Як гомельскі валыншчык здзіўляе сваім вулічным мастацтвам

Слухайце маму і рок-н-рол

Фотаздымкі гомельскага валыншчыка, які з’явіўся ў гарадскім парку і на прывакзальнай плошчы, абляцелі сацыяльныя сеткі ігмненна. Аляксей Шкурапацкі першым пазнаёміў мясцовых мінакоў з чароўным светам фальклорнай і рокавай музыкі, які стварае гэты незвычайны інструмент. Часу з яго пачатковага выступлення на гомельскіх ву-ліцах прайшло няшмат, аднак гараджане ўжо ўспрымаюць яго як мясцовую славутасць. Сам музыкант лічыць валынку маніфестам, а вулічнае мастацтва — элітарным.

Задача вулічнага артыста — прадэманстраваць нешта незвычайнае

— О, «N.R.M.»! — вялікая група падлеткаў спынілася каля моста цераз лебядзіную сажалку ў парку і пачала прытанцоўваць у такт знакамітай музыцы.

Прызнацца, я ўпершыню чула «Тры чарапахі» ў выкананні валынкі. Моладзь, мяркуючы па шырока адкрытых вачах, таксама. З захапленнем праслухаўшы мелодыю, яны пачынаюць лазіць па кішэнях у пошуках манет. 

— Мне не хопіць на праезд! — шэпча адзін з хлапчукоў.

— Я цябе давязу! — вырывае грошы яго сябар. — Як іграе! 

Да скрыні, у якую мінакі апускаюць грошы для музыканта, падлеткі падыходзяць спакойна і мерна. Яны ж не дзяўчынкі, каб фанацець ад выканаўцы. Нават калі валынка раптам выдае Rammstein. Захапленне знакаміты гомельскі валыншчык выклікае абсалютна ў розных людзей: вось вусаты мужчына гадоў 50 пляскае ў далоні, вось тры маладыя маці з каляскамі, вось дзеткі, якія цягнуцца ўбок музыканта. 

— Мае слухачы — усе, — пацвярджае падчас перапынку сам валыншчык. — Спыняюцца і старыя, і маладыя. Я выбіраю музыку пра глыбокае і вечнае, пра тое, што можа захапіць усіх. Аднак самыя прыемныя слухачы — гэта дзеці.

Украінец Аляксей Шкурапацкі ў Гомель канчаткова пераехаў пару гадоў таму. Гісторыя рамантычная: закахаўся ў дзяўчыну, застаўся, ажаніўся, стаў бацькам маленькага Эрыка і паспеў ужо ператварыцца ў адзін з сімвалаў горада. 

— Валыншчыкам я захацеў стаць яшчэ ў канцы 90-х, калі пачуў запісы нямецкага калектыву In Extremo. Інтэрнэт тады быў развіты слаба, праўдзівай інфармацыі было мала, а тая, што мелася, была даволі супярэчлівай. Таму прайшло 10 гадоў, перш чым я змог набыць першы такі інструмент. Вучыўся іграць на слых. У мяне было шмат сяброў-музыкантаў, якія падказвалі, як рабіць гэта правільна. Самі яны валынкай не валодалі, аднак казалі, атрымліваецца ці не. Інструмент мяне адразу заваражыў. Валынка — гэта своеасаблівы плакат. Калі параўноўваць музыку з выяўленчым мастацтвам, то ёсць нейкія празрыстыя і зразумелыя, як акварэль, рэчы. Ёсць эксізы алоўкам, а ёсць манументальныя прадуманыя палотны. А валынка — шырокія яскравыя мазкі, гэта інструмент-лозунг, інструмент-маніфест. 

Задача вулічнага артыста — прадэманстраваць нешта незвычайнае

Зараз Аляксей з’яўляецца пастаянным удзельнікам дзвюх музычных груп і гасцявым музыкантам для некалькіх замежных праектаў. Ён паспеў адыграць свае праграмы на вуліцах многіх гарадоў Украіны, Расіі, Беларусі, Польшчы і Ізраіля і лічыць, што не кожны хлопец з гітарай пад адкрытым небам — сапраўдны вулічны выканаўца.

— Адна справа, калі ты бачыш дзіўны і нават дзікаваты нумар, які не пакажуць па тэлебачанні. І перформансы, і валынка — рэчы, якія пашыраюць свядомасць, уяўляюць сабой сацыяльны заклік да таго, што трэба пашыраць свой кругагляд і тым самым рабіцца лепшым, бо будзе больш ведаў і больш жыццёвага вопыту. А нядаўна бачыў ролік пра хлопца, які прымусіў гучаць тэнісную ракетку. Іншая справа, калі на вуліцы выходзяць прафесійныя артысты, каб зрабіць рэкламу ці зарабіць грошай. Ці тыя, чые творчыя здольнасці выклікаюць пытанні, каго не ўзялі выступаць нават у бар. 

Гамяльчане збіраюцца накіраваць у гарвыканкам прапановы па развіцці вулічнага мастацтва. Тэатралы, мастакі і музыканты жадаюць выступаць без перашкод, магчыма, на спецыяльна адведзеных пляцоўках, як, напрыклад, удзельнікі праекта «Музычная карта Мінска». Што тычыцца магчымых перашкод, то валыншчык Аляксей крытычных сітуацый успомніць не можа, аднак пэўныя сацыяльныя цяжкасці існуюць. 

— Да вас можа падысці п’яны неадэкватны чалавек і завесці размову пра культуру і яго погляд на яе. Можа — з прымяненнем фізічнай сілы. А з інструментам ты заўсёды ў слабым становішчы, нават імгненна ўпакаваць яго не можаш. Тысячы твая творчаць падабаецца, а аднаму... 

Калі пытанне з адкрыццём спецыяльна адведзеных пляцовак і вырашыцца, нельга перашкаджаць артыстам выступаць і ў іншых месцах, лічыць Аляксей. У кожнага свой куток. Для валыншчыка — гэта палацава-паркавы ансамбль, дзе ёсць і дрэвы, і лаўкі, і расслабляльная атмасфера. Музыкант вяртаецца да выступлення і зноў радуе мінакоў захапляльнай сумессю музыкі барока, брытанскіх балад і таго, што ён называе сучасным фальклорам, — вечнымі творамі The Beatles, Элвіса Прэслі і Віктара Цоя. У скрыню ляцяць манеткі, аднак пытанне пра памер заробку валыншчык лічыць некарэктным. Для вулічнага артыста, кажа ён, гэта як «чаявыя» афіцыянту ці бакал у бары ў знак падзякі. 

Праграма для выступлення можа рыхтавацца тыднямі і месяцамі. Валынка — інструмент архаічны, і каб сыграць новую мелодыю, над ёй трэба добра папрацаваць. І звычайны слухач гэта адчувае, напрыканцы выступлення не шкадуючы апладысментаў і ўсміхаючыся фінальным словам артыста: 

— Дзякуй вам усім! Слухайце маму і рок-н-рол!

valchencko@mail.ru

Фота Івана КУЗМЯНКОВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter