
Не можаш? Дакажы!
Цяпер маладыя людзі, якія заяўляюць, што служба ў арміі супярэчыць іх рэлігійным перакананням, могуць аддаць доўг Радзіме, адслужыўшы на грамадзянцы. Такое права першапачаткова было замацавана ў беларускай Канстытуцыі. Але закон прыняты толькі цяпер.
Узнікае пытанне: а ці не атрымаецца, што некаторыя прызыўнікі, каб пазбегнуць тэрміновай воінскай службы, цяпер змогуць “прыкрывацца” рэлігійнымі матывамі?
Права альтэрнатыўнай службы не прадастаўляецца аўтаматычна. Калі малады чалавек прызнаны прыгодным для ваеннай службы, але заявіў, што яна ідзе ўразрэз з яго светапоглядам, сваю заяву яму давядзецца абгрунтаваць, для чаго прызыўная камісія мае права запрасіць на пасяджэнне прадстаўнікоў рэлігійных ды іншых арганізацый, якія могуць даць тлумачэнні па сутнасці.
Нават калі камісія дасць станоўчае заключэнне, прызыўніку лепш яшчэ раз усё добра ўзважыць. Бо тэрмін альтэрнатыўнай службы ў Беларусі тры гады — гэта ўдвая даўжэй за ваенную. Праўда, для асоб з вышэйшай адукацыяй ён складае два гады.
Пералік тых арганізацый, дзе можна будзе прайсці альтэрнатыўную службу, вызначаецца Міністэрствам працы і сацабароны. Як правіла, гэта сферы, дзе заўсёды патрэбныя рабочыя рукі: бальніцы сястрынскага догляду, хоспісы, дамы-інтэрнаты, прадпрыемствы ЖКГ, сельскай і лясной гаспадаркі. Разлічваць на высокія заробкі “альтэрнатыўшчыку” таксама не варта.
— Маё стаўленне да гэтага адмоўнае, — выказаў свой пункт погляду Міністр абароны Рэспублікі Беларусь Андрэй Раўкоў. — Альтэрнатыўная служба ніякім чынам не звязана з Узброенымі Сіламі. Пытаннямі забеспячэння людзей, якім патрэбна праходзіць альтэрнатыўную службу, будзе займацца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Сто чалавек на ўсю краіну
Распрацоўшчыкам закона адрасавана нямала крытыкі. Маўляў, чаму падставай для праходжання альтэрнатыўнай службы з’яўляюцца толькі рэлігійныя перакананні? А як жа, напрыклад, пацыфізм ды іншыя філасофскія плыні?
— Трэба зыходзіць з таго, што ўмовы праходжання альтэрнатыўнай службы не павінны быць больш прывабнымі ў параўнанні з умовамі тэрміновай ваеннай службы, — адказвае начальнік аддзела юрыдычнага ўпраўлення Мінпрацы і сацабароны Вольга Ліхтаровіч. — Інакш не выключаны злоўжыванні і вялікая колькасць неабгрунтаваных зваротаў грамадзян, якія будуць матываваныя толькі жаданнем спрасціць сабе жыццё.
Відавочна, што альтэрнатыўная служба — з’ява не масавая. Паводле ацэнкі старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Уладзіміра Васіленкі, кожны год у краіне будзе прызывацца не больш за сотню “альтэрнатыўшчыкаў”.
Адваротны бок
Ільготы для вернікаў
Беларускія заканадаўцы
для тых, хто будзе праходзіць альтэрнатыўную службу, прадугледзелі некаторыя льготы ды прэферэнцыі:
• абавязковае дзяржаўнае страхаванне за кошт бюджэту;
• вызваленне на час службы ад платы за жыллё і ЖКП;
• захаванне права знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў;
• залік альтэрнатыўнай службы ў стаж работы, а тым, хто адслужыў, — гарантыя першага працоўнага месца;
• права вяртання пасля службы на раўнацэнную пасаду ў дзяржаўных арганізацыях, дзе працаваў раней, ці ў навучальную ўстанову, дзе вучыўся;
• на час службы прадастаўляецца адтэрміноўка пагашэння крэдыту, у тым ліку льготнага, на будаўніцтва або куплю жылля і выплаты працэнтаў за карыстанне крэдытам;
• бясплатнае забеспячэнне медыкаментамі, якія выдаюцца па рэцэптах урачоў, у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў.
Канкрэтна
Дзе чакаюць незвычайных навабранцаў
Магілёўшчына разам з іншымі абласцямі ўжо падала ў Мінпрацы і сацабароны краіны свой пералік прадпрыемстваў і арганізацый, дзе патрэбныя рабочыя рукі.
— У спісе больш як паўсотні структур: райбальніцы, камунальныя службы, малочна-таварныя фермы, лясгасы, — пералічыла начальнік упраўлення камітэта па працы, занятасці і сацабароне Магілёўскага аблвыканкама Алена Якаўлева. — Хлопцы змогуць таксама прынесці карысць людзям, праявіць сябе ў справе добраўпарадкавання тэрыторый.
Хутка стане вядома, якія менавіта структуры будуць прымаць такіх навабранцаў — іх пералік у бліжэйшы час павінен з’явіцца ў адкрытым доступе.
— Такая сіла прыйдзецца вельмі дарэчы, — гаворыць дырэктар Быхаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Зінаіда Пракаповіч. — Размова ідзе пра маладых моцных мужчын. Ім дапамагчы хвораму чалавеку падняцца, пасадзіць у інваліднае крэсла прасцей, чым санітарцы-жанчыне. У нас каля двухсот пацыентаў з парушэннем рухальных функцый. У апецы хворых і састарэлых ёсць яшчэ і выхаваўчы момант — без душэўнасці тут ніяк не абысціся. Прызыўнікі павінны разумець, што адседзецца не атрымаецца. Працаваць давядзецца сумленна, з поўнай аддачай. Мы за гэтым будзем сачыць.