вобласці адраджаюць старадаўнія рэцэпты беларускай кухні

Мачанікі, бліны-ладачкі, поліўка ці печаны гусак — нашы продкі ведалі сакрэты добрай ежы!



— Але многія рэцэпты, на жаль, ужо страчаны, — гаворыць дырэктар Магілёўскага этнаграфічнага музея Святлана Рыбакова. — Тады як гэта можна з поўным правам лічыць часткай нашай нематэрыяльнай спадчыны.

Ідэя вярнуць нашчадкам гэты пласт культуры нарадзілася невыпадкова. «Яна стала лагічным працягам работы па адраджэнні традыцый і рамёстваў беларускага народа, якую мы вядзём ужо пяць гадоў, — удакладняе Святлана Рыбакова. — Такім чынам «другое жыццё» атрымалі касцюмы і ручнікі сялян Падняпроўя, іх рамёствы. А зараз дайшла чарга і да страў».

— Экспедыцыі ладзілі ўсё лета, — прызнаецца дырэктар Чавускага гісторыка-краязнаўчага музея Іна Казакова. — Сваёй машыны ў нас няма, таму кожны раз даводзілася шукаць «аказію». Але ўсё-такі аб’ехалі звыш трыццаці вёсак. Галоўная наша знаходка — рэцэпт жытняга квасу, які здаўна рабілі на чавускай зямлі.

На Дрыбіншчыне, расказалі навуковыя супрацоўнікі мясцовага гісторыка-этнаграфічнага музея Таццяна Чараповіч і Жанна Клімава, і сёння пякуць у печцы аладкі. А яшчэ хлеб з бульбяным «дадаткам» — у краме такі не купіш! А Марыя Ізмайлава з вёскі Ціўнавічы Бабруйскага раёна варыць сыр з казінага малака — як калісьці яе маці і бабуля. Крыху малака, прыправы, цярпення — і добры натуральны прадукт гатовы! Супрацоўнікі Бабруйскага гісторыка-краяведчага музея таксама ўзнавілі спосаб прыгатавання медавухі.

Усяго супрацоўнікі музеяў Магілёўшчыны сабралі звыш трох дзясяткаў старадаўніх рэцэптаў і прэзентавалі іх у час навукова-практычнай канферэнцыі. «Самыя-самыя» з іх знойдуць адлюстраванне ў музейных экспазіцыях. Удзельнікі праекта не сумняваюцца: іх праца будзе мець не толькі навуковае, але і практычнае прымяненне. Для сучасных гаспадынь прыгатаванне многіх старадаўніх прысмакаў, вядома, здасца вельмі затратным — у першую чаргу па колькасці часу. Але, як лічыць вучоны сакратар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Анатоль Седзін, традыцыі беларускай нацыянальнай кухні могуць стаць знаходкай для кафэ і рэстаранаў альбо брэндам аграэкасядзіб. Бо продкі нашы любілі смачна есці. Як выявілі гісторыкі ў час раскопак на Нікадзімавіцкім гарадзішчы ў Горацкім раёне, ужо ў V стагоддзі нашай эры яны не толькі сілкаваліся рознымі кашамі, прыгатаванымі са злакавых, але маглі вэндзіць і смажыць мяса дзікіх жывёл.

Святлана МАРКАВА, «Р»

Фота Ірыны САВОСІНАЙ

На здымку:
супрацоўнікі дрыбінскага музея Таццяна ЧАРАПОВІЧ (злева) і Жанна КЛІМАВА: «Смак у аладак з печы — непаўторны!».
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter