У Міністэрстве культуры чакаюць заявак ад прэтэндэнтаў на Нацыянальную тэатральную прэмію

Служыцелі Мельпамены, адгукніцеся!

У Міністэрстве культуры чакаюць заявак ад прэтэндэнтаў на Нацыянальную тэатральную прэмію.



Лепшых з лепшых у тэатральным мастацтве будуць выбіраць сёлета па новых правілах. Конкурс стартуе ўжо сёння, аднак яго вынікі будуць агучаны напрыканцы года. Цягам месяца, з красавіка па май, будуць прымацца заяўкі ад кандыдатаў на атрыманне прэміі. Затым цэлы месяц, з мая па чэрвень, будзе працаваць адборачная камісія, па выніках працы якой абнародуюць шорт-ліст намінантаў. І толькі ў канцы лістапада — першай палове снежня пройдзе Нацыянальны тэатральны тыдзень, падчас якога адбудуцца прагляды адабраных спектакляў і будуць вызначаны пераможцы.

Як і ў папярэдніх прэміях, захаваецца прынцып дзялення на намінацыі: “Драматычны тэатр”, “Музычны тэатр”, “Лялечны тэатр”. Але ж да іх далучыцца новая комплексная намінацыя — “Тэатр для дзяцей і юнацтва”. Мяркуецца, журы будзе разбіта таксама на чатыры саставы — для больш камфортнай і якаснай працы. Акрамя таго, па прапанове тэатральных дзеячаў сёлета дабавяцца яшчэ дзве новыя намінацыі — “Лепшая жаночая роля” і “Лепшая мужчынская роля” (раней выбіралі аднаго пераможцу ў агульнай намінацыі “Лепшая роля”). Аднак знікне намінацыя “Лепшая рэжысёрская работа” — было вырашана, што дастаткова намінацыі “Лепшы спектакль”, перамога ў якой і так азначае, што рэжысёрская праца ў ім лепшая. Будуць вызначаны таксама пераможцы ганаровых намінацый за мецэнацкую дзейнасць і ўклад у тэатральнае мастацтва.

Тэатрам варта паспяшацца з вызначэннем прэтэндэнтаў на нацыянальную прэмію. Падаць заяўкі можна да 1 мая ўключна. Не паспееце ўскочыць у гэты цягнік — наступнага чакаць аж два гады: згодна з новым фарматам прэмія будзе ўручацца не штогод, а раз у два гады, каб тэатры маглі падрыхтаваць і прадставіць больш прэм’ер.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter