Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У беларускай газеце “Літаратура і мастацтва” пабачыў свет спецыяльны выпуск “Лира” для чытачоў Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расіі

Словам і справай

“Літаратура і мастацтва” — гэта штотыднёвік беларускіх пісьменнікаў. Менавіта ў гэтым выданні 2 красавіка асобнай укладкай (“газета ў газеце”) пабачыў свет спецыяльны выпуск “Лира”. для чытачоў Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расіі. У выпуску на беларускай і рускай мовах змешчаны матэрыялы, прысвечаныя беларуска-расійскім літаратурным, кніжным стасункам, публікуюцца таксама творы пісьменнікаў Расіі ў перакладзе на беларускую мову.

“Лира” — гэта цяпер яшчэ адна пляцоўка для беларуска-расійскіх стасункаў. Культурна-асветніцкі  праект падтрымаў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расіі. Дзяржсакратар Грыгорый Рапота гаворыць у сваім уступным слове да спецвыпуска: “Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы лічыць сваім абавязкам садзейнічаць развіццю кантактаў паміж Беларуссю і Расіяй па ўсіх кірунках, уключаючы і культурную сферу. Адзін раз на два гады мы праводзім конкурсы маладых пісьменнікаў — аўтараў кароткага апавядання на беларускай і рускай мовах, якія выдаюцца ў альманаху “Мост дружбы”. Лічу, што важна ствараць як мага болей пляцовак для стасункаў, праводзіць агульныя форумы, семінары. Адна з такіх пляцовак — сродкі масавай інфармацыі, якія садзейнічаюць умацаванню адносін дзвюх нашых краін. Цяпер гэта яшчэ і праект “Лира”.

З вялікімі інтэрв’ю ў новым праекце выступаюць дырэктар маскоўскага выдавецтва “Художественная литература” Георгій Прахін, вядомы сучасны празаік і публіцыст. Развагамі пра жыццё і літаратуру ў Беларусі ды Расіі дзеліцца паэт і празаік Валерый Казакоў — ён ураджэнец Магілёўшчыны, член праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі, намеснік старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”. Дарэчы, нядаўна ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў Мінску пабачылі свет дзве кнігі яго прозы. У спецвыпуску ў перакладзе на беларускую мову друкуецца апавяданне Алены Тулушавай “На апошнім”. Перакладчык — рэдактар аддзела прозы часопіса “Полымя” Уладзімір Саламаха. Цэлая старонка прысвечана паэзіі народаў Расіі. Дзякуючы беларускім перакладчыкам загаварылі на мове Купалы вершы чуваша Валерыя Тургая, чачэнца Адама Ахматукаева, лакскай паэтэсы Міясат Муслімавай, башкіркі Зульфіі Хананавай, паэта з Астрахані Юрыя Шчарбакова. Іх творы пераклалі Мікола Шабовіч, Таццяна Сівец, Людміла Хейдарава, Павел Астравух, Яна Будовіч, Ларыса Цімошык, Марыя Кобец.

Расказвае “Лира” і пра стасункі Максіма Горкага і сям’і Багдановічаў. Ірына Мышкавец свой артыкул “Дружба даўжынёю ў жыццё” прысвяціла тым прадметам, экспанатам, матэрыялам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску, якія сведчаць пра цесную дружбу вялікага рускага пісьменніка з бацькам беларускага паэта — Адамам Ягоравічам Багдановічам.

Голас Радзімы № 13 (3565), чацвер, 5 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter