Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Многія з твораў, якія напісаў паэт Станіслаў Валодзька, сталі папулярнымі песнямі

Словы ў вершах спяваюць

Нагодай для таго, каб зладзіць творчую вечарыну нашага сябра-паэта, стаў выхад новага песеннага зборніка вершаў беларускага творцы з Даўгаўпілса. Прычым зборнік — ужо чацвёрты па ліку. Таму й вечарына ў нас была нават больш песеннай, чым паэтычна-літаратурнай. Што ж, гэта, на маю думку, заканамерна, паколькі, казалі сябры, самі словы ў вершах Станіслава спяваюць.

Станіслаў Валодзька на творчай вечарыне ў Даўгаўпілсе
фота жАнны рАмАноўскАй

Шмат гасцей было ў нашым Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры 16 студзеня. Праходзіла чарговая творчая вечарына паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі ды Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў Станіслава Валодзькі. На музычна-паэтычнай імпрэзе прагучала шмат віншаванняў, песень і вершаў у выкананні творчых калектываў ЦБК, шматлікіх запрошаных гасцей.

Станіслаў Валодзька родам з Астравецкага раёна Гродзеншчыны, даўно жыве і працуе ў Даўгаўпілсе, да таго ж актывіст беларускай грамадскай суполцы “Уздым”. Ён аўтар некалькіх паэтычных кніг для дарослых і зборнікаў вершаў, казак і апавяданняў для дзяцей на беларускай і рускай мовах. Ушанаваны медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэрства культуры Беларусі “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, Ганаровай граматай Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў Беларусі. А яшчэ — памятным медалём да 100-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Шолахава “За гуманізм і ўклад у славянскую культуру”. Ягоныя вершы публікуюцца ў Латвіі, Беларусі, а таксама ў Расіі, Украіне, Польшчы, Вялікабрытаніі.

Вельмі шмат вершаў Станіслава пакладзены на музыку — і гучаць як выдатныя лірычныя песні. Яны ёсць у рэпертуары вакальных калектываў і салістаў Даўгаўпілса, іншых гарадоў Латвіі ды замежжа. Тэмы радзімы і роднай мовы, захавання каштоўнай духоўнай спадчыны бацькоў, тэмы кахання і прыроды, дзіцячыя тэмы ды шмат якія іншыя — гэта ўсё шырокае поле ягонай руплівай працы.

На гэты раз на сяброўскай вечарыне гучалі песні на беларускай мове — як аўтарскія, так і ў перакладах  Станіслава Валодзькі з латышскай і польскай моваў. Выконвалі іх калектывы ЦБК: харавая капэла “Спадчына” (кіраўніца Яніна Юзэфовіч), ансамбль народнай песні “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў), вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” (кіраўніца Настасся Малышава); салісткі Юля Хмяльніцкая і дуэт Юля Хмяльніцкая і Настасся Лукашонак. Танцавальны гурт “Лянок” (кіраўніца Марына Медунецкая) выканаў танец “Матулін ручнік” пад песню ансамбля “Купалінка”. А яшчэ цудоўныя песні на вершы паэта падарылі нам госці: Наіля Янсане, Віталь Міхайлоўскі, Яўген Пашкевіч з Ліван. Хораша выступаў дзіцячы дуэт Сафіі Блізнаковой і Дарыны Растоўскай: дзяўчаткі праспявалі латышскую калыханку на беларускай мове ў перакладзе аўтара.

Прагучала некалькі прэм’ерных песень, а свае вершы чытаў як аўтар, так і Галіна Сантоцкая ды Інэса Казлоўская. Зямлячкі Станіслава падзяліліся ўспамінамі пра родны край: я, напрыклад, распавяла пра незабыўную мінулагоднюю паездку на радзіму, у горад Астравец: там прайшла творчая сустрэча паэта з землякамі. А Галіна Сантоцкая расказала пра мястэчка Міхалішкі ды прачытала верш “Міхалішскі касцёл” — гэта знакаміты помнік архітэктуры ў стылі барока XVII стагоддзя, пра які мы ўсе ведаем з дзяцінства.

Цёплыя віншаванні, добрасардэчныя пажаданні пачуў Станіслаў Валодзька ад кіраўніцы ЦБК і старшыні таварыства “Уздым” Жанны Раманоўскай, члена праўлення суполкі “Уздым” Іны Валюшкі, даўгаўпілскіх літаратараў. А віноўнік урачыстасці падарыў некалькі сваіх кніг у бібліятэку ЦБК. Вечарына прайшла у сяброўскай, нязмушанай атмасферы і завяршылася песняй “Беларускі дом” на словы Станіслава Валодзькі — гэта ўжо гімн і нашага Беларускага дома, і многіх беларусаў замежжа.

Марыя Памецька, метадыст Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 7 (3559), чацвер, 15 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter