Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з двухдзённым візітам пабываў у Пакістане

Слушных прапаноў зашмат не бывае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з двухдзённым візітам пабываў у Пакістане, дзе правёў перагаворы з Прэзідэнтам гэтай краіны Мамнунам Хусейнам і з прэм’ер-міністрам Навазам Шарыфам. У  Пакістане таксама працавала буйная беларуская дэлегацыя, якая ўключае як міністраў, так і прадпрымальнікаў, кіраўнікоў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. Падчас візіту падпісана каля двух дзясяткаў дакументаў, якія, на думку бакоў, дадуць магчымасць значна пашырыць двухбаковае супрацоўніцтва. 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Пакістана Мамнун Хусейн
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Пакістана Мамнун Хусейн

Калі ацэньваць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне дзвюх краін, то адразу звяртае на сябе ўвагу нестабільнасць тавараабароту. За апошнія 8 гадоў гэты параметр вагаецца ў межах ад 50 да 120 мільёнаў долараў. Такім чынам, можна меркаваць аб наяўнасці саліднага патэнцыялу для нарошчвання супрацоўніцтва. Чаго не хапае, дык гэта, здаецца, сістэмнага падыходу да яго арганізацыі. І перагаворы на вышэйшым узроўні, несумненна, тут адыгрываюць сваю стымулюючую ролю. 

На сёння ў эканоміцы Пакістана відавочны ўхіл у бок аграрнага сектара. У ім занята большая частка насельніцтва. Але перспектыва развіцця іншых галін праглядаецца вельмі выразная. Не выпадкова Пакістан прылічаны да 11 дзяржаў, якія нараўне з краінамі БРІКС маюць найбольшы патэнцыял для таго, каб стаць адной з буйнейшых эканомік свету ў XXI стагоддзі. Немалыя бонусы ўжо ў бліжэйшай будучыні абяцае горназдабыўная прамысловасць. У краіне ёсць радовішчы газу, нафты, вугалю, хромавых руд, мармуру, паваранай солі, вапняку, урану, фасфарытаў, барыту, серы, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. Нетры вельмі багатыя, але даследаваныя яшчэ далёка не цалкам. І досвед беларускіх спецыялістаў тут можа аказацца вельмі дарэчы. 


Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусейнам:

У нас няма практычна ніякіх праблем у сферы палітыкі. Мы супрацоўнічаем у міжнародных арганізацыях. Падтрымліваем адзін аднаго. Думаю, гэтым шляхам і трэба ісці, падцягваючы да гэтага супрацоўніцтва і дэпутатаў, і кіраўнікоў ведамстваў. А што датычыцца эканомікі, то тут нам трэба сур’ёзна папрацаваць.


Уласна, кропак супадзення інтарэсаў Ісламабада і Мінска ў дзелавым узаемадзеянні нямала. Сустрэчы і перагаворы праходзілі на ўсіх узроўнях.

Падводзячы вынікі перагавораў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што двухбаковыя дамоўленасці адлюстраваныя ў двух дзясятках дакументаў, падпісаных падчас візіту: “Мы ў Беларусі ўспрымаем Пакістан як аднаго з лідараў мусульманскага свету. Гэта непарадак, калі такая краіна не прадстаўлена ў цэнтры Еўропы”. 

У сувязі з гэтым бакі дамовіліся пра будаўніцтва будынка пасольства Пакістана ў Мінску.

Так, у Пакістане знаходзілася вялікая беларуская дэлегацыя, у складзе якой былі як міністры, так і прадпрымальнікі, кіраўнікі буйных дзяржаўных і прыватных структур. За час іх работы дасягнуты да­моўленасці аб стварэнні ў абедзвюх краінах сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці патрэбнай для або­двух бакоў прадукцыі. 

Пасля падпісання дэкларацыі
Пасля падпісання дэкларацыі

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Беларусь наведваў Старшыня КНР Сі Цзіньпін, і кіраўнікі дзвюх дзяржаў наведалі месца будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку пад Мінскам, дзе будуць сканцэнтраваныя вытворчасці найбольш перадавых кампаній свету:

“Гэта ў плане рэалізацыі эканамічнай канцэпцыі Шаўковага шляху Кітайскай Народнай Рэспублікі. Мы запрашаем і вашы кампаніі прыняць удзел у стварэнні сваіх вытворчасцяў у гэтым тэхналагічным парку. Мы для гэтага створым вам неабходныя ўмовы. А падатковыя льготы там беспрэцэндэнтныя”. 

Краіна асабліва зацікаўлена ў тым, каб, прыйшоўшы ў Беларусь, Пакістан стварыў сучасныя швейныя, тэкстыльныя вытворчасці, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка: “У вас вялікі досвед у гэтым. У нас жа ёсць для гэтага вельмі добрая база. І мы гатовыя да стварэння з вамі ў цэнтры Еўропы сумесных вытворчасцяў. Ваша прадукцыя з гэтых прадпрыемстваў, наша сумесная прадукцыя будзе карыстацца вялікім попытам. Гэта той тавар, якога сёння не хапае на прасторы былога Савецкага Саюза, і мы яго завозім з розных краін. Думаю, што ваша прадукцыя будзе канкурэнтная і на еўрапейскім рынку”.

Сярод дакументаў, адобраных падчас перагавораў у пашыраным складзе, — дагавор аб узаемнай прававой дапамозе па грамадзянскіх і гаспадарчых справах, міжурадавыя пагадненні аб ваенна-тэхнічным, супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій, міжурадавы мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыі і камунікацый.

Міністэрствы замежных спраў Беларусі і Пакістана падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні адносна заснавання механізма двухбаковых кансультацый, мемарандум аб узаемным супрацоўніцтве — Міністэрства юстыцыі Беларусі і Міністэрства права, юстыцыі і правоў чалавека Пакістана. Падпісаны таксама дакумент-пагадненне аб стварэнні беларуска-пакістанскага сумеснага дзелавога савета. 

Таксама зацверджаныя пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, культуры паміж Магілёўскім аблвыканкамам і ўрадам правінцыі Пенджаб, паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Федэрацыяй Пакістанскіх гандлёва-прамысловых палат, паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй “Pakistan Television Corporation”, паміж Белдзяржуніверсітэтам і Універсітэтам Каід-і-Азам.

Акрамя таго, падпісаныя мемарандумы аб узаемаразуменні ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, навукі і тэхналогій, інвестыцый, а таксама паміж нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Пакістана, Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі і Нацыянальным універсітэтам навук і тэхналогіі Пакістана. 

Праграма  візіту Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан уключала як афіцыйныя, так і адно сімвалічнае мерапрыемства. Аляксандр Лукашэнка пасадзіў дрэва ў парку “Шакарпарыян”. Гэтае месца ў гістарычным цэнтры Ісламабада вельмі папулярнае сярод мясцовых жыхароў і турыстаў. На адным з двух узгоркаў узведзены нацыянальны сімвал — манумент Пакістана. На другім раскінуўся парк адпачынку, дзе заўсёды шматлюдна. Дзіўнае месца, у якім злучаецца дух гістарычных традыцый і нацэле­насць на мірнае і спакойнае развіццё краіны. Прэзідэнт Беларусі пакінуў у кнізе ганаровых гасцей такі запіс: “Захоплены ісламабадскім паркам “Шакарпарыян”, які красамоўна ўвасабляе адзінства Пакістана і яго шчыры намер жыць у міры і згодзе з народамі Зямлі. Няхай дрэва, паса­джанае мною сёння, служыць добрым сімвалам дружалюбных адносінаў паміж Беларуссю і Пакістанам, іх дынамічнага развіцця і працвітання”.

Агульная выснова адназначная: дзве дзяржавы маюць палітычную волю і поўныя дзелавой рашучасці да больш дынамічнага і прадуктыўнага ўзаемадзеяння ў любых сферах. Вынікам зносінаў стала, як вядома, падпісанне Прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам Ісламабадскай дэкларацыі беларуска-пакістанскага партнёрства. А члены дэлегацый з абодвух бакоў абмяняліся яшчэ двума дзясяткамі заключаных раней пагадненняў і мемарандумаў. 

Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф расказалі журналістам пра змест перагавораў і вынікі, зафіксаваныя ў дэкларацыі. У дзелавой частцы гаворка ішла аб узаемным гандлі, абмене інвестыцыямі, развіцці культурных кантактаў. У палітычным ключы заяўлена аб неабходнасці развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Пашырэнні не толькі двухбаковых, але і міжрэгіянальных кантактаў. Далейшага цеснага ўзаемадзеяння на міжнародных пляцоўках, перш за ўсё ў ААН. Гэтыя вектары Мінскам ды Ісламабадам ацэньваюцца з агульных пазіцый. 

Аляксандр Лукашэнка запрасіў пакістанскага прэм’ер-міністра наведаць Беларусь, і Наваз Шарыф з падзякай гэтую прапанову прыняў. Мяркуецца, што візіт адбудзецца ў жніўні, суправаджаць высокага госця будзе вялікая дэлегацыя членаў урада і прадстаўнікоў дзелавых колаў. Прэзідэнт паабяцаў сур’ёзную прапрацоўку і падрыхтоўку мерапрыемства. Напярэдадні будзе праведзена пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва. На ім будзе падрабязна прааналізавана рэалізацыя ўсіх дамоўленасцяў, дасягнутых у пакістанскай сталіцы. Такім чынам, візіт Наваза Шарыфа будзе напоўнены канкрэтным зместам, каб мемарандумы і пагадненні, падпісаныя нядаўна ў Пакістане, прапанаваў Прэзідэнт, былі ператвораныя ў канкрэтныя кантакты.

Варта асабліва адзначыць, што абедзве  краіны заяўляюць аб цікавасці да стварэння сумесных вытворчасцяў як на тэрыторыі Пакістана, так і ў Беларусі. Пачатак гэтаму працэсу пакладзены. Аляксандр Лукашэнка ўручыў Навазу Шарыфу сертыфікат на першы беларускі трактар, сабраны на пакістанскай зямлі літаральна падчас візіту. Пакістану, несумненна, таксама ёсць чым адказаць.

Пакістан па колькасці насельніцтва — гэта шостая краіна ў свеце, і другая па колькасці мусульманскага насельніцтва пасля Інданэзіі.

Пакістан з’яўляецца аграрна-індустрыяльнай краінай, якая развіваецца. Яна ўваходзіць у лік адзінаццаці краін, якія разам з краінамі БРІКС маюць найвялікі патэнцыял, каб стаць адной з  буйнейшых эканомік свету ў ХХІ стагоддзі.

Большая частка насельніцтва Пакістана занятая ў сельскай гаспадарцы. Асноўныя тавары, якія экспартуюцца, гэта: тэкстыль, скураныя вырабы, спартыўныя тавары і дываны.


Уладзімір Хромаў


Канкрэтыка беларуска-пакістанскіх праектаў

Уладзімір Гусакоў, Старшыня прэзідыума НАН Беларусі: 

— Нашых калег перш за ўсё цікавіць супрацоўніцтва ў галіне касмічных даследаванняў. Я прадставіў ім магчымасці нашай праграмы, спадарожнікавыя здымкі пакістанскай тэрыторыі. Гэта іх вельмі зацікавіла. Не меншая ўвага да нашых беспілотных лятальных апаратаў, напрацовак у галіне біятэхналогій, сельскагаспадарчага машынабудавання, да аграрных тэхналогій. Усяго мы прадставілі каля 40 канкрэтных праектаў для сумеснай работы. Калегі іх будуць вывучаць, і мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час у Пакістан прыедзе група навукоўцаў ад нашай Акадэміі навук для дэталёвага ўдакладнення планаў супрацоўніцтва. Крыху пазней і Беларусь наведае дэлегацыя навуковых колаў Пакістана. Думаю, што ў нас будзе добрае супрацоўніцтва. Узаемная цікавасць да яго надзвычай высокая.

Лілія Ананіч, Міністр інфармацыі:

— Праяўлена вялікая цікавасць да журналісцкай адукацыі ў Беларусі. Мы бачым актуальным наладжванне рэгулярнага аператыўнага абмену навінамі, культуралагічнымі праектамі, стварэнне сумесных тэлевізійных прадуктаў, у тым ліку мастацкіх серыялаў. Тут такая прадукцыя вельмі запатрабавана. Нам цікавы досвед Пакістана ў плане забеспячэння інфармацыйнай бяспекі. Ёсць узаемная зацікаўленасць супрацоўнічаць у кнігавыданні. Перш за ўсё ў вытворчасці вучэбных дапаможнікаў. Пакістанскія калегі гатовыя ўдзельнічаць у нашых выставачных праектах. Мы разумеем, што эканоміка будзе рухацца толькі тады, калі краіны і народы будуць лепш разумець адзін аднаго. І ў гэтым плане адбылася вельмі змястоўная гутарка са спецыяльным прадстаўніком прэм’ер-міністра Пакістана па пытаннях нацыянальнага развіцця ды інфармацыі. Мы падрабязна гаварылі пра важнасць тэмы інфармацыйнага ўзаемадзеяння. Сёння Пакістан накіроўвае свае позіркі ў Еўропу і бачыць у Беларусі астравок стабільнасці, дзе сходзяцца розныя эканамічныя, палітычныя вектары. Мы павінны, паказваючы нашу краіну, разумець тое важнае месца, якое сёння займае Беларусь у свеце. На нас накіраваныя погляды і Еўропы, і Азіі, без перабольшання, усяго свету. Мы гэта павінны цаніць, гэтым ганарыцца і выкарыстоўваць сабе на карысць.

На сёння ў эканоміцы Пакістана відавочны ўхіл у бок аграрнага сектара. У ім занята большая частка насельніцтва. Але перспектыва развіцця іншых галін праглядаецца вельмі выразная. Немалыя бонусы ўжо ў бліжэйшай будучыні абяцае горназдабыўная прамысловасць. У краіне ёсць радовішчы газу, нафты, вугалю, хромавых руд, мармуру, паваранай солі, вапняку, урану, фасфарытаў, барыту, серы, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. Нетры вельмі багатыя, але даследаваныя яшчэ далёка не поўнасцю. І досвед беларускіх спецыялістаў тут можа аказацца вельмі дарэчы. 

Андрэй Каўхута, дырэктар Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі:

— Беларускія спецыялісты маюць даволі багаты досвед у разведцы нафтавых радовішчаў, цвёрдых карысных выкапняў, соляў, падземных водаў. Гэтыя напрамкі таксама цікавяць нашых пакістанскіх калег... Цяпер адбываецца абмен інфармацыяй, мы прадставілі магчымасці беларускіх геолагаў, пакістанскія калегі паказваюць, чым багатая іх краіна. Вядома ж, нам трэба яшчэ даволі сур’ёзна вывучыць геалагічную будову тэрыторыі Пакістана, вызначыць магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва. Ёсць пэўная цікавасць з боку пакістанскіх кампаній, у тым ліку ў дачыненні пошуку вуглевадародаў, нафты і газу. Актуальнай з’яўляецца таксама праблема пошуку падземных водаў. Дасягнута дамоўленасць аб падпісанні рамачнага пагаднення па супрацоўніцтве ў галіне разведкі карысных выкапняў. Агаворваюцца магчымасці і ўмовы правядзення такіх работ, накіравання ў Пакістан спецыялістаў, падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter