Слова «збожжа» па-божаму гучыць

ЗАВЯРШАЕЦЦА цудоўны перыяд года, калі па даўняй хрысціянскай традыцыі святкуюць ад Раства Хрыстова да Вадохрышча. Сёння пасля вячэрняга богаслужэння ва ўсіх праваслаўных храмах пачнецца асвячэнне вады. У кожнай мясцовасці свае звычаі. На Усходнім Палессі ставілі кругом прасечанага ў лёдзе крыжа маладыя ялінкі, каб закрыць святую ваду ад усялякае нечысці, а потым тыя галінкі падкладвалі пад квактух, каб было болей куранят, ці ўторквалі ў страху, каб туды не ўдарыў пярун. А смельчакі з Заходняга Палесся купаліся ў палонцы да ўсходу сонца, каб цела было бялейшае і каб ачысціцца ад грахоў. Там, дзе няма рэк ці азёраў, бралі ваду з калодзежаў, апусціўшы туды крыжык, зроблены з лучыны, які потым вешалі на варотах ад малочных ведзьмаў. — А ў маёй вёсцы Карзуны, што на Чэрвеньшчыне, пяклі крыжыкі з цеста і елі іх, — узгадвае дзяцінства архіепіскап Пінскі і Лунінецкі СЦЯФАН. — Як кажуць, што ні прыход, то свой падход. У гэтым і багацце нашай спадчыны, што яна разнастайная, адшліфаваная пакаленнямі.

Шлях да веры архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана ляжаў праз прафесію агранома і пачэсную працу на зямлі

ЗАВЯРШАЕЦЦА цудоўны перыяд года, калі па даўняй хрысціянскай традыцыі святкуюць ад Раства Хрыстова да Вадохрышча. Сёння пасля вячэрняга богаслужэння ва ўсіх праваслаўных храмах пачнецца асвячэнне вады. У кожнай мясцовасці свае звычаі. На Усходнім Палессі ставілі кругом прасечанага ў лёдзе крыжа маладыя ялінкі, каб закрыць святую ваду ад усялякае нечысці, а потым тыя галінкі падкладвалі пад квактух, каб было болей куранят, ці ўторквалі ў страху, каб туды не ўдарыў пярун. А смельчакі з Заходняга Палесся купаліся ў палонцы да ўсходу сонца, каб цела было бялейшае і каб ачысціцца ад грахоў. Там, дзе няма рэк ці азёраў, бралі ваду з калодзежаў, апусціўшы туды крыжык, зроблены з лучыны, які потым вешалі на варотах ад малочных ведзьмаў. — А ў маёй вёсцы Карзуны, што на Чэрвеньшчыне, пяклі крыжыкі з цеста і елі іх, — узгадвае дзяцінства архіепіскап Пінскі і Лунінецкі СЦЯФАН. — Як кажуць, што ні прыход, то свой падход. У гэтым і багацце нашай спадчыны, што яна разнастайная, адшліфаваная пакаленнямі.

КАРАНІ сялянскага роду Корзунаў, з якога паходзіць Уладыка Сцяфан (у свеце Ігар Пятровіч Корзун), вядуць у сівую мінуўшчыну. Побач з іх вёскай у неба ўпіраюцца крыжы мужчынскага манастыра ў Лядах. Ёсць яшчэ вёскі Карзуны ў Капыльскім, Шклоўскім і Рэчыцкім раёнах. Але чэрвеньскі род Корзунаў самы даўні. Амаль дзесяць гадоў Уладыка Сцяфан вывучае ў самых розных архівах гісторыю свайго радаводу і дайшоў аж да 1750 года. Дасканала вывучыў звесткі з арыгіналаў перапісу, які праводзіўся ў Расійскай імперыі з 1795-га да 1858 года. Перапісаў прозвішчы ўсіх сялян роднай вёскі Карзуны. І цяпер тут найбольш частыя прозвішчы Корзуны, Лухверчыкі, Сасноўскія, Русакі, Шыдлоўскія. Амаль трыста гадоў запар усе прадстаўнікі даўняга роду Корзунаў працавалі на зямлі.

— Дзядоў сваіх я ніколі не бачыў, — адзначае Уладыка Сцяфан. — Аднаго з іх да вайны не стала, а другі загінуў у жніўні 1944 года падчас вызвалення Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго прах дзесьці ў ваколіцах Беластока. А бабуль сваіх, Агапу і Еву, я добра памятаю. Яны абедзьве з Карзуноў.

— А вы выраслі ў якой сям’і?

— У самай звычайнай сялянскай, дзе ўсё даводзілася рабіць. Я і зараз не развучыўся касу ў руках трымаць ці з сякерай каля дроў увіхацца, толькі гады ўжо не тыя. Бацька нас, абодвух сваіх сыноў, з маленства прывучаў да сялянскага жыцця. Я нарадзіўся ў вайну, калі нашы Карзуны акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. У гэты час мае бацькі пабраліся шлюбам. Фашысты па вёсках вышуквалі моладзь і адпраўлялі ў Нямеччыну на працу. У нашай вёсцы, як і ў іншых у той час, маладыя рэгістравалі шлюб, бо жанатых карнікі не вывозілі. І такім чынам мае бацькі хуценька стварылі сям’ю. Тады нават брат з сястрой бралі фіктыўны шлюб, каб не ехаць у рабства. У нямецкай воласці працавалі нашы людзі, і яны не выдавалі сакрэты такіх шлюбаў. Моладзь як магла ратавалася ад нелюдзяў.

У пасляваенныя гады аднавіўся наш калгас, вясковыя сем’і адбудоўваліся, наладжвалі мірнае жыццё. У нашай карзуноўскай пачатковай школцы ў першыя мірныя гады былі і пераросткі, якім вайна перашкодзіла своечасова пачаць вучобу. Сямігодку я заканчваў у суседнім Заполлі.

— І, як перад тым коласаўскім героем аповесці «На ростанях» Сцёпкай, паўстала пытанне: куды крочыць далей?

— Творы Якуба Коласа я ў юнацтве чытаў з вялікім захапленнем. Вельмі хваляваўся за вясковага хлапчука Сцёпку і яго будучыню, але перада мною такая праблема не стаяла. Побач з нашай вёскай можна было атрымаць дыплом агранома ў сельскагаспадарчым тэхнікуме, і я без асаблівых ваганняў выкарыстаў гэту магчымасць. Паспяхова вытрымаў уступныя экзамены і два гады спасцігаў агранамічную навуку ў суседніх Смілавічах.

Калі я перайшоў на трэці курс, наш тэхнікум перапрафілявалі на падрыхтоўку заатэхнікаў, і астатнія два гады давучваўся ў Мар’інагорскім саўгасе-тэхнікуме, які цяпер носіць імя Уладзіміра Лабанка. Дарэчы, мінула паўвека пасля нашай вучобы ў гэтым тэхнікуме, а мы пастаянна прыязджаем сюды на дарагія нашым сэрцам сустрэчы. На старэйшых курсах было больш практычных заняткаў. На першую вытворчую практыку мяне адправілі ў родны калгас імя Дзяржынскага Чэрвеньскага раёна. Разам з калгасным аграномам рыхтавалі насенне да сяўбы, рэгулявалі сеялкі пад патрэбныя нормы высеву. Першую сяўбу сустракаў як сапраўднае свята. Ніхто мяне не будзіў, на золку ляцеў у поле і разам з механізатарамі да цямна корпаліся там. А якая радасць грэла сэрца, калі з зямлі прабіваліся першыя парасткі. Баяўся ступіць на поле, каб не патаптаць усходы. Крыху пазней, у сярэдзіне мая, саджалі бульбу. А калі яна ў чэрвені зацвіла, калгасны аграном даручыў мне правесці апрабаванне бульбянога палетка.

— Гэта ўжо амаль што навуковая праца. Без грунтоўных ведаў тут не абысціся.

— На бульбяной плантацыі не так складана вызначыць раўнамернасць сорту, бо кветачкі адрозніваюцца па колеру. А збожжавыя аднаго віду могуць быць розных сартоў, і вызначыць чыстасортнасць больш складана. Без вопыту і ведаў не атрымаецца. З заданнем я справіўся, і нават падзяку атрымаў ад агранома. Акрамя сваёй гаспадаркі яшчэ практыкаваўся на Случчыне, дзе хлебныя нівы ўжо ў тыя гады давалі высокія ўраджаі.

— А куды вас размеркавалі пасля атрымання дыплома агранома?

— Адправіўся я на віцебскае Паазер’е, куды такім зімовым часам едуць у рэзідэнцыю Зюзі, як раней называлі Дзеда Мароза. Мяне прызначылі аграномам калгаса «Рассвет» Пастаўскага раёна. Уладкаваўся на кватэру да бабулі Яніны ў вёсцы Груздава. Слаўная сялянка, увішная, шчырая. На каталіцкія святы заўжды частавала мяне, калі час дазваляў, касцёл наведвала.

— Ваша юнацтва і маладосць супалі з актыўнай барацьбой з рэлігіяй. Знішчаліся храмы, забаранялася вера.

— Гэта быў хрушчоўскі перыяд. Груздаўскую прыгожую мураваную царкву, што стаяла на ўзгорку, зачынілі і пераўтварылі ў нейкае сховішча. Так абысціся з векавым храмам! Непрыемна было на ўсё гэта глядзець.

— Вы ж малады, яшчэ і дваццаці не было, напэўна, душа прагла забаў?

— Душу натольваў чытаннем. Непадалёку ад бабулі Яніны жылі два цікавыя дзяды: Фёдар і Сцяфан. Пазнаёміўся з імі і даведаўся, што ў іх ёсць старадаўнія кнігі пра жыццё святых старцаў. Мяне гэта зацікавіла, і па вечарах замест клуба я браўся за чытанне. І чым больш адольваў такіх кніг, тым больш душа прагла святасці. Навокал гэтай вёскі Груздава не было ні аднаго храма. Як выдавалася магчымасць, употайкі ездзіў у пастаўскую царкву.

— А пра вышэйшую агранамічную адукацыю не задумваліся?

— Працоўныя абавязкі я імкнуўся выконваць бездакорна, але пра паступленне ў сельгасакадэмію не думаў. Па тым часе я няблага зарабляў як галоўны спецыяліст. У многіх калгасах яшчэ былі працадні, а ў нас ужо на грашовую аплату перайшлі. Я атрымліваў 70 рублёў, за якія мог касцюм і туфлі купіць. Большую частку свайго працоўнага дня праводзіў у полі. Вельмі хутка праляцеў гэты год. Настаў час ісці ў армію. Мяне прызывалі ўвосень, калі ў калгасе закончылі ўсе палявыя работы. Прыемна рунела азіміна, якую сеялі пад маім кіраўніцтвам. Я развітаўся з усімі ў калгасе і паехаў дамоў на Міншчыну, дзе бацькі зладзілі провады. Уся радня сабралася, суседзі, сябры.

— А дзе давялося служыць?

— Краіна вялікая была, дзякуючы прызыву праехаў цягніком ад Віцебска да Баку, а там ноччу нас пагрузілі на паром і праз Каспійскае мора мы пераправіліся ў Туркменістан. Тры гады там адслужыў у войсках супрацьпаветранай абароны. Абслугоўваў ракетныя стартавыя разлікі. Я ростам высокі, і таму быў прызначаны першым нумарам па ўстаноўцы ракет. Мы ўтраіх былі на адным разліку. Хутка ляцелі армейскія дні. Першы год я толькі ракеты абслугоўваў, а потым мне служыць дапамаглі свінкі.

— Як гэта разумець?

— У тыя гады кожная вайсковая частка мела сваю падсобную гаспадарку. І ў нас была невялікая свінаферма, якую абслугоўвалі выхадцы з Азербайджана. Яны мусульмане, і гэтыя жывёлы былі ім агідныя. Парасяты худыя, ледзьве ногі перастаўлялі. Начальнік штаба ведаў, што я аграном, і шчыра папрасіў мяне пакарміць некалькі дзён свіней. Я ўзяўся за выкананне даручэння. Праз нейкі час з сямі парсючкоў на нашай ферме стала ўжо семдзесят. Чыстыя, гладкія, адзін у адзін. Наведваліся правяраючыя, нават і генералы, і ім спачатку паказвалі свінаферму, а потым выязджалі на пазіцыю. Мы трымалі другое месца па Бакінскай акрузе супрацьпаветранай абароны па вытворчасці свініны. За гэта наш дывізіён заахвоцілі камплектам новага сталовага посуду. Мне прэміі пастаянна выдавалі, і нават дваццаць дзён адпачынку атрымаў. Я хуценька на самалёт і ў Мінск прыляцеў, адтуль — дамоў, у Карзуны. Радаваліся такой неспадзяванцы маці і бабуля. Бацькі ўжо не было. Пераапрануўся ў цывільнае адзенне і назад у сталіцу, на службу ў храм Аляксандра Неўскага, што на ваенных могілках. Наведваў таксама драўляную цэркаўку, што стаяла каля Дома Урада, хадзіў на богаслужэнне ў Свята-Духаў кафедральны сабор. Душа прагла веры...

ПРАЦУЮЧЫ пасля арміі начальнікам вытворчага ўчастка ў чэрвеньскай вёсцы Грабёнка, а потым у падсобнай гаспадарцы школы-інтэрната, Ігар Корзун усё больш адчуваў патрэбу духоўнага росту. Перачытаў шмат літаратуры, але адным гэтым наталіць сябе не мог. Выспявала жаданне прысвяціць жыццё служэнню Богу. Стаў рыхтавацца паступаць у духоўную семінарыю. Пра свой намер расказаў маці, якая не пярэчыла. Загадзя зімою звольніўся з працы, а ўлетку 1972 года купіў білет на цягнік да Масквы і павёз дакументы ў духоўную семінарыю. Вярнуўся дамоў, а ў раёне ўжо даведаліся пра юнацкі намер. Райкамаўцы прыехалі перавыхоўваць маладога вяскоўца.

— Бацькі ўжо некалькі гадоў не было, і хлявок наш заняпаў. Прыехаў з Мінска брат Аляксандр, які працаваў інжынерам на аўтазаводзе, і мы сталі мяняць саламяны дах хлява на шыферны, — узгадвае Уладыка. — Раптам прыбегла ўсхваляваная маці і кажа, што мяне клічуць раённыя начальнікі. Я злез з даху і ўмурзаны пайшоў да іх. Ніякага страху, рабалепства не адчуваў. Гатовы быў да гэтага. Як ні стараліся раённыя начальнікі, размовы ў нас не атрымалася. Я ад свайго намеру не адступіў. Што ні рабілі яны потым, каб перашкодзіць мне, нічога не выходзіла. Невядома чаму выклікалі нарад міліцыі і завезлі мяне ў райаддзел, дзе некалькі гадзін трымалі. Потым павестку на зборы ўручылі. Але ў ваенкамаце маёр паглядзеў на мяне і спытаў: «У семінарыю паступаеш?» Я пацвердзіў. Ён сказаў, што далі каманду забраць мяне на вайсковыя зборы, узяў назад павестку і адпусціў мяне. Але ў раёне ніяк не спыняліся. На працу ў калгас уладкоўвалі, але старшыня да мяне лагодна аднёсся, а тут якраз і выклік на экзамены прыйшоў. Я хуценька на цягнік і — у Маскву. Еду, гляджу ў акно і раптам бачу, што па шашы падобны на райкамаўскі «козлік» імчыць. Аж дух захапіла, пэўна, па маю душу. Пад рукі забяруць і павядуць. Цягнік праехаў Барысаў, Оршу, Смаленск, і тут ужо я асмялеў. Думаю, раз не забралі, значыць, даеду.

Уступныя экзамены прымала даволі прадстаўнічая камісія. Яе ўзначальваў цяпер ужо Ганаровы Экзарх Мітрапаліт Філарэт. Ён тады кіраваў семінарыяй-акадэміяй у Загорску. Камісія залічыла мяне ў семінарыю, пасля заканчэння якой прадоўжыў вучобу ў духоўнай акадэміі. У адзін час толькі на розных курсах мы вучыліся з новым Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усея Беларусі Паўлам. Добра ведаем адзін аднаго. Я стаў семінарыстам пазнавата, у 28 гадоў, і час нашай вучобы ў семінарыі супаў. Закончыў я семінарыю-акадэмію датэрмінова.

— Вы вучыліся, а душа маладая бурліла ад пачуццяў. Як іх было стрымаць?

— Душа закіпала ад радасці, што вучуся.

— Памятаеце верш Максіма Багдановіча пра маладыя гады, маладыя жаданні...

— Кожны па-свойму жаданні адчувае. На танцы я і дома не хадзіў, тым больш потым. Я рос хатнім хлопцам. Увесь вольны час бавіў за кніжкамі. Пасля заканчэння духоўнай акадэміі я прыбыў у Мінск, і Мітрапаліт Філарэт накіраваў мяне пазнаёміцца з кіраўніком па справах рэлігіі пры Савеце Міністраў Беларусі Залескім, які падчас размовы іранічна пацікавіўся, дзе я навучыўся «паступаць» у духоўную семінарыю. А я адказаў, што вучыла жыццё: з вакзала — у сабор, з сабора — у кніжную лаўку на праспекце, дзе літаратуры антырэлігійнай быў багаты выбар. Там і выбіраў, што маёй душы было патрэбна. Вось так і надумаў прысвяціць сваё жыццё Богаслужэнню.

— Дзе вы пачыналі служэнне пасля заканчэння вучобы?

— У Жыровіцкім манастыры першы год быў святаром, сем гадоў Благачынным, тры гады намеснікам манастыра, узначальваў Беларускую духоўную семінарыю і амаль чвэрць стагоддзя архіепіскап Пінска-Лунінецкай епархіі.

— Вы амаль што паўтарылі шлях Якуба Коласа, які ў пачатку мінулага стагоддзя прыехаў у гэты куток Палесся настаўнічаць...

— Ведаю са школьных гадоў, што Якуб Колас жыў у палескіх глухіх вёсках Люсіна і Пінкавічы, дзе ён напісаў многія свае творы. Мясціны цудоўныя, людзі шчырыя, адкрытыя, з Богам у сэрцы. Нават у часы фанатычнага атэізму на Заходнім Палессі ўцалела многа храмаў. Тут трывалыя карані моцнай веры, якую немагчыма знішчыць. Я лічу, што дзе вера, там і поспех у людзей. Даволі трывалыя гаспадаркі ў гэтым кутку Беларусі. У вёсках захаваўся нацыянальны каларыт, традыцыі, звычаі. Дзе яшчэ вы знойдзеце такія вялікія вёскі, як тут. У святы палескія храмы перапоўнены. Я люблю наведваць вясковыя прыходы, сустракацца з вернікамі. У апошні час у царквах бачу маладыя твары. Гэта радуе і заспакойвае. Наша праваслаўная вера — найдаражэйшая спадчына ад продкаў. Вельмі важна беражліва захоўваць яе для нашчадкаў. Сапраўдны чалавек з Богам у сэрцы не пакрыўдзіць, не прынясе зла. Невыпадкова Мітрапаліт Павел падчас прызначэння яго Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усея Беларусі адзначыў, што беларуская паства богалюбівая. І мы павінны і надалей працаваць на славу Гасподню, разам ісці па евангельскаму шляху ў Царства Боскае. Наша епархія аб’ядноўвае восем раёнаў Брэстчыны, большасць вернікаў — вясковы народ, які працуе на зямлі, вырошчвае хлеб. Само слова «збожжа» па-божаму гучыць на нашай мове.

— Паважаны Уладыка Сцяфан, дазвольце напярэдадні Вадохрышча, якое завяршае Калядныя святы, пажадаць вам плённага года на духоўнай ніве.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара

Пінскі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter