В копилке народного ансамбля "Песни над Полесьем" 237 уникальных композиций

«Словы падобныя, а пералівы толькі нашы»

У народнага ансамбля «Песні над Палессем» творчая скарбонка на 237 кампазіцый!

Хойнiцкi раён



У раёне пражывае каля 21 тысячы чалавек, больш за 7 тысяч у сельскай мясцовасці. На Хойнікшчыне размешчаны Дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, куды ўвайшлі землі, выведзеныя з карыстання ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Дзейнічае 17 клубных устаноў, 21 бібліятэка, раённы Дом культуры, Цэнтр культуры, Дом рамёстваў, дзіцячая школа мастацтваў з 6 філіяламі ў вёсках.  Працуе раённы Краязнаўчы музей і яго філіял у аграгарадку Глінішча. Чатыры калектывы носяць званне народны, у тым ліку тэатр, ансамбль народнай песні «Крыніца», ансамбль «Спадчына», «Песні над Палессем». Званне ўзорны нададзена дзіцячаму калектыву «Верасок».

хой 2.jpg


Народны вакальны ансамбль быў створаны 15 гадоў таму назад. Валерый Церашкоў, заснавальнік ансамбля «Песні над Палессем» Барысаўшчанскага сельскага Дома культуры, з калектывам яшчэ ў сярэдзіне 90-х пачаў збіраць і захоўваць народныя песні ды танцы, уласцівыя для Хойніччыны, а потым іх выконваць. Сёння яго справу (на жаль, ён пайшоў з жыцця ў мінулым годзе) працягваюць калегі.


З удзельнікаў ансамбля Любоў Садоўская, Галіна Гушча — старажылы. Добра памятаюць напевы сваіх матуль і бабуль. Да іх прыязджалі нават практыканты з універсітэту, запісвалі на дыктафон. 


Цяперашні мастацкі кіраўнік Наталля Пляско гаворыць, што хоць словы ў песнях Хойніцкага і суседняга раёнаў могуць быць аднолькавымі, аднак пералівы розныя. І часам бываюць такія, што цяжка да іх музыку падабраць, але зберагчы трэба.


Артысты «Песні над Палессем» заўсёды жаданыя ўдзельнікі тэатралізаваных свят «Калядкі», «Купалле», сельскагаспадарчых кірмашоў. У 2011-м калектыў атрымаў званне народны. Як гэта было, успамінае Наталля Аляксандраўна:


— За дзень давалі па два канцэрты. Пераапраналіся ў машыне. Вялікі дзякуй нашаму былому мастацкаму кіраўніку Валерыю Міхайлавічу. Ён не шкадаваў вольнага часу для працы, дапамагаў з транспартам. 


На фестывалі ў Ляскавічах ансамбль выканае песні «Кура-шчабятуха», адна з самых знакамітых і любімых у раёне, «Вырасла я на Палессі»… Усяго ў скарбонцы калектыву 237 кампазіцый. Іх выконваюць у суправаджэнні такіх інструментаў, як гармонь, бубен, барабан. 


Вёска васількамі на габелене



Забытую традыцыю стварэння габеленаў спіцамі і ніткамі прапануе кіраўнік гуртковай дзейнасці Хойніцкага аддзела адукацыі Юлія КАТЛЯРЧУК.




Майстрыха прыехала на Гомельшчыну з Расіі, Ніжнявартаўскага раёна, разам з бацькамі яшчэ ў маленстве. Спасцігаць нялёгкае мастацтва вязання габеленаў пачала ў студэнцкія часы — у вучылішчы культуры ў Магілёве. Дарэчы, там і сустрэла свайго мужа. Ну а потым лёс закінуў на яго радзіму. Трапіў па размеркаванні ў Хойніцкі раён. 


— Нездарма хвароба ўсіх ткачых — сутуласць. Трэба гадзінамі сядзець над вышыўкай, — кажа суразмоўца. — Затое якое задавальненне і гордасць прыходзяць потым, на завяршальнай стадыі! Ніводным словам ні апісаць. 


Вартасць габелена ў тым, што з рознай адлегласці кожны чалавек, акрамя самога партрэта, бачыць нешта сваё. Вось і я гляджу на вязаную карціну, на якой птушкі з раскрытымі крыламі каля дрэва. Але што бачу? Адну вялікую жар-птушку ў садзе!


— Гэта работа называецца «Вясна», — тлумачыць Юля. 


Ёсць у яе калекцыі і «Царэўна», і «Анёл». Апошні ўнушальных памераў — метр на 80 сантыметраў. 


Традыцыя габеленаў на Палессі захавалася спакон вякоў. Але сапраўднымі мастацкімі каштоўнасцямі яны сталі пры Рэчы Паспалітай, калі вязаныя карціны з васількамі разыходзіліся па Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, віселі на сценах замкаў магнатаў і шляхціцаў.


Які лёс габеленаў Катлярчук? Некаторыя свае работы Юлія дорыць сябрам, зрэдку прадае. Кошт невялічкай карціны ўсяго 150 тысяч рублёў. Майстрыха сумуе, што сучасная моладзь не жадае займацца працай, якая патрабуе ўседлівасці. Ды і традыцыя стварэння габеленаў амаль знікла. У ліхія 90-я людзі пазабыліся пра гэтае прывабнае рамяство. Пераключыліся, на жаль, на менш складанае ў тэхналагічным плане. Таму навука вязання не вельмі запатрабавана, а вось выцінанка — гэта, калі ласка. Юлія Анатольеўна выкладае яе ў Судакоўскай школе дзецям. Марыць іх захапіць стварэннем габеленаў. Абавязкова хтосьці з вучняў згаджаецца паспрабаваць… 


Скажаце, усё страчана? Не, майстэрства, як птушка Фенікс, згарае, але не знікае. Не верыце? Запытайце ў Юліі Анатольеўны.


Бацькавы ўрокі прызвычаілі да хараства



У Хойнiках ля прыватнага дома Анатоля КІРЭЙЧЫКА людзі на хвілінку заміраюць: дзівяцца хараству, якое стварыў гаспадар. Прывабліваюць альтанка, вялізны казачны замак, мост, вежы, карэта з прынцэсай, князь, гармата і іншыя ўпрыгажэнні сядзібы гаспадара. 




— Колькі сябе памятаю, мой бацька заўсёды нешта рабіў сваімі рукамі, гэта ў яго ад бацькі, майго дзеда. Першы быў ваенным, але славіўся як майстар на ўсе рукі, — расказвае Анатоль Сяргеевіч. — Ён  хату сам пабудаваў, а я глядзеў за ім і вучыўся. 


Жывуць жа людзі без казачных замкаў і вежаў. Але для Анатоля Сяргеевіча гэта амаль што як сэнс жыцця:


— Усе дзеці раз’ехаліся, ва ўсіх кватэры. Ніхто не захацеў асабістага дома. Затое ўнукі прыязджаюць адпачываць летам. Бывае, што прахожыя на хвілінку зойдуць: за вопытам, каб сабе такое хараство зрабіць.




Не за адзін дзень добраўпарадкоўваў двор Анатоль Сяргеевіч. Альтанку зрабіў за два месяцы. Нарыхтаваў матэрыял, выразаў кожную дэталь, потым пачаў збіраць. Дарэчы, усё сам, нікому не дазваляў дапамагаць. 


Анатоль Сяргеевіч зараз на пенсіі, апошні час працаваў вадзіцелем аўталаўкі. А да гэтага 11 гадоў і 2 тыдні ў зоне, пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС. Але здароўя свайго не згубіў. Па-ранейшаму з энтузіязмам бярэцца змяніць сваю сядзібу: напрыклад, збіраецца пачаць вырабляць скульптуры. Першы будзе лесавік, абяцае Анатоль Сяргеевіч. Таксама ёсць жаданне зрабіць пясочніцу — каб унукі бавілі вольны час.

Падрыхтаваў Канстанцін КАВАЛЁЎ, «СГ».


Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter