Слово в переплете

Замалёўкі пра родны край, яго хараство і дзіўных людзей, экскурсы ў гісторыю і замілаванне беларускай мовай. Усе вершы і апавяданні, дасланыя на конкурс літаратурных работ юных паэтаў і празаікаў «Слово в переплете», – аб’ёмныя, глыбокія і неверагодна чуллівыя. На адрас арганізатараў, Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзi паступіла больш за паўтары сотні заяў. Журы, у склад якога ўвайшлі і прадстаўнікі «Знамёнкі», назвала пераможцаў у некаторых намінацыях. Прапануем вам пазнаёміцца з некалькімі лепшымі працамі.

Свіргуль

Толькі што прачнулася сонейка, і ўсе вучні 1 «П» класа (таму што птушыны) Лясной школы № 1 былі на сваіх месцах. Былі тут і Вераб’ёвы, і Сініцыны, і Курапаткіны, і нават Васька Шпак. Усе гатовы былі слухаць павучанні дзядулі Глушца.

Раптам дзверы ў клас расчыніліся, і ўвайшла дырэктрыса Сарока Іванаўна:
– З гэтага дня ў вашым птушыным класе будзе новы вучань! Іх сям’я пераляцела з горада, таму прашу не крыўдзіць навічка! – нібы скорагаворку вымавіла і знікла.

Усе вучні прыціхлі і чакалі, што зараз перад імі з’явіцца разбэшчаны гарадскі задзіра. Але, кульгаючы, у клас зайшоў маленькі Свіргуль у касцюмчыку цёмна-карычневага колеру. У яго былі завостраныя, падобныя да ляза касы, крылы, і кароткі, з выразкай, хвост. Хтосьці са шкадаваннем паглядзеў на навічка, а браты-гарэзы Вераб’ёвы ўжо думалі, як бы гэта пажартаваць з кульгавага.
– Як цябе завуць? – запытаўся дзядуля Глушэц.
– Свіргуль Апус, – танклявым голасам адказаў вучань.
– Сядай, калі ласка!

Але ніхто з вучняў не хацеў, каб маленькі кульгавенькі Свіргуль сеў побач. Дзядулю Глушцу гэта вельмі не спадабалася, і ён з дакорам паглядзеў на клас. Крыўдзіць старога ніхто не хацеў, і Васька Шпак пасунуўся, дазволіўшы навічку сесці. Так прайшоў першы дзень. Са Свіргулём ніхто не размаўляў, ніхто не знаёміўся, толькі за спінай ён чуў смех аднакласнікаў.
На наступны дзень гісторыя паўтарылася. А да таго ж Валька Сініцына, выдатніца і разумніца, даведалася, што Apus значыць «бязногі». Во смеху было! Крыўдна стала Свіргулю, і ён заплакаў і выйшаў на двор. Даведаўшыся пра гэту гісто­рыю, дзядуля Глушэц зноў завітаў у 1 «П».

– Як жа вам не сорамна?! – казаў ён. – Іх сям’я столькі нацярпелася ад людзей у горадзе. Яны шукалі падтрымкі і спагады сярод сваіх, а атрымалі зноў здзекі і абразу! Пад час рамонту дома будаўнікі замуравалі іх гняздо разам з маці і  двума птушанятамі, засталіся толькі Свіргулёк і  яго бацька!

Сцішаныя, дзеці доўга глядзелі на дзядулю, а Валька Сініцына нават заплакала, так сорамна стала ёй за свой учынак.
У той жа дзень трэцім урокам у 1 «П» была фізкультура. Ледзь дайшоўшы да стадыёна, Свіргулёк стаў апошнім. Але «апошні» ён быў, пакуль не падняліся ў неба… Такога майстэрства і хуткасці, якія паказаў Свіргуль Апус, школа яшчэ не ведала. Нават самы хуткі лятун і гонар школы Пеця Ластаўчын з зайздрасцю глядзеў на навічка.

Пасля ўрокаў клас чакаў Свіргуля на ганку. Усе разам яны папрасілі прабачэння ў кульгавага навічка і запрасілі яго ў школьную спартыўную каманду.

У гэтым вучэбным годзе 1 «П» стаў самым лепшым класам Лясной школы № 1. Яны больш не сварыліся, дапамагалі адно аднаму. Свіргулёк Апус пабіў школьны рэкорд, дасягнуўшы хуткасці гарызантальнага палёту 112 км у гадзіну! Ён ніколі не задаваўся, не ганарыўся, а з задавальненнем дапамагаў сваім аднакласнікам, бо шмат перажыў і добра ведаў (хоць быў яшчэ і маленькі), што жыццё, дабрыня і спагада – самае галоўнае ў жыцці.

Елiзавета АНIКЕВIЧ, гiмназiя № 1 Жодзiнa, 11-ы клас

Пра свавольніка Мішку і пакрыўджаную кніжку (казка для першакласнікаў)

Закапрызіў Міхасёк: “Не пайду я на ўрок!
Мне не трэба буквароў. Сіла ёсць — і будзь здароў!
Мудрых кніг я не люблю, імі ў печы прапалю,
Іх агідныя лісткі разарву я на шматкі.
Не шкада паперы мне: лесу ў нашай старане
Нарасло — на сто гадоў — і для кніжак, і для дроў.”
Уранні сонца засвяціла, усіх дзетак разбудзіла.
Крочаць дзеці на ўрок, а Міхаська — у лясок
Па сваёй пайшоў ахвоце, там гуляў на адзіноце,
Нагуляўся, прытаміўся, спаць пад хвойку заваліўся
На пажухлую траву, а рукзак — пад галаву.
Сніцца хлопцу дзіўны сон, што па лесе крочыць ён.
Лес пагрозліва шуміць: “Кніжкі ўздумаў папаліць?
А ці ведаеш, лайдак, дастаюцца кніжкі як?”
Строга мовіў цар Мядзведзь: “Хай злятае паглядзець,
Хай па часе павандруе — можа, кніжкі й зашануе?”
Раптам вецер загудзеў — і Міхаська ўзляцеў,
Завіхрыўся нечакана і спусціўся на паляну.

Міхаська здзівіўся: “Ды як гэта так?”
Аж бачыць — ідзе на паляну юнак,
Адзеты, як многа стагоддзяў назад,
У постаці — веліч, агністы пагляд.
— А Вы хто такі?
— Я князь Ізяслаў.
Я кніжную мудрасць бярог, шанаваў.
Я ў год свой апошні ў Полацку жыў
І веліч былую яго адрадзіў,
Хацеў, каб над Полацкам мудрасць вітала,
Ды веку было мне адмерана мала.
Сумлення ў цябе, хлапчына, няма:
Ты гэтулькі кніжак займеў задарма,
Вучыцца б табе, родны край праслаўляць,
А ты… Эх, дзівак! Ды што тут сказаць?
Табе б толькі бегчы гуляць найхутчэй! —
Юнак уздыхнуў, знік раптоўна з вачэй.
Прыціх Міхасёк, засаромеўся штосьці.
— Хто ж тут завітаў праз стагоддзі ў госці?—
Раптоўна спытала дзяўчына-манашка.
Зірнула ў вочы, уздыхаючы цяжка:
  — Як можна, дзівак, не любіць мудрых кніг,
Як адракацца можна ад іх?
Я іх перапісвала з ранку да ночы,
Бо мела ясныя, зоркія вочы,
Дужыя, моцныя пальцы я мела,
Толькі ж пад вечар рука мая млела,
А я адцягвала час адпачынку:
— Вось папішу яшчэ хоць гадзінку:
Малое жыццё, а гэтулькі кніг!
Як да людзей данесці мне іх?
Я на зямлі сваёй школу адкрыла,
Мудрасці малых дзяўчынак вучыла,
А ты свой буквар сабраўся спаліць.
Варвар малы! Што з табой гаварыць?
Дакор у вачах. Галавой паківала.
— Хто ж Вы такая?
 — Князёўна Прадслава!
Раптам пачуўся насмешлівы бас:
— Што ты, прышэлец, згубіў сярод нас?
Гэта спытаў сінявокі хлапчына.
 — А Вы хто такі?
— Я Францыск Скарына!
Замежжа схадзіў я ўдоўж, папярок, 
Я родную мову пазнаў і збярог,
Майстэрню сваю ў Чэшскай Празе адкрыў
І кнігі маім землякам падарыў.
Батанікам я ў караля працаваў,
Багацця ў запас не капіў, не збіраў,
Як пацеркі, літары ў словы нізаў,
Каб мудрасць стагоддзяў народ мой спазнаў,
Каб кнігі мае каштавалі танней,
Былі па кішэні для простых людзей,
І вось надышлі жаданыя дні.
Магчымасць вучыцца ты, хлопчык, цані…
Рукой памахаў, праз стагоддзі паплыў.
— Ты што на чароўнай паляне згубіў?
У школу не хочаш хадзіць, так ці не?
— А хто Вы?
— Заві проста Цёткай мяне.
Ты маеш усё, аб чым марыла я:
Папросіш бацькоў — і кніжка твая,
Ды не адна, а купяць хоць пяць,
Толькі ў ахвоту бярыся чытаць.
Іначай было ўсё ў мой час.
Шмат дзетачак здольных жыло сярод нас.
Не мелі яны добрай долі такой,
У галечы гібелі, у працы цяжкой.
 Хоць слабай была я, ды шмат працавала,
На мове бацькоўскай  “Чытанне…” складала,
Каб дзеці сялян вучыцца маглі,
Каб мову сваю, Беларусь бераглі.
Хацелі чужынцы наш край зрабаваць — 
Тады я пайшла ў лазарэт працаваць
І там безнадзейна сама захварэла,
Таму і не здзейсніла ўсё, што хацела,
Зрабілі другія, што я не змагла…—
Сказала — і зноў у нябыт адплыла.
— Калі ад навукі ты ў лес уцякаеш,
Тады ты мне, цёзка, зусім не таварыш, —
Сказаў невысокі, ды грозны мужчына
( Вялікая стрэльба вісіць за плячыма).
— А  Вы хто такі?
— Я Міцкевіч Міхал!
Мой Костусь славутым Коласам стаў.
Каб у школе вучыцца было цікавей,
“Другое чытанне…” ён склаў для дзяцей.
Куды ж твае ножанькі, хлопчык, ідуць?
Цябе і пакормяць, і кніжкі дадуць,
Забавяць гульнёю — і ўсё задарма.
Сумлення ў цябе, гультаішча, няма!
І што гэта творыцца зараз у свеце?
Дзяржаўныя грошы — таксама не смецце!
Пра гэтакі рай я не марыў, не сніў,
Вучыліся хлопцы — я грошы плаціў.
Хоць марыў купіць кавалак зямлі,
Каб вольна на ім мае дзеці жылі,
Але разумеў, што не хопіць на ўсіх,
Таму праз навуку ў людзі вёў іх.
Каб кожны сынок мой старанна вучыўся,
Хоць злы я не быў, а папругай гразіўся,
Ды толькі адзін раз Алеся караў:
То рваў ён “Начаткі”, то ў снег закапаў…
Цябе мне, дзіця, па-бацькоўску шкада:
Ты кніжкі не любіш, а гэта бяда.
Чытаць ты не ўмееш, а з гэтай нагоды
Не ўведаеш ты “Міхасёвы прыгоды”
І з “Новай зямлі” хлапечых забаў.
А мой Кастусёк так буквар шанаваў!
Як рад быў, што кніжку яму я купіў!
Ён літары сам, без прынукі, вучыў…
Вучыся ж, Міхаська, бо час твой такі:
Не возьмуць невука і ў пастухі.
Ты ў школу бяжы ды старайся ўтрая,
А лес — не прытулак для гультая!..

Прахапіўся Міхасёк, паімчаўся на ўрок.
Больш не крыўдзіў кніг ніколі, лепшым вучнем стаў у школе!

Таццяна ДУБАВЕЦ, Расненская сярэдняя школа 
(Дрыбiнскi раён), 9-ы клас


Скарына

Слаўны палачанін, што змяніў наш лёс,
Што навуку людзям паспалітым нёс
І сваю Айчыну ўславіў між людзьмі.
Ім праз пяць стагоддзяў ганарымся мы.

У далёкай Празе кнігу выдаў ён.
Ты прымі, Скарына, нізкі наш паклон.
Цяжкім і цярністым быў тады твой шлях –
Подзвіг неўміручы будзе жыць у вяках…

Мог, як брат і бацька, гандляваць таварам,
Ды юнак адчайна не пра гэта марыў.
Да навукі мкнуўся, да асветы ішоў,
У жыцці сцяжыну сам сабе знайшоў.

Атрымаўшы дома першую асвету,
Рушыў у шлях няблізкі вандраваць па свету.
Быў Францыск надзвычай да навукі 
здольным,
Навучаўся ў Польшчы ён мастацтвам вольным.

Ступень бакалаўра заслужыў Скарына.
Ці гэта не гонар для купцова сына?
Ды яму, здаецца, гэтага ўсё мала,
Хлопца-беларуса Падуа чакала.

У біскупскім палацы ён два дні ўпарта
Запэўніваў вучоных, што ступені варты.
Першы са славян ён – доктар медыцыны
З Полацка купца сын, слаўны наш 
Скарына.

Францыск разумее: цела лечаць лекі.
А душу людскую аддаваць на здзекі?
Трэба люд славянскі слову навучыць,
Хопіць, як халопам, ім у цемры жыць.

І ў чэшскай Празе выдае «Псалтыр»
Як у свет навукі першы правадыр.
А затым у Вільні ён працягне справу,

Каб народ наш годным у свеце быў 
па праву.
Каб святыя кнігі добра разумеў
І на роднай мове іх чытаць умеў.
Ды яшчэ малюнкі змесціць адмысловы,
Ды й да чытача падбярэ ён словы…

…Шмат мінула дзён з слаўнай той часіны.
Будзем помніць мы пра ўклад Скарыны.
Будзем берагчы, што калісь стварылі,
Каб пра Беларусь і сёння не забылі.

Карына САРОКIНА, СШ № 4 Рагачова, 10-ы клас

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter