“Слова — цуд найвялікшы між цудаў-дзівосаў, што здзіўляла ў вякі і здзіўляе нанова...”

Галіне Ганзе пашчасціла вучыцца ў Акінчыцкай школе-садку, што на паэтычнай Стаўбцоўшчыне, мясціне, дзе нарадзіўся вялікі беларускі пясняр Якуб Колас, чыю 125-ю гадавіну з дня нараджэння неўзабаве будзе адзначаць Радзіма.На пачатку верасня, у самы пранікнёна-светлы і па-філасофску-задумлівы час, калі з чорнага неба па начах ліюцца на зямлю зорныя дажджы, а ўдзень залатыя пожні сцішана дрэмлюць пад гарачым яшчэ сонцам, калі ў душы нават не схільнага да сантыментаў чалавека пачынаюць раптам складацца вершы, Беларусь адзначае вельмі важныя святы — Дзень ведаў і Дзень беларускага пісьменства. Яны ў календары заўсёды зусім побач, і тут хутчэй заканамернасць, чым выпадковасць, бо без аднаго нельга ўявіць другога, як нельга ўявіць школьніка без кнігі, сучаснасць без гісторыі. Як нельга ўявіць чалавека без Слова, якое, уласна, і робіць яго Чалавекам.

Слова — вялікая сіла. Ад таго, якія першыя словы прачытае па складах ці напіша няўпэўненай яшчэ рукой першакласнік, у многім залежыць будучыня краіны, у якой ён жыве. Ад таго, што ён, стаўшы дарослым, прачытае ў газетах, залежыць тое, якія словы прачытае і напіша ў першым класе яго сын. Замкнёнае кола, якое кладзецца вялізнай адказнасцю на тых, хто са словам працуе.
Мы, журналісты “НГ”, разумеем значнасць гэтай адказнасці. Мы стараемся пісаць так, каб першыя словы, прачытаныя дзецьмі нашых чытачоў, былі “Мір”, “Любоў”, “Чалавечнасць”, “Справядлівасць”, “Праўда”. Мы імкнёмся, каб напісаныя намі словы прыносілі лад у вашы сем’і, спагаду ў вашы думкі, цяпло ў вашы душы. А яшчэ — каб нашы словы дапамагалі вам упэўнена арыентавацца ў гэтым свеце, які імчыць у прасторы з шалёнай хуткасцю і з не меншай хуткасцю сыпле навінамі, падзеямі, знаходкамі, здарэннямі...
Свята беларускага пісьменства людзі, што працуюць са словам, расцэньваюць як творчую справаздачу перад сваім самым строгім суддзёй, для якога і працуюць, — перад сваім чытачом. Нумар “НГ”, які мы прапануем вам сёння, наконадні свята, і ёсць гэта самая справаздача. Мы рашылі даць яе не толькі тым, хто падыдзе заўтра да нашага стэнда ў Шклове, але ўсім сваім сябрам. У сённяшнім нумары сабраны своеасаблівы дайджэст асноўных рубрык і праектаў “Народнай газеты”, якія пастаянныя чытачы “НГ” маюць магчымасць чытаць у “разгорнутым” выглядзе. Чытайце, аналізуйце, дзяліцеся сваімі меркаваннямі з намі. Мы ж будзем працягваць пісаць і працаваць для вас, і вельмі хочацца, каб словамі, якія асацыююцца ў вас з “Народнай газетай” былі “Памочнік”, “Дарадца”, “Сябар” і “Будзем разам!”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter